Выбрать главу

Скублі курэй амаль увесь вечар. Я памагаў таксама. I Маня жартавала з мяне:

— Можа, дома не скуб, га?.. — дапытвалася і неяк хораша, з мройвай бліскавак у вачах пасміхалася. — Во, навучышся тут — умець будзеш курак скубці!

Мне падабаліся і гэтыя яе жарты, і агняна-стрыманы смех, шчыры й крышачку наіўны — жаночы смех. I наогул усё мне ў ёй падабалася!

Чуваць было праз адчыненае акно, як барабаняць паілкамі бабры — аж пунька звініць. У хаце душна. Я прыслухоўваюся да вэрхалу. Чым жа яны так занепакоены, бабры?..

Выйшаў паглядзець. Здаўмеўся чым — паразлівалі ваду і прасілі новай. Наліў вады ў паілкі, накідаў зверху вярбовага голля — раскашуйце, чэрці! I ўжо хацеў вяртацца ў хату, як у пуньку ўвайшла Маня. Яна была ў наапашкі накінутым паркалёвым халаціку, з-пад якога відзён гарошак начное сарочкі.

— I што — ніводзін не ўцёк? — спытала наўздзіў весела і гучна.

— Не...

Ліхтар цьмяна асвятляў заграможджаную бабровымі клеткамі — з таго і цесную — пуньку. Цені нашы пацешныя, вялікія — на ўсю сцяну, варухлівыя. Раптам яе цень хіснуўся, наблізіўся да майго. Я страпянуўся, насцярожана зіркнуў на Маню. Яна прайшла паўз мяне і спынілася ля суседняй клеткі з бабрамі. Якая зманлівасць у ценях! А я думаў... Што гэта я думаў?

— Адслані закрыўку — пагляджу, як яны тут, ноччу, — просіць Маня і смяецца. — Не таўкуць адзін аднаго?.. Не злыя?

Я падступаюся да клеткі, прыўзнімаю вечка — глядзі сабе, глядзі, колькі заўгодна. Яна сцішылася, узіраецца ў прыцемак клеткі. Выразна чую роўнае дыханне акурат недзе над левай скроняй, што мяне насцярожвае і няўцерпна хвалюе.

Крыху адступаюся ўбок — і бачу яе дапытлівую, гулліва-трапяткую ўсмешку. Маня чакае, спадзяецца, што бабры пачнуць рабіць нешта незвычайнае, а мо і наўцёкі кінуцца. Але зверукі прадбачліва аціхлі й зацяліся — ім неўпанараў дакучлівыя розгляды. Адзін з іх, упёршыся носам у прадаўгаватую бляшаную паілку, пыхка пасопвае і жмурыць вочы — хаваецца ад няяркага святла.

Лівень на схоне лета

Дзень канае хутка і неўпрыкмет, не пакідаючы ў памяці бадай аніякага следу, роўна як і нашая лодка на плыткай вадзе.

Гэты раз нам дастаўся ўчастак Сожа ад рачулкі Ліпы, што па правым беразе, і ажно да самага Гомеля — з усімі прытокамі й прыбярэжнымі азёрамі.

Сёння Малінін раным-рана паехаў на базу, павёз таксама і адлоўленых пяцёра баброў. Лодка пакуль не загружаная, упраўляцца з ёй лёгка. Зрэшты, Сомава з намі ўжо няма — замест яго новы шкіпер, і таксама Іван. Хто ён?.. Зяць наш (да гэтага працаваў рабочым на смалакурным заводзіку). Каля нас круціцца Шарык — сабака, якога тыдзень таму прыдбалі ў пастухоў за пяцьдзесят рублёў. Наўрад ці звярнулі б на яго ўвагу, каб не залавілі ля бабровай нары...

Ну так, Шарык, пасучы кароў, ніколі не забываў на баброў— ганяў іх настойліва і ўпарта, пад вадой нават чуў, не тое, што ў нары ці хатцы. Уцягнуўся ў гэты занятак змалку, чым і знелюбеў свайму гаспадару, і той, калі пачуў пра даволі-такі й немалыя грошы, з радасцю збавіўся ад яго.

Сапраўды, Шарык і блізка не быў пастухом. Ён акурат нарадзіўся бабраловам: ростам малы, цупкі ў нагах, настойлівы... Адным словам — крэўны паляўнічы сабака.

Збочылі з галоўнай «магістралі» бадай ужо надвячоркам — заплылі ў вусце нейкай зусім нешырокай рачулкі з надзіва высокімі берагамі, абрывістымі, спрэс угушчанымі хмыразам-альхоўнікам, вярбою ды гонка-кучомістым вербалозам. Па ўсім відаць, бабры тут здаўна жывуць-раскашуюць. Чаму б і не жыць, калі скрозь буяе шматкалёрны дыван-травастой, густы й высокі — як не ў пояс Малініну (ён недзе каля двух метраў). Стравы бабровай удосталь, то, пэўна ж, і едакоў стае.

I што ж? Абшнарылі ўсё як мае быць, Шарык вынюхаў кожны надводны кусцік, вышукваючы бясконцыя падземныя хады й схоўні, аднак — хто б мог падумаць! — баброў не выявілі, усе іх селішчы пуставалі.

Іван, падобна, не ў гуморы, змушана пасміхаецца, няспешна падпальвае сярнічкаю самакрутку і кажа:

— Не трэба нам залазіць з лодкаю ў такую вось чамярэчу — усе бабры ў Сажы... Недзе троху ніжэй.

— З чаго ты ўзяў? — Бацька старанна высліньвае край газетнага аркушыка, памерам з ігральную карту, куды ўкручана не меней як шчопці з два махоркі. Нарэшце пыхкае дымам, жмурыцца і дадае: — Звер, як і чалавек, свой радзінны куток шануе... Хм, мне ўсё ясна: у гэтых катакомбах бабры ўзімку адлёжваюцца. Па-мойму, на тым баку закабан ёсць, старыца. Заўтра мы іх там і зажучым.