Выбрать главу

Земляробства найперш развівалася не толькі ў раёнах з больш цёплым кліматам, але i там, дзе былі ўрадлівейшыя i падатнейшыя для апрацоўкі землі. Цяжкія гліністыя глебь! Віцебшчыны разам з халаднейшым кліматам, мусіць, сталі прычынай таго, што тут вырошчваць культурныя расліны сталі пазней, чым на астатняй тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Спачатку пад пасевы займаліся невялікія ўчасткі зямлі. Таму палі хутчэй нагадвалі градкі, якія ўзрыхляліся завостранымі палкамі або матыкамі. Каменныя i рагавыя матыкі часам сустракаюцца на старадаўніх помніках нашай рэспублікі. У познім неаліце i ў бронзавым веку распаўсюджвалася ляднае земляробства, якое вымагала высякання i спальвання лясоў. Ускосна аб гэтым сведчыць значнае павелічэнне колькасці сякер, асабліва шліхтаваных, якія часта сустракаюцца на паселішчах i за ix межамі.

Калі ячмень або пшаніца спелі, каласы жалі рознымі сярпамі. Спачатку сярпамі маглі служыць доўгія крамянёвыя пласткі з зазубранымі краямі. Пазней такім прыладам надавалася спецыяльная серпападобная форма. Найбольш складанымі былі састаўныя сярпы, аснова якіх выраблялася з дрэва або рогу, а лязо з многіх зазубраных крамянёвых пласткоў, што ўкладваліся ў паз асновы.

Яшчэ на зары чалавечага грамадства паляўнічыя, бывала, прыносілі на стаянку дзіцянят забітых звяроў. З цягам часу звяркі прывыкалі да людзей. Людзі забаўляліся імі, лашчылі i падкормлівалі ix. Гэта была яшчэ не жывёлагадоўля, а толькі прыручэнне дзікіх жывёл, але першы крок на шляху да жывёлагадоўлі быў зроблены. Калі прыручаныя жывёлы сталі размнажацца ў няволі i калі чалавек пачаў спецыяльна імкнуцца да павелічэння гэтых «жывых» запасаў мяса, тады i ўзнікла сапраўдная жывёлагадоўля.

Калі ўзнікненне земляробства было звязана з адносна невялікімі тэрыторыямі, то ўмовы для асвойвання жывёл існавалі паўсюдна, нават у тундры, дзе свойскім стаў паўночны алень. У тагачаснай Еўропе — у лясах, лесастэпах i стэпах, у гарах вадзіліся дзікія свінні, быкі, коні, козы i авечкі. Многія з гэтых жывёл жылі i на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Такім чынам, калі звычай вырошчвання культурных раслін быў запазычаны з поўдня i паўднёвага захаду ад суседніх земляробчых плямёнаў, то да жывёлагадоўлі нашы продкі маглі дайсці i самастойна.

Свойскімі сталі не ўсе жывёлы, a толькі тыя, якія давалі чалавеку найбольш мяса i шкур i якія мелі больш «ласкавы» нораў. Пры жаданні можна было б выгадаваць i пароду свойскіх ваўкоў, але ў гэтым чалавеку не было ніякай гіатрэбы — ён i ад дзікіх хацеў пазбавіцца. Застаецца пакуль загадкай, чаму не былі прыручаны лось i алень. Можа таму, што цяжкавата было рыхтаваць ім на зіму ежу.

Дарэчы, у тыя далёкія часы на нашай тэрыторыі былі два віды дзікіх быкоў — туры i зубры. Зубр, відаць, меў вельмі няўжыўчывы характар, бо яго не ўдалося зрабіць свойскім. Што ж датычыць тура, то ён стаў роданачальнікам усёй нашай буйной рагатай жывёлы. I хоць сам тур вынішчаны чалавекам да рэшты, затое яго шматлікія акультураныя нашчадкі i сёння прадаўжаюць жыць i паспяхова размнажаюцца.

Лічыцца, што першай прыручанай жывёлай быў сабака. Дзікі сабака i чалавек, відаць, з самага пачатку даволі цярпіма адносіліся адзін да аднаго. У параўнанні з іншымі драпежнікамі гэтая жывёла не была для чалавека небяспечнай. Сабакі яшчэ ў палеаліце прывыкалі жыць каля паселішчаў, дзе падбіралі розныя адкіды. Людзі не праганялі ix, бо гэтыя жывёлы сваім брэхам папярэджвалі набліжэнне чужынцаў або дзічыны. Затым сабакі сталі зусім свойскімі i найбольш прывязанымі да чалавека жывымі істотамі. Сабака быў незаменны на паляванні, незаменны як стораж.

Каб сказаць, які быў статак у нашага продка з канца новага каменнага веку, трэба было даследаваць касцявыя матэрыялы раскапаных помнікаў. На паселішчах Крывінскага тарфяніку (Віцебшчына) былі знойдзены рэшткі кароў, коней, дробнай рагатай жывёлы, свіней i сабак. Такіх жа жывёлін гадавалі i неалітычныя жыхары Палесся, толькі ў ix значна болей было свіней. Гэта i не дзіўна, бо тут у шматлікіх дубняках можна было збіраць для ix корму жалуды.

Калі б чалавек не навучыўся здабываць агонь i не авалодаў ім, то ён i цяпер заставаўся б дзікуном. Значэнне агню немагчыма пераацаніць.

У жыцці старажытнага чалавека агонь прысутнічаў непасрэдна ў выглядзе вогнішча. На ім смажылі мяса, ля яго грэліся халодным часам, каганцом асвятлялі жыллё; агонь выкарыстоўвалі для паходняў. З агнём можна было бараніцца ад найстрашнейшага драпежніка.

Агонь з'яўляўся сябрам першабытнага чалавека, але часам ён рабіўся i яго ворагам. калі грымотны пярун пасылаў на Зямлю свае асляпляльныя стрэлы, калі загараліся лясы i паселішчы. Агонь лашчыў, але калі з ім абыходзіліся неасцярожна, то ён кусаў, бы раз'юшаны звер.