Выбрать главу

* * *

Учора, звонячы ў Мінск, папрасіў дачку прывезці тамы Якуба Коласа з апавяданнямі. Захацелася ix, успамінаючы шэрую кніжыцу «Родныя з'явы», афармленнем падобную на «Рунь» Максіма Гарэцкага. З маёй першай вясковай бібліятэкі, што не змяшчалася сваім трохмоўем на самаробнай этажэрцы.

...Апавяданняў з 1906-1917 гадоў значна менш за тыя, што напісаны, як значыцца на тытуле, у паслякастрычніцкі перыяд. Дачытаўшы першыя, да другіх адразу не пацягнула, не ведаю, ці пацягне i крыху пазней, бо выразна адчулася, што я захацеў вярнуцца іменна ў ранні, зусім свабодны час творчасці Тараса Гушчы. I варта, i трэба было гэта зрабіць, хаця б з-за «Маладога дубка» i «Наша сяло, людзі i што робіцца ў сяле...» — яркага, глыбокага апавядання i светлай, шчырай заяўкі няхітрым нарысам на пачэснае месца ў сапраўднай літаратуры i мастацкай прозе.

...На машынапісе дзвюх маіх аповесцей, пасланых з партызанскай пушчы ў Маскву, з кароткім адрасам: «Саюз беларускіх пісьменнікаў, Максіму Танку», былі не надта шматлікія паметкі тых, хто мяне прачытаў да вызвалення Мінска i майго прыезду на працу ў газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну». Былі пытальнікі i клічнікі, нават i чырвоным алоўкам, аднак цяпер мне прыгадаўся прыгожы почырк Максіма Лужаніна з такім суровым прысудам: «Поўнае няведанне ўмоў часу i патрэб часу».

Былі пасля i добрыя водгукі старэйшага сябра, з якім пяць гадоў працаваў у адной рэдакцыі, дзе i з почыркам яго пазнаёміўся, нічога не сказаўшы яго ўладальніку пра той прысуд. Ды вось жа зноў успомнілася i найранейшае, i яшчэ два водгукі, у цэлым станоўчыя, але i з падтэкстам. Прачытаўшы ў рукапісе мае «Птушкі i гнёзды», ён ухваліў ix у выдавецкай рэцэнзіі, аднак i намякнуў на «ўважлівае прачытанне Пруста» i падобных яму (не памятаю прозвішчаў) тэарэтыкаў ды практыкаў «патоку свядомасці», што ў мяне выклікала вясёлае недаўменне, а выдаўцоў магло i насцярожыць рэцэнзентавым намёкам на такое адхіленне ад сацрэалізму...

Трэці падтэкст мог бы пайсці тут i зусім асобна. Таксама ў выдавецкай рэцэнзіі, зноў жа пахваліўшы мяне за «Ніжнія Байдуны», Максім, дарэчы, сакратар пры Коласе, даволі тонка падсунуў i меркаванне пра пэўнае падабенства мае рэчы да Коласавага «Наша сяло...».

Нядаўна я выбарачна перачытваў польскі пераклад «Ніжніх Байдуноў», таленавіта зроблены Янам Гушчам, а таксама i яго даўгаватае пасляслоўе да тонкай кніжкі. Ён называе маю рэч не аповесцю, а хутчэй кнігай свабодных гавэндаў, да якіх, пісьмом папрасіўшы мае згоды, далучыў у канцы i апавяданне «Гуртавое». Успомнілася, калі перачытваў гэта, што i Валодзя Караткевіч у эсэ пра мяне наконт пахваленых ім «Байдуноў» сказаў, што «ніякая гэта не аповесць». Пры ўсёй павазе да маіх паляка i беларуса, я тут не задумваюся, на ўсе грудзі выдыхнуўшы даўно i шчыра, a ў нечым i захоплена сабранае памяццю з як найбольш натуральнай свабодай,— у гэтым галоўнае.

Колас, Лужанін, Гушча, Караткевіч... A быў жа яшчэ нестары літаратуразнавец, які на абмеркаванні новых празаічных твораў спытаўся ў мяне, ці чытаў я Міхаіла Аляксеева, «Хлеб — имя существительное». Не ведаю, ці ён паверыў мне, калі я сказаў адмоўна, але адразу пасля паседжання я спусціўся ў бібліятэку Дома літаратара, папрасіў тую кнігу i дома неадкладна прачытаў. Што ж, у кожнага тое, што цяпер найчасцей называецца «малой радзімай», дае яму права на любасць i наймудрэйшую выснову: «Мая мама лепшая за ўсіх». Нямала ўжо такіх кніт у сусветнай літаратуры, i будзе ix яшчэ больш, i чытацца будуць яны з патаемнай i адкрытай удзячнасцю, а то яшчэ некаторыя i перачытвацца.

Нядаўна на старонках «Нашай нівы» другі літаратуразнавец, значна маладзейшы, з наіўнай просталінейнасцю з прачытанага адкрываў, як гэта ў савецкія часы беларускія пісьменнікі павінны былі пісаць толькі тое, што патрабавала камуністычная ўлада. «Нават адпаведная разнарадка тэмаў i вобразаў існавала...» Во як, нават i вобразаў!.. Юнаму тэарэтыку такая спрошчанасць, можа, i даравальная, а вось што я, стары, абстраляны практык, паспяшаўся акрэсліць зусім i не зусім свабодны час Коласавай творчасці на «да» i «пасля» кастрычніка, дык гэта ўжо дарма. Свабодны выбар тэмаў i вобразаў у Коласавых апавяданнях i, так сказаць, курскага, настаўніцкага перыяду, i наогул дваццатых гадоў адчуваецца з поўным даверам. З заслужанай пашанай бачыцца сталасць мастака, культура яго слова. За спелай прозай адчуваецца i свежая паэзія вершаў, «Новай зямлі», «Сымона-музыкі». A ўжо недзе далей, дый не так далека наперадзе будзе трагедыя літаратурнага прыгону, пляга рэпрэсіяў ўсемагутнага камуністычнага тэрору — той час, калі ён, Колас, «тры гады спаў не раздзяваючыся», пра што нам, трупе маладых, расказваў вясной 1953-га ў Каралішчавічах.