Затое для яліны, якая не любіць гарачыні i якая сёння заваёўвае сабе ўсё большае месца, робячы нашы лясы змрочнымі, у сярэднім галацэне былі цяжкія часы. На поўдні ў тарфяніках яе пылку амаль не знайшлі. I нават на крайнім паўночным усходзе рэспублікі яліна толькі ў выключных выладках займала да чвэрці ўсіх лясоў. А вось бяроза адчувала сябе добра i на Дзвіне i на Прыпяці. Яе пылок у аналізах нярэдка займае 30 i больш працэнтаў. Вольха любіць вільгаць, цяпло ёй таксама не шкодзіць. Вось чаму альховыя зараснікі былі неад'емнай часткай старажытнага ландшафту. Напрыклад, у сярэднім i ніжнім цячэнні Прыпяці яны часам займалі пераважную частку лясной плошчы. Да чвэрці лясоў прыпадала на вольху i на Віцебшчыне.
Сярэдні галацэн — найбольш спрыяльны час для шыракалістага лесу. Ніколі раней гэтай эпохі, ды i пазней, так часта на тэрыторыі сучаснай Беларусі не сустракаліся ду~ бовыя, грабавыя i букавыя лясы, ляшчэўнікі.
Багатыя ападкі прывялі да ўтварэння балот, павысіўся ўзровень азёр. У цёплых водах хутка развівалася расліннасць i адкладаўся торф.
У познім неаліце адбылося яшчэ большае пацяпленне, але дажджоў стала выпадаць менш, i клімат значна пасушэў. Як вынік гэтага — пачалі мялець рэкі i азёры, a ў лясах узніклі паляны.
Калі для характарыстыкі галацэнавага расліннага свету ў вучоных маецца шмат рэчавых сведчанняў — пылок i насенне раслін, то пра жывёльны свет у мезаліце i неаліце даных менш.
На некаторых стаянках Паазер'я i Палесся сустракаюцца косткі тых жывёл, птушак i рыб, на якіх палявалі i якіх лавілі нашы продкі. Але гэтых знаходак мала, да таго ж аб'ектамі палявання былі не ўсе дзікія жывёлы. Усё ж, разглядаючы гэтыя матэрыялы i ведаючы, што клімат з таго часу карэнным чынам не змяніўся, стаў толькі некалькі больш халодны, можна без памылак сказаць, што відавы склад жывёлін, птушак i рыб у неаліце ў асноўным быў такі ж, як i цяпер. Канечне, пэўныя змены адбыліся: зубры i туры жылі на Беларусі спрэс, сёння ж зубры ёсць толькі ў Белавежскім запаведніку, a апошні ў свеце тур быў забіты некалькі стагоддзяў назад. Затое раней не было некаторых звяроў i рыб, якія завезены цяпер да нас з іншых краін i нават кантынентаў.
Мінулы жывёльны свет быў значна багацейшы на дзічыну i рыбу, чым сучасны. гэта тлумачыцца тым, што яны заўсёды бываюць у адваротнай прапорцыі колькасці людзей i дасканаласці рыбалавецкіх i паляўнічых прылад.
Цёплы клімат у новым каменным веку, мноства дзічыны i рыбы, ці не рай гэта? — падумаеце вы. Можа, гэта быў i сапраўды рай, пра які пісаў Гесіёд? У такім выпадку вы памыліліся. Гэта было ўпартае змаганне за існаванне, быў часты голад, хваробы.
Асабліва вялікія няшчасці чалавеку прыносілі хваробы. I не толькі ўласныя хваробы. Здараліся эпідэміі сярод лясных жывёл, дохла дзічына, здань голаду паўставала перад людзьмі. У першую чаргу паміралі дзеці i старыя. Сярод знясіленага насельніцтва ўспыхвалі эпідэміі воспы, чумы...
Урачамі быў даследаваны шкілет з пахавання каля пасёлка Краснасельскага Ваўкавыскага раёна, якое датуецца пачаткам II тысячагоддзя да н. э. Выявілася, што чалавек пры жыцці меў некалькі хвароб. Ён пакутаваў запаленнем зубоў, меў адклады солей у хрыбетніку, а пaмёр ад захворвання костак. Гэта толькі тыя хваробы, якія ўдалося выявіць па паталагічных змяненнях шкілета.
Тагачасны чалавек меў i іншыя бядоты са здароўем, выкліканыя прастудамі, віруснымі захворваннямі i перыядычнымі недаяданнямі.
Не, гэта было зусім не райскае жыццё.
Дарэмна шукаць рэшткі паселішчаў каменнага веку дзе-небудзь пасярод поля або лесу, далека ад вады. Іx там вы не знойдзеце. Старажытны чалавек сяліўся чым бліжэй да возера або ракі. Тут была рыба, вада для піцця (калодзежаў тады яшчэ не капалі — не было рыдлёвак), заўсёды побач рос лес. Лодкай было зручна з'ездзіць у суседнія вёскі, яны ж таксама стаялі на самым беразе.
Але не кожнае месца каля вады падыходзіла для засялення. Галоўнае, каб яно не залівалася паводкай, каб была выгода для рыбацтва i палявання.
Стаянкі размяшчаліся пераважна на сухіх берагах i грудах на поплаве, ля берагоў старыц i заток, дзе было асабліва шмат рыбы. Рыбныя месцы меліся i каля ўпадзення невялікіх прытокаў.
На такіх зручных участках можна знайсці цэлыя групы даўніх помнікаў. Так, у ваколіцах вёскі Добры Бор Баранавіцкага раёна ix было звыш пяці. Шмат стаянак каля старыц Прыпяці, на берагах Сожа i іншых рэк.