Выбрать главу

* * *

Сустракаеш думку, падобную да тое, што i цябе раней наведала, нядаўна i даўней, якую ты i запісаў. Прыемна i разам з тым боязна, ці не палічыць хто цябе потым плагіятарам, сустрэўшы тую думку ў кагосьці іншага, запісаную так даўно, ажно ў шаснаццатым стагоддзі.

Вось у Паскаля цяпер пра тое, што мы жывём мінулым i будучым, найменш дбаючы пра наша сёння. Прыемна, аднак, што i табе прыходзяць думкі, якія прыходзілі вялікім, i так ужо даўно, хоць i не даўней за тых, што жылі ды думалі ў глыбейшых па даўнасці эрах.

* * *

«Не вялікай трэба асветы, каб мець здаровую думку».

«Nie wielkiego potrzeba mieć wykształcenia, by mieć zdrową myśl».

Я — з польскай, Жаленьскі-Бой з лацінскай, а тады Сенека сам:

«Paucis opus est litterys ad bonam mentem».

I на сотнях іншых моў змест аднолькава мудры.

* * *

«Багатай скрыні пані». Тут i пасажны куфар, i скрыня наогул, скажам, ужо не з уборамі, а з мукой, калі ўжо нявеста добра ўгаспадынілася.

Дазволіўшы сабе гэта, можа, i як наватвор, успомніў тое, што ўчора бачыў, гартаючы куплены днямі фальклорны том «Гульні, забавы, ігрышчы».

Ходзіць пятух па вуліцы. Скукарэчыўся. — Ці ты ножку зламіў, ці скалечыўся?

* * *

Добры вечар, добры вечар! Добры вечар, талака! Да ўхараводзьжтка Ты нас гэценькі вечар.

У трэцім радку падкрэсленае слова свавольнаёмкае, хоць i цяжка яго за першым разам вымалаць языком, затое ж у чацвёртым радку «гэценькі» — цуд пяшчотнасці. Жаночай.

А вось i вясёлае, таксама ў жанчын:

Гаварылі, сват багаты, А яны пяшком прыйшлі, Маладога ў мяшку няслі, А свата — у карзіне, Каб не з'елі свінні.

Або i такое, у дзіцячым свавольстве гульні:

Мужык — Вожык, Украў ножык, Купіў мыла, Памый рыла.

Так яно — адхіліўшыся ад Паскаля, які ў сваёй каталіцкай набожнасці бачыцца i нуднаватым.

* * *

Прачнуўся ў тры, паныў у цемры i ўспомніў, што можна пачытаць у «Полымі» Жука. I прачытаў яго «Сны пра маму». Свежы боль. I думаецца, якая ўсё гэта лухта, марнота з супермоднымі акрэсленнямі жанраў плыняў, выбрыкаў, чым займаюцца некаторыя з маладых, ад бездапаможнасці ў пошуках нахапаўшыся «вучоных» тэрмінаў. Жыццё i душа! Гэта i відаць у Алеся.

Такое ўспомнілася з «Атлантаў i карыятыдаў», дзе i Шамякін, у раздзелах пра смерць маці, узышоў быў на сапраўднае.

* * *

Незлічонае мноства дробязей. Можна ix пазнаваць, не пазнаваць, зноў пазнаваць — усё роўна для пазнавання ix не паменшае. Толькі што цікава.

* * *

Яшчэ не ўмеючы чытаць, я часта гартаў батата ілюстраваны том «20 тысяч лье под водою», з толькі што — скажам цяпер, здалёк — абуджанай цікавасцю ўглядаўся ў голага чалавека, які свабодна плыве сабе ў вадзяным глыбінным бязмежжы. Потым мне сказалі, што ён называецца капітанам Нэма. I вось толькі цяпер, праз акіянскую тоўшчу пражытых гадоў — такое простае: пето — па-лацінску — ніхто. I гэта не пра нікчэмнасць, а пра ўсясветнасць чалавека: так мне бачыцца. Цёпла, з журбінкай згадваючы тага, да светлай сцішнаты незвычайнага плыўца ў невымернай, спакойнай, светлай вадзе.

* * *

Успаміны Насовіча.

Ягоная «трасянка», у параўнанні з сённяшняй, усеагульнай, выглядае бязгрэшнай, ці што, бо й не трасянка гэта, а цытаванне роднага, што i хораша падмацоўвае плынь апавядання, i дапамагае ў разгадванні прычыны захаплення гэтага магілёўскага паповіча родным словам.

I што тут дзівіцца таму, што ў яго пачалося ледзь не з канца XVIII стагоддзя, але не стала нацыянальнай свядомасцю i за тры чвэрткі XIX, калі такія эрудыты, як Адам Багдановіч i Яўхім Карскі, i ў наша стагоддзе ўвайшлі з няпоўнай яснасцю ў нацыянальным пытанні, нібы прыглядаючыся збоку: ну, што ж тут у ix атрымаецца з гэтай беларускасцю?..