* * *
Купала, поўнае выданне, першы том.
«Аўтарцы «Скрыпкі беларускай»:
Прыблізнае рыфмаванне ідзе ў яго i ад народнага, i, часткова, ад польскай паэзіі таксама.
«Куды ты рвешся»:
I не здаецца, што гэтыя «лапаці» — дзеля памеру, нават прыемна такое, убачанае ўпершыню.
У каментарыях: «У пазнейшых прыжыццёвых выданнях не друкаваўся». Даволі часта гэта паўтараецца. Дваякі падтэкст: ці тут патрабавальнасць аўтара, ці іншая, знешняя «патрабавальнасць»? У паасобных выпадках у карэктуры аўтарава прыпіска, адрасаваная друкарні: «Выбросить, а наборъ оставить». А набор жа тады быў ручны, i працы людское шкада, i надзея на пазнейшае надрукаванне жыве ў паэтавай душы.
«Разлад»:
Можна падумаць або сказаць, што лепш прыдалося б закрашана, аднак тут бачыцца не толькі чырвонае, кроў, але i... мяса, целы забітых. Жудасней даходзіць.
...Выгадаваць дачушку i здаць яе,— як сына ў салдаты, там на здзек начальству, на ваенную кроў i смерць,— а тут на службу ў панскі двор ці ў чужую, багатую гаспадарку... Ніколі, здаецца, не адчуваў гэтага, бацькоўскага, так балюча, як цяпер, над Яго старонкамі...
* * *
У «Крыніцы» Вацлаў Гавал. Памылюся, відаць, аднак узнікла чамусьці думка, што i тут, чаго добрага, нацяжка, як з творчасцю другога драматурга — Кароля Вайтылы.
I памыліўся, што не цяжка было i прадбачыць. I даты яго жыцця, i п'еса «Аўдыенцыя», i прамовы ў высокіх людзях (Парыж, Афіны), i перад «мілымі прысутнымі» ў родным Аламаўцы, нарэшце, i артыкул Ірыны Шаблоўскай на першы раз далі нямала для знаёмства. Кажу: на першы раз, бо, уласна кажучы, чытаў дагэтуль толькі штосьці адно ягонае, у «Иностранной литературе», што i не надта запомнілася. Мала i гэтага, што сіламі траіх нашых чэхістаў дала «Крыніца», аднак пачатак адчувальна зроблены.
Глыбокія рэчы Гавал гаворыць так проста, ясна, што нашым мудрагелям — у адным i тым жа нумары часопіса — варта было б пакарыстацца добрым прыкладам, каб змоладу адвучвацца ад туманнага тарахцення тэрмінамі i спадзявання на падтэкст.
* * *
Уважлівае, зацікаўленае знаёмства з добра, з адборнага зерня складзенай кімсьці анталогіяй паэзіі аднаго народа ці народаў некалькіх дае табе магчымасць i права сказаць, што ты тую паэзію пазнаў, няхай не поўнасцю колькасна, але па якасці дастаткова.
Тое самае i з філасофіяй, з выдатна складзенай анталогіяй агульналюдской мудрасці. I я, знаёмы з такімі анталогіямі, дзякуючы Талстому (яго «На каждый день», «Круг чтения», «Путь жизни»), магу перш за ўсё радавацца ў душы, а то i гаварыць пры адпаведнай патрэбе, што я знаёмы з чалавечай мудрасцю, выпрацаванай, выпакутаванай, народжанай азарэннем на працягу многіх стагоддзяў у самых розных кутках Зямлі, на шматфарбным мностве моў.
Запісаць гэта захацелася ад той старонкі ў томе «На каждый день», дзе гаворыць Паскаль, якога я нядаўна чытаў па-польску, у ягонай кнізе, а цяпер, як новае, чытаю з паметкай «По Паскалю», упэўнены, што рускі мудрэц сваім пераказам мудрасці француза цэльнасці яе не парушыў, на свой лад ні ў чым не перавёў
* * *
«Записки янычара» Канстанціна Міхаловіча з Астравіцы.
На Косаўскім полі туркі перамаглі сербаў, султан Мурад i ягоны сын Мустафа былі забітыя, але другі сын Мурада, Баязід, i перамог, i ўзяў у палон князя Лазара i ваяводу Каіміра. Трэба трохі кантэксту, каб надежна пачулася тое, што мяне ўразіла:
«И тогда сказал Баязид князю Лазарю: «Вот видишь лежащих на носилках моих брата и отца. Как ты мог противиться ему?» Князь Лазарь молчал. А Каимир воевода сказал: «Милый князь, отвечай султану, умная голова не пень от вербы, чтобы выросла второй раз».
Далей была i мужнасць, i жорсткасць, якое i ў часе тым, i ў кнізе многа. Аднак мяне, можна сказаць, i ўразіла дэталь з вярбовым пнём, якая цераз тоўшчу некалькіх — сербскай, чэшскай ці польскай, бо дагэтуль не ўстаноўлена, на якой былы янычар пісаў— заблішчала залацінкай народнага таленту, дарэчы — адзінай такой ва ўсім змястоўным i цікавым сярэдневяковым тэксце.
* * *
Як далёкі, ледзь чутны, хвалююча доўгачаканы погрымак, вяшчун вельмі патрэбнага дажджу, адчуў я стрыманы водгалас мастацкага слова...