— Арэшкі-пацешкі. Сушаныя. Тут, па азярынах, гэтай расліны багата. I на смак нішто сабе, і здароўю ў карысць. Рэлікт трацічнага часу.
I якраз ад нашага бівака — нарэшце! — пачулася гучнае: «Э-э-а-а-э-э!..»
— Гукаецеся так? — спытаў Васіль Захаравіч.
— Выбачайце, бацька кліча, мне трэба ісці. Дзякуй за пачастункі, за цікавую размову... Няхай на вашу донку дабрэнны шчупачына зловіцца!
— Учора зяць на спінінг падцяў аднаго — два кілаграмы заважыў.
Усчаўся дождж, ціхі, абложны. Сёння бацька жартаўнік і весялун. I толькі назаўтра аціхне, ападзе настроем, калі не будзе чым пахмяліцца... Мы сядзім пад шатамі волата-дуба, балюем.
Запас пітва канчаўся. Іван ужо шкадаваў, што мала ўзялі, — надта ж спадабаўся яму «Спатыкач».
Эх, не было б дажджу — ці ж мы лайдачылі б?.. А так, во, узвялі пад дубам шацёр, разаслалі брызент, уселіся. Як чакаць — дык і дзень на схоне, а дождж і не думае ўшчукаць.
— Чарачка-каток, каціся ў раток!.. — бацька выпіў апошняе каліва і паставіў конаўку на чамадан, што служыць нам за стол. Даеў свае хлеб і гурок маласольны. — Ну, гаўрыкі, дапівайце! Што вы ўсё чокаецеся, бы маладыя на вяселлі? — Кінуў Шарыку рэшткі каўбасы, а таго не бачыў, што гэта Іванаў кусанік.
-Ну во, — узбурыўся Іван. — I дапівайце. А мне закусваць кукішам?
— Можна і кукішам, а можна хвігай і нават дуляй. — Бацька пасмейваецца. — А лепей, дзетка, гурочкам замары чарвяка. — I — да Шарыка: — Табе ж гурок не пайдзёць. Правільна я кажу? — Шарык завіхляў хвастом, падпоўз бліжэй да бацькавай рукі, крануўся мысай. — Цябе я ў крыўду не дам... Мы многае што павінны разумець: і гэтых аболтусаў — кіўком галавы паказаў на нас, — і тых балбесаў, што ў берагах хаваюцца. Каб толькі дождж перастаў. Прудзіць як з вядра, іці яго пяты... Ноч во так пабарабаніць — і сушы лапці. — Бацька цепнуў параненым плячом. — Учора круціла, гняло — знаў: пачнецца гнілое надвор'е. Чуюць мае раны непагоду, свой барометр. Але ж, хлопцы, што тут казаць? Зранку нам сёння здорава ручыла — запоўніць бабрамі ўсе лавушкі за якія дзве-тры гадзіны, гэта ж нешта значыць, га?
— Значыць тое, што нам сюды трэба было адразу ехаць, — Іван яўна папікнуў бацьку, і я чакаў, што зноў між імі пачнецца спрэчка, але нечакана бацька заспяваў:
Іван пачаў насміхацца-гарэзіць:
— Ну, тата, цяпер вам толькі на вечарынку!.. Ды ў бабскі круг. Дзе і бабры дзеліся б!
Але бацька не абарваў песню, дапеў:
Я ажно падскочыў — песню ўпершыню чую. Ну і бацька! А ўпрошваў жа, помню, умольваў, калі запісваў народныя песні ад маці, каб і ён нешта прыгадаў, дык апрача «Хаз-Булата» ніводнай і не ўспомніў. I вось — такая цудоўная песня!
Іван не маўчыць — пачынае абурацца:
— Пашыеш шубачку — каб не так. Пасля і шубачкі не захочаш, не да ясных зорачак будзе... Гэта ўжо точна!
— I дзівак жа ты, дзівак, — смяецца бацька. — З песні слова не выкінеш. Значыць, яна даўняя-старадаўняя. Некалі ж, выходзіць, нашыя продкі шылі шубачкі з баброў калі ў песнях спамінаюцца. Адкуль, от, песня бярэцца? З жыцця, так?.. Бач, усё падмечана правільна: не дзе-небудзь, а пад карэннем дуба бабры вядуцца — у лугах. I шубачкі, значыць, бабровыя былі. Чаго ж тут мудрагеліць?.. Развядзём баброў, то, пабачыш, зноў мода на такія абновы вернецца — шамрэць будуць скрозь бабровыя шубачкі, вока радаваць.
— Тата, адкуль у вас песня гэтая, пачулі дзе? — перапыняю бацькавы мары.
— А хто яе знае — знеткуль жа ўзялася. З душы проста, з сяродку... Малым чуў, ад Піліпа.
— Дык вы яшчэ паспявайце. Можа, зноў нешта рэдкае выплыве.
— Не, сын... Цяпер бы, здаецца, пайграць. Адной бы рукой. I толькі — каб тут-ка, на беразе. Вы ж, от, іграць можаце, а гармоню не ўзялі, дома пакінулі. А на гуркі не забыліся. Ці ты, — звярнуўся да мяне, — купіў пстрычку гэту, фотаапарат і больш за месяц носішся з ім — усё роўна як кот з жылай, думаючы, што мяса ўхапіў: і кінуць шкада, і глытаць моташна. Ну, скажы ты мне, калі я картачкі атрымаю? — Бацька сур'ёзны. — I чаму вас у школе вучаць?!.
— А ўсяму патроху, — з посмехам адказаў я.
— Во-во! Гэта ж, каб нечым талковым заняцца: вучыся і любі нешта такое, каб надзейнае і таксама галоўным было. Хм, фотаапарат. Грошы растранжырыў. Забаўлянку купіў. А давай скрыпачку справім?!.