* * *
Па радыё, у выкананні Шырмавай капэлы:
«Святый Боже, святый крепкий, святый бессмертный— помилуй нас!..»
Уявіўся натоўп гарадскіх навабранцаў, нейчых, у нейкіх сем'ях — хлопчыкаў, якім праз год будзе i наш Міша, унук. З мамінымі клункамі яны i з сумам ці адчаем на тварах.
Як тыя, якіх дзесяткамі, сотнямі б'юць штодзённа ў Чачні...
* * *
Пры Польшчы. Мірскі суддзя Рассудоўскі (нібы псеўданім, а не сапраўднае прозвішча), пра якога весела гаварылася ў нашым Загоры. На адным судзе ў яго, як на спектаклі, пабыў аднойчы i я. Спецыяльна зайшоў з кірмашу.
— Ты што ж гэта — дзіця ёй прыжыў, а замуж не бярэш?
Адказчык у хромавых ботах, дый сам фартовы дзяцюк. А яна, што падала на суд, ужо i абабілася ў такім клопаце ды ганьбе.
— Чаму гэта не бяру, пане сэндзя пакою? Бяру!
— Aгa, бярэш! Як цяпер, перад панам сэндзяй, дык ты бярэш, на судзе. А потым будзе зноў...
Дзябёлы, вусаты, з добрай беларускай мовай пан сэндзя пакою вырашае справу як мудры міратворац:
— Ідзі, брат, ды бяры яе. Любіліся дагэтуль, дык любіцеся i далей... Кто там настэмпны?
Апошняя фраза на мове службовай.
Другая судовая справа, пра якую мне ўжо ў вёсцы весела расказалі, пачалася таксама з пытання, яшчэ карацейшага:
— Ну што, украў гусака?
I няма ўжо тым часам у каго спытацца пра таго, хто мне нагадвае нечым i Вінцука Дуніна-Марцінкевіча, i Мельхіёра Ваньковіча...
* * *
Ман, «Доктар Фаўстус».
Свабода ў мастацкай павольнасці, поўным праве гаварыць грунтоўна i няспешна, што я рассмакаваў яшчэ ў «Іосіфе i яго братах». Гавару як хачу, i нікуды вы не дзенецеся, будзеце слухаць мяне, плысці са мною, куды я хачу.
Мне прыемна i тое, чытаючы, што помніцца i дом Будэнброкаў у Любэку, i дом ягоны ў Нідзе... Добра таму, хто назапасіў трохі ўражанняў!..
Не-не дый любуюся Сёмухавымі моўнымі знаходкамі ў гэтым вельмі нялёгкім, пра што ён i сам гаварыў, дадаўшы, «але ж i вельмі цікавым» перакладзе.
* * *
Сёння ўжо ў мяне пісьменніцкага звання не адбярэш, што зроблена мною — зроблена. A толькі вось зноў я жыва адчуў той балючы страх, які наведваў мяне ў самым пачатку юнацтва,— страх, што без літаратуры, без майго ў ёй удзелу, я — нішто... Чаму ж мне i сёння стала так горка i страшна, як быццам зноў у мяне анічога няма, нават надзеі, як у пачатку?..
* * *
Выступіў з добрым артыкулам, у подпісе пад ім для падмацунку абвесіўшы сваё імя цэлым абярэмкам званняў ды прэміяў.
* * *
Самюэль Джонсан:
«Я ніколі не адчуваў жадання пагутарыць з чалавекам, які напісаў больш, чым прачытаў».
* * *
Самы пачатак кастрычніка, некалькі начных прымаразкаў — i ўжо не толькі наша ліпа пасыпалася так хутка пажаўцелай лістотай, але i прыдарожны дуб, што найбліжэйшы нам успамінамі пра знойдзеныя пад ім баравікі, таксама неўпрыцям азалаціўся.
Жонка неяк сказала, што, каб яна была пісьменніцай,— ой, як хораша напісала б пра свае адчуванні ў лесе!..
Я таксама хацеў бы гэтага шчасця. A толькі ўспамінаю, як яно ў мяне бывала.
* * *
Гэта лянота, старэчая немач ці проста добра памаўчаць, падумаць, падрамаць?..
«Мозг устал»,— скардзіўся ў сваім апошнім годзе Леў Мікалаевіч, i ў ягоным выпадку гэта зусім зразумела.
Аднак ці было ў яго столькі страху, колькі перажылося намі, ці ведаў ён i такую стому?..
* * *
Ад завірухі ў нас i ў Расіі — зноў думка, што найбольш адпаведнага часу, каб заняцца толькі мастацкай творчасцю, не трэба чакаць, галоўнае — гэтую творчасць — адкладаючы «на лепшы час», калі можна будзе не маўчаць.
* * *
На коласаўскай канферэнцыі, з выступления Міхася Мушынскага, здаецца, упершыню пачуў, што «стрэльбы, хлопчыкі, бяры!» — пазнейшае, вымушанае цэнзурай, рэдактурай ці, чаго добрага, i ўласнай стараннасцю аўтара. А першапачаткова было не стрэльбы, а бомы. Як жа гэта лепш гучала — з натуральнай зброяй лесарубаў плытнікаў, наогул землякоў народнага (у галоўным значэнні, не знешне тьпульным) паэта!..
...Думалася i пра тое, што класавая барацьба з панамі за зямлю мела i свой працяг агіднай крывавасці ў суседскіх, нават i ў сваяцкіх, брагніх бойках за пераараную ці толькі паварушаную гранічную баразну, што мы ў дзіцячай i юнацкай рэальнасці бачылі раней, чым у марксісцкіх талмудах.
* * *
«Працую над вершам». I саліднасць, i гонар у такой заяве. I неяк няёмка чуць такое: гэта — праца? Можа, таму няёмка, што верш той, як большасць ix у гэтага аўтара, будзе слабы?.. Дый наогул — справа тут, можна сказаць, інтымная, не настолькі ў працы яна, як у таінстве.