— Не хапала шчэ закабанаў — па лузе гойсаць не намераны! — Івану больш падабаецца ракою плысці, і каб толькі ўніз; пакідаць лодку не надта хоча, тым больш, калі трэба перацягваць яе ў суседні вадаём — лішнія напруга і пот.
— А ты хіба гойсаў калі? — Бацька ўзрушыўся, бо не любіць лішняга скалазубства. — Штой-та не прыпомню.
Іван, як ні дзіўна, не зрэагаваў на яго словы.
Схавалася сонца за лес, і ў нас канчаткова прапалі спрыт і ахвота ўвогуле чым-небудзь займацца. Лодку пакінулі ў рачулцы. Заснавалі бівак на беразе Сожа. Ужо добра было відаць зорку Венеру. Мне прыгадаўся верш Багдановіча, і я ўголас прачытаў яго.
Іван кухарыў — гатаваў вячэру. Я, да прыкладу, мог бы, калі б, здаецца, знайшоў сабе напарніка, пешкаваць у суседнюю вёску. Як далёка яна адсюль — не ведаю, бо ад рыбака-спінінгіста (спыніўся каля нас і паказаў шчупачыну вагою каля двух кілаграмаў) пачуў адно пра танцы, што кожны вечар ладзяцца ў калгасным клубе, ды прыгожых дзеўчанятак, якіх там збіраецца столькі, што недзе яблыку ўпасці, а хлопцаў мала, дык яны адна з адной кружацца ды прыпеўкі пяюць:
Вясёлы рыбак, успалошыў мяне не столькі аповедам пра дзяўчатак, як прыпеўкай. Пэўна ж, не адну ведае. Патрэсці б яго на гэты конт, але ж у мяне тут — ні часу няма, ні нават блакнота з алаўцом.
Іван пайшоў нарыхтоўваць дровы. За паўвярсту ад нас, на беразе, ляжыць тоўсты дубовы тапляк, які, падобна, яшчэ нядаўна тунеў у глыбінях рачной цемрадзі. Учора мы бачылі земснарад, яго абслуга займаецца ачысткай рэчышча. Сярод рабочых ёсць вадалазы, яны абкручваюць набрынялыя вадой старадрэвіны тоўстым тросам і пры дапамозе магутнага крана цягнуць на бераг, пад сонца і вецер. Лёс гэтай каладзякі, пэўна ж, такі самы. Адно ведаць бы — хто і з якой прычыны яе тут пакінуў. Няйнакш пару стагоддзяў таму плытагоны згубілі.
Іван збівае тапорыкам укаржэла-шэрхлую, спрэс адхлуплую ад камля кару і малымі абярэмцамі носіць да цяпельца, падсілкоўвае яго. Гарыць кара бясполымна, аднак ейны празрыста-сіні агніска да ўсполаху шчыпкі й дападна пякучы.
Я прачнуўся, калі быў згатаваны сняданак. Іван нешта ціха трумтумкаў у свае густа-шорсткія і наўздзіў чорныя вусы. Няма слоў, болабень — такога пашукаць, спрытны, бадай, не так на рукі, як на язык. Паэтычная натура, акурат. Ведае безліч салёна-ўперчаных народных паэмак, адна з якіх мае такую назву: «Як я ажаніўся». Пачула б гэты «шэдэўр» ягоная жонка (мая сястра), дальбог, сораму не абралася б. А вось для зубаскалаў яе мужанёк — жывы камедыянт: ад смеху рэдка ў якога слухача рабро за рабро не чапляецца. Зрэшты, чытальнік ён выключны, дарма не вучыўся, мог бы акцёрам стаць. Ну так, з ім не засумуеш: калі што — узвесяліць да болю ў жываце, а бывае — і ўзлуе да чорцікаў уваччу.
Я ўзяў за правіла купацца раніцай, якім бы надвор'е ні было. Адразу пасля сну — бултых у раку, з галавой. Хоць дождж, хоць вецер. Іван жа — пабойваецца вады, хоць і вырас паблізу Сожа. Рэдкі выпадак. Ці не маніць ён? Падладжуся як-небудзь пры першай магчымасці скупнуць хітруна — перакулю лодку і пагляджу, як плавае. Няўжо-ткі не ўмее?
Я раздзеўся, скокнуў з берага, нырцануў. Расплюшчыў вочы — і тут жа ўбачыў, злева, дуплястую каладзяку, пры якой стаяў, лёгка павільваючы хвастом, не менш як паўметровы шчупак. Не стаў палохаць яго — вынырнуў і вярнуўся на бераг, ухапіў спінінг, але блешні на ім не было. Ну так: Кірыла Аляк-сандравіч учора раніцай тры блешні ўтапіў.
— Шкада... Стаіць шчупак пры калодзе. Вялікі.
— Ёсць выйсце. — Іван кінуў мне да ног мяшэчак з соллю. — Вазьмі ў кулак, нырцані й пасып яму на хвост. Гы-гы-гы-ы... Уміг здранцвее — пузам кверху, і ты яго — за жабры й на бераг.
Я запіхнуў спінінг туды ж, дзе ён і быў (у гумовы бот Малініна), і, каб сагрэцца пасля купання, прыпусціў усцяж па беразе, але мусіў спыніцца, калі ўбачыў над абрывам засяроджанага вудара. Кажуць, рыбакі не любяць, калі нехта вось так, зніцяйкі, нахопліваецца і пачынае палохаць рыбу — нават калі й моўчкі будзе стаяць. Рыба чуе ўсё, што робіцца на беразе. I добрае чуе, і злое. Толькі сабраўся быў павярнуць назад, як рыбак падняўся з пляскатага вядзерца для ўлову, што, як відаць, заадно замяняла і ўслончык, паклікаў мяне:
— Падыдзі сюды, малец... Чым вы тут займаецеся?
— Баброў ловім.
— Высокі масквіч у саламяным капелюшы таксама з вамі?
— Малінін?.. Ён — начальнік экспедыцыі.
— Бачыў яго ў сельсавеце. Якісьці допуск уручыў старшыні, ды я не дачуў, каго ён тут лавіць сабраўся. — Паказаў на разасланы плашч-дажджавік: — Сядай. Гарбаты пап'еш?.. — I неяк замаруджана ўсеўся на тое ж самае цуд-вядзерца, нязграбна выструніўшы левую нагу ў стаптаным кірзачы крыху паўзбоч плашча, на якім былі тэрмас і два пакункі ў газетных абгортках.