Выбрать главу

Людзі любілі агонь i разам з тым баяліся яго, уражаныя яго надзвычайнай сілай i таямнічасцю нараджэння — з нічога. Яму маліліся як богу i прыносілі ахвяры. Да нядаўняга часу засталіся адгалоскі такога абагаўлення агню — да вогнішча нельга было паварочвацца спіной, пляваць на яго, заліваць яго брудам, класці ў агонь вострыя рэчы.

Адхіляючыся ад тэмы i забягаючы ў часе далека наперад, тут нам хочацца сказаць, што ў нашу эру, а менавіта ў 1820 годзе, было вынайдзена падабенства сучасных запалак — драўляныя пруточкі з сумессю розных хімічных рэчываў на канцы. Калі такі пруточак мачылі ў серную кіслату, галоўка з невялікім выбухам загаралася. Хоць гэта i было вялікае вынаходства, але з тымі выбухамі часта здараліся непрыемнасці. У 1827 годзе англічанін Джон Уолкер змайстраваў запалкі, якія загараліся трэннем аб шорсткую пзперу — «маску». Пасля гэтага яны яшчэ неаднойчы ўдасканальваліся, ажно пакуль не набылі сучаснага выгляду i якасці.

А як жа запальвалі вогнішчы нашы продкі?

Першыя людзі на Зямлі пазнаёміліся з агнём пад час лясных i стэпавых пажараў, якія ўзнікалі ад маланак або пры самаўзгаранні тарфяных балот. Агонь можна было ўзяць i ад дзеючых вулканаў, актыўнасць якіх у пачатку каменнага веку была ў дзесяць разоў большая, чым цяпер. Ад гэтых натуральных крыніц агню i запальваліся першыя вогнішчы.

Агонь падтрымліваўся незгасальным вельмі доўга, таму пры раскопках старажытных помнікаў археолагі часам знаходзяць велізарныя пласты вугалёў ад такіх даўгавечных вогнішчаў.

Бяда, калі агонь згасаў. Цемра i холад прыходзілі да людзей. Добра было, калі непадалёку жыў прыязны народ, які мог даць у доўг часцінку гэтага прыручанага сонца. Вораг жа ніколі агню не даваў. Наадварот, пры ўзброеным нападзе адной арды на другую стараліся патушыць чужы «вечны агонь».

Часам такі незгасальны агонь падтрымліваўся i ў пазнейшыя эпохі, хоць людзі ўжо маглі здабываць яго самі. Але гэта рабілася пераважна ў рытуальных мэтах, бо такому «вечнаму агню» прыпісваўся свяшчэнны характар. Такі звычай існаваў у старажытных грэкаў i рымлян, у славян, германцаў i ў іншых народаў. У Старажытным Рыме свяшчэнны агонь гарэў у храме Весты i ахоўваўся асаблівымі святаркамі — вясталкамі, якія караліся смерцю, калі ён згасаў па іхняй віне. У Грэцыі такая мясціна знаходзілася на востраве Дэлас.

Да распаўсюджання хрысціянства былі «вечныя агні» i ў язычніцкіх бажніцах на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Яшчэ не так даўно на Беларусі ў некаторых сялянскіх печах трымаўся звычай пастаяннага незгасання вуголля, ад якога кожную раніцу запальваўся новы агонь. Нават пры перасяленні ў новую хату людзі пераносілі ў яе агонь сваіх дзядоў i прадзедаў.

Несумненных прылад, якімі наш далёкі продак здабываў агонь, пры раскопках помнікаў каменнага веку на тэрыторыі Беларусі не захавалася. Аб ix характары мы можам толькі здагадвацца, вывучаючы этнаграфічныя матэрыялы.

Першабытным людзям было вядома шмат спосабаў здабывання агню, сярод якіх найчасцей ужываўся спосаб трэння дрэва аб дрэва.

Відаць, яшчэ ў палеаліце пры свідраванні розных адтулін i пры іншых работах было заўважана, што трэнне выклікае награванне рэчаў. Так чалавек на практыцы пазнаёміўся з вядомым нам фізічным законам. I вось пры нейкіх асабліва спрыяльных умовах ад трэння i адбылося ўзгаранне дрэва.

Ніколі мы не даведаемся, хто першы здабыў агонь, дзе i калі канкрэтна гэта адбылося. Мы можам толькі ўявіць сабе радасць першабытнага чалавека, калі ён стаў уладаром агню, Гэта падзея была чарговай, але надзвычай важнай прыступкай у той лесвіцы развіцця грамадства, па якой чалавецтва падымалася да цывілізацыі.

З дапамогай свідравання агонь здабывалі паўсюдна. Зазначым, што найбольш прымітыўны і, мабыць, нязручны прыём — свідраванне з дапамогай далоняў рук, якімі круціўся пруток, строма прыстаўлены да дошчачкі. Так цяпер здабываюць агонь, напрыклад абарыгены Аўстраліі i некаторых астравоў Ціхага акіяна.

Больш дасканалым з'яўляўся спосаб «высвідроўвання» агню з дапамогай лучка, цеціва якога абкручвалася вакол строма стаячага прутка, што з дапамогай каменнай або касцяной муфты прыціскаўся да гарызантальнай дошчачкі з выдзеўбанымі ямкамі. Часам для ўзмацнення трэння ў ямку клалася некалькі пясчынак. Цікава адзначыць, што сярод некаторых эскімоскіх плямёнаў меўся звычай прыціскаць муфту не рукой, a зубамі.

Калі з лучком можна было абыходзіцца i аднаму, то для здабывання агню спосабам раскручвання прутка вяровачкай патрабаваліся не меней як два чалавекі. Адзін утрымліваў дошчачку i строма прыціснуты да яе пруток, другі ў супрацьлеглыя бакі пачаргова тузаў вяровачку, на канцах якой былі прывязаны костачкі.