Мяркуючы па знаходках з аднаго старажытнага паселішча на Палессі, тут першынство сярод паляўнічай здабычы займаў дзік—больш 41%. На другім месцы быў лось, затым — зубр, высакародны алень, бобр, касуля, мядзведзь. Пры раскопках былі знойдзены таксама косткі барсука i пясца.
Паляванне давала не толькі мяса. Ca шкур забітых жывёл шылі вопратку i абутак, розныя мяхі i сумкі, ёю часам нават пакрывалі стрэхі жылля. З сухажылляў выраблялі ніткі, з костак i рагоў — прылады працы. Тлушч спальваўся ў каганцах для асвятлення.
Немалое значэнне мела паляванне i на птушак. Іx косткі таксама часта сустракаюцца на старажытных помніках.
Дзічыну забівалі або ранілі стралой з лука, дзідай i дроцікам, рознымі самастрэламі. Выкарыстоўваліся пасткі i сеткі.
Рыбацтва ў некаторых месцах давала мяса не менш, чым паляванне. Найбольш спрыяльнымі для гэтага занятку былі раёны з густой сеткай невялікіх рэчак, азёры са шматлікімі затокамі, старыцы на паплавах.
Харчовыя запасы шмат чым папаўняла збіральніцтва. У не кранутых сякерай навакольных лясах, у неабсяжных балотах меліся невычарпальныя запасы ягад, грыбоў, арэхаў. Іx збіралі як мага больш, каб у доўгія зімовыя месяцы, калі рыбныя вадаёмы скоўваў лёд, а замеценыя снегам лясы менш давалі здабычы паляўнічым, можна было перабіцца з аднаго на другое.
У культурных пластах на неалітычных паселішчах сустракаюцца жалуды. Жалуды, як вядома, гэта добры корм для свіней, але калі ix пераварыць, то яны трацяць сваю гаркаватасць i могуць спажывацца чалавекам. Сушаныя жалуды таўкліся на муку, з якой пяклі хлеб. Знаходзяць археолагі i шалупінне вадзяных арэхаў — смачных i высокакаларыйных пладоў расліны, якая расце ў азёрах. Яна цеплалюбівая i цяпер на Беларусі сустракаецца рэдка, у асноўным на паўднёвым усходзе рэспублікі. У неаліце, калі клімат быў цяплейшы, вадзяныя арэхі раслі паўсюдна.
Паляванне ў старажытнасці — занятак цяжкі i небяспечны. Ён патрабаваў вынослівасці, спрыту i вялікай фізічнай сілы. Першабытны чалавек быў вымушаны паляваць — гэта давала яму магчымасць не памерці з голаду. Узброены лукам i дзідай, ён уступаў у адзінаборства са зверам. I дзе была гарантыя, што пераможцам з гэтай барацьбы выйдзе чалавек!
Вось чаму паляванне было пераважна справай мужчыны. А рыбнай лоўляй паспяхова займаліся i жанчыны, асабліва, калі трэба было лавіць вудай, а не сеткай. У збіральніцтве незаменнымі былі i жанчыны i дзеці.
У канцы неаліту з развіццём земляробства i жывёлагадоўлі значэнне палявання i рыбацтва стала меншаць. Збіральніцтва ж яшчэ доўгі час працягвала існаваць.
У старажытнасці на тэрыторыі Беларусі, як i на суседніх землях, амаль не было дзікарослых раслін, прыдатных для акультурвання. Яны сустракаліся ў Міжземнамор'і i на Блізкім Усходзе, дзе i ўзнікла найстаражытнейшае земляробства. Адсюль яно паступова пранікла ў Еўропу. У паўднёвай частцы сучаснай Беларусі пачатак земляробства датуецца не раней, чым першымі стагоддзямі III тысячагоддзя да н. э., у паўночнай — другой паловай або нават канцом гэтага тысячагоддзя.
Старажытныя земляробы Еўропы вырошчвалі пераважна пшаніцу i ячмень. Значэнне гэтых культур у розныя часы i на розных тэрыторыях было неаднолькавым. Напрыклад, на Брытанскіх астравах, у Цэнтральнай Еўропе i ў Даніі ў неаліце асноўнае месца на полі займала пшаніца, у наступную эпоху, калі пахаладнела, яна ўступіла сваё месца ячменю. На тэрыторыі сучаснай Беларусі, дзе больш суровы клімат, у асноўным вырошчваўся ячмень. Адбіткі яго зярнят былі знойдзены на гаршках неалітычных плямёнаў з тэрыторыі паўночнай Украіны i паўднёваўсходняй Беларусі. На адным з тарфянікаў Віцебшчыны ўдалося знайсці насенне льну. Значыць, i гэта культура ў познім неаліце вырошчвалася нашымі продкамі.
Спачатку земляробства было вельмі прымітыўным. Дарэчы, тут нават сам тэрмін «земляробства» не пасуе, бо глебу тады часам амаль зусім не «абраблялі».