Усяго Табе добрага!»
Адказу я, можна сказаць, не вельмі спадзяваўся, думаючы пра ягоны стан, ды тут галоўнае, каб мой сігнал дайшоў, быў яму перададзены.
Лена пісала мне праз два тыдні:
«Сёння званіла сп. Жыдліцкаму, хацела пацікавіцца яго здароўем. Мне зноў адказала жанчына, што пан Жыдліцкі пасля аперацыі сэрца, пакуль слабы, але мой прывет яна яму перадасць.
Бывайце як мага больш здаровы».
Можа, гэта будзе неяк залішне эпісталярна, аднак i далей хочацца выкарыстваць пісьмы, не пераказваючы ix.
Вось толькі што напісаў:
«Крынічнае, 21. VIII
Мілая Лена!
Пра Вацлава я пачуў пазаўчора, па вячэрняй «Свабодзе». Думаў, будзе потым трохі больш. Не было... У мяне пакуль што «закрамянелае сэрца», як гаворыцца пра мужчын у такіх выпадках. Больш за сорак гадоў нашай дружбы... I пісаў пра яго, i буду пісаць, пакуль мне бачыцца толькі ягоная ўсмешка... Ён жа быў у Мінску ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада, за стал ом у нашай хаце ўсміхаўся: «Піць мне не можна, але ж i хочацца...» А на вечары ў бібліятэцы Дома літаратара мы разам, два міжнародныя дзяды, любаваннем ды пахвалой даводзілі да чырвані шчочак красуню Вераніку Стральцову, дачку незабыўнага Міхася, па бацьку таленавітую ў літаратуразнаўстве.
У яго два сыны, Гонза i Далібор, у 1967-м яны гасцявалі з бацькам у нас, вазіў ix па Наваградчыне. Я тады захапляўся фатаграфіяй, i яны ў мяне, пацешныя хлопчыкі з усмешлівым бацькам, на многіх здымках. A дарослымі я ix не бачыў, хоць двойчы, у
1979-м i 1980-м, быў у Празе. Не ведаю, як, на якой мове з імі трэба гаварыць або як ім пісаць, маючы толькі бацькаў адрас i нумар тэлефона.
Ці не можаце Вы, Лена, неяк дапамагчы мне? Куды пойдзе Вацлаваў архіў? Мноства ягоных пісьмаў да мяне я здаў у адзін з двух архіваў,— не памятаю i не магу тут праверыць, у акадэмічны ці ў дзяржаўны, яны там у надежным захаванні. A які лес чакае мае пісьмы яму?.. Чэхі народ культурны, акуратны, Жыдліцкі асоба значная, аднак ведаць хацелася б больш ды канкрэтней. Прабачце, што нагружаю Вас просьбай, аднак не магу прыдумаць, да каго б звярнуцца...»
Крыху пазней прыйшло пісьмо ад незнаёмай Галіны Бінавай, украіністкі з Брноўскага універсітэта, раней пражскай студэнткі Жыдліцкага, якая была пры ім да скону. Гэта, відаць, яна адказвала на Леніны званкі. Перакладаю з рускай мовы:
«...Вельмі шкадую, што даводзіцца пісаць Вам з такой сумотнай нагоды. 18 жніўня, каля 2З гадзін памёр Вацлаў Жыдліцкі. Апошнія шэсць гадоў ён быў вельмі блізкім мне чалавекам. I вось яго няма. Як страшна i несправядліва. У душы такі вакуум, які, ведаю, нікім i нічым да канца майго жыцця не запоўніцца...
12 ліпеня ён перанёс цяжкую аперацыю, якая ішла 7,5 гадзін. Божа мой, колькі болю ён выцерпеў у першыя дні пасля аперацыі! Ды аказалася, што толькі дзеля таго, каб прадоўжыць сабе жыццё на месяц. Пасля аперацыі вельмі аслабеў, але спакваля мацнеў, адчуваў сябе лепш. I раптам увечары 18-га прыйшоў крызіс. I хоць я адразу ж выклікала «хуткую», рабілі ўсё магчымае — беспаспяхова.
Ведаю, што Вы былі з ім блізкія. Ён з вялікай цеплынёй часта гаварыў пра Вас i Вашу жонку, успамінаў сустрэчы з Вамі, чытаў Вашы пісьмы, пераглядаў фотаздымкі. У апошнія тыдні перад смерцю ён штодня званіў Вам, хацеў павіншаваць з юбілеем, але, на жаль, так i не дазваніўся. Меркаваў, што жывяце на дачы. Так на стале каля тэлефона i застаўся яго блакнот з Вашым нумарам тэлефона. Цяпер, хоць i ca спазненнем, выконваю гарачае жаданне майго Вацлавічка i віншую Вас, Іван Антонавіч. Будзьце здаровы i ўспамінайце яго. Гэта адзінае, што нам засталося. У нашай памяці ён будзе жыць i памрэ толькі разам з намі.
...Насылаю Вам i Вашай жонцы паклон ад Яна i Далібора, сыноў Вацлава».
Як было ў свой час з адыходам Міхала ЗабэйдыСуміцкага, спадарыня Галіна прыслала мне надрукаванае жалобнае паведамленне ўсім блізкім, сябрам i знаёмым, што «назаўсёды адышоў наш любімы тата, дзядуля, брат, дзядзька i свёкар». Пасля пераліку сыноў, сястры з сям'ёю, унукаў, нявесткі — значыцца i дацэнт, доктар Галіна Бінава.
Зноў Лена Ціхановіч:
«...Ваш ліст атрымала 9 верасня. Я напісала вам раней пра развітанне — у памяць кампутара, але пакінула на потым, каб вярнуцца. Вось з той памяці:
Вацлаў Жыдліцкі памёр 18 жніўня. Адразу пасля патопу ў тыя дні ў Прагу прыйшла вялікая спёка. Тое месца, куды перабраўся сп. Жыдліцкі, было часткова затоплена, вада заліла i бліжэйшую станцыю метро — Андал.
Развітанне было ў Страшніцкім крэматорыі ў пятніцу, 2З жніўня ў 15 гадзін. Месца ўрачыстае — вербы, туі вечназялёныя, а побач агонь у свяцільніках гарыць... Там жа недзе ў братняй магіле пахаваны i Тамаш Грыб.