Выбрать главу

Глыбей ісці няма куды,— ты на самым надзейным грунце роднай зямлі, найважнейшай усенароднай справы, адгэтуль усё-ўсенька ўбачана, адчута, улічана, толькі з такога падмурка, з такое цвердзі можна ўздымацца, стартаваць.

А партызаны ў тым паядынку маўчаннем перамаглі. Засада карнікаў «не дачакалася» ix, пайшла адтуль напуста.

Галоўны разведчык, той малады, яшчэ ўсё нямоглы ад карэльскіх ран настаўнічак, той паэт у душы, у садзе тым, як i ў Оршы, адчуў свой галоўны вузел, сваё прызначэнне — яшчэ раз.

Трэцім вырашальным момантам як найяснейшага бачання, яшчэ адным вузлом на жыццёвым шляху бачыцца мне i тое, што ў раздзеле «Полымя», адным з наймацнейшых у кнізе «З нялёгкіх дарог».

Полымя роднага ачага, з маленства роднай печы, перад якою нясе сваю нястомную службу маці, у якой палаюць сухенькія, бацькам назапашаныя дровы, нязгаснае полымя дружнай i працавітай сям'і. Як гэта добра бачыцца ў сталасці! Сям'я, адчуванне яе,— прадзеды, дзяды, бацькі, мы самі, нашы дзеці, унукі, праўнукі. Цэласць, бясконцасць, вечнасць жыцця, першааснова роднай гісторыі. I шчасце наша, i грунтоўная школа, i ўдзел у сыноўнім служэнні.

Хай будзе блаславёнай сённяшняя маладосць з яе крынічнай прагай нацыянальнага адраджэння, няхай жывуць i множацца святыя парывы нашых юнакоў i дзяўчат — тых, што i любяць многа, i нямала патрэбнага ведаюць!..

A зблізку бачачы такіх, як Фёдар Янкоўскі, чытаючы яго кнігі — сапраўднаю роднай мовай, разумна пра родную мову — добра, з гордасцю i верай думаецца: нам ёсць што любіць, ёсць што абараняць. Слова яго, шчырасць яго, вернасць яго можна браць у дарогу, як спрадвеку бярэцца хлеб.

1998

Пераклічка

Пачну з даведкі, нібы з эпіграфа да развітальнага слова пра сябра:

«Жыдліцкі Вацлаў (н. 16.IV.1931), чэшскі літаратуразнавец i перакладчык. Доктар філалогіі, прафесар Карлава універсітэта ў Празе. Даследуе гісторыю беларускай i ўкраінскай літаратур, ix сувязі з чэшскай літаратурай, чытае пра ix курс лекцый ва універсітэце. Аўтар прац «Украінская i беларуская літаратура ў чэшскіх перакладах», «Даследаванні па гісторыі чэшска-беларускай супольнасці», «Кароткі нарыс гісторыі беларускай літаратуры» i інш.

На чэшскую мову пераклаў кнігі «Я з вогненнай вёскі...» А. Адамовіча, Я. Брыля i У. Калесніка, «Хатынская аповесць» A. Адамовіча, «Птушкі i гнёзды», «Ніжнія Байдуны» i «Апошняя сустрэча» Я. Брыля, «Абеліск» i «Дажыць да світання» В. Быкава, «Дзікае паляванне караля Стаха», «Нельга забыць», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» i «Чорны замак Альшанскі» У. Караткевіча, «Данута» А. Карпюка, «Мсціжы» I. Пташнікава, «Сэрца на далоні», «Гандлярка i паэт» I. Шамякіна, асобныя творы Ц. Гартнага, К. Чорнага i іншых. Уклаў анталогію сучаснай беларускай паэзіі, аднатомнікі Я. Купалы, М. Танка i інш., напісаў да ix прадмовы ці пасляслоўі».

Узяў я гэта, трохі падціснуўшы, у Адама Мальдзіса, з другога тома «Энцыклапедыі літаратуры i мастацтва Беларусі».

А далей — пра перажытае.

* * *

Ліпеньскі тыдзень у Мінску.

Увечары пазваніла з Прагі наша вядомая журналістка Алена Ціхановіч. Павітаўшыся, сумна сказала, што Вацлаву Жыдліцкаму рабілі аперацыю на сэрцы i ён у цяжкім стане... Спатрэбілася паўза, абаім, пасля якой Лена перайшла на службовае: папрасіла сказаць кароткае слова пра дзённік Міхася Дубянецкага, абнародаванне якога пачалося друкаваннем у «Полымі», а закончылася некалькімі перадачамі па радыё «Свабода».

Слова тое я ёй падыктаваў на запіс адразу, а напісаць цяжка прадуманае пісьмо змог толькі на чацвёрты дзень, перад ад'ездам на далёкую дачу на Міршчыне.

«Дарагі Вацлаў!

У нашай цудоўнай надрэчнай ды прылясной глухамані, у цішыні ды самоце многа думаецца пра перажытае, пра сустрэчы з найбліжэйшымі з людзей... Для мяне, для Ніны Міхайлаўны, для ўсёй нашай сям'і гэта i Ты — адзін з такіх людзей, чыя абаяльная чалавечнасць дапамагае паўнацэнна жыць, адчуваць сябе абдораным шчасцем сапраўднай дружбы.

Мы часта думаем пра Цябе, успамінаем многае, у тым ліку i Тваё леташняе гасцяванне ў Мінску i ў нашым доме.