— Можна і скрыпку. Я не супраць.
— Дзед жа твой, знаеш, як на скрыпачцы йграў?.. Яна ў яго руках спявала і плакала, скрыпачка тая. Я, от, і думаў: разжывуся на грошы — куплю! Але вайна перайначыла ўсё — скрыпачка мне для адной рукі й не знадабілася. То хоць бы з вас хто, маіх дзяцей, заікнуўся: «Тата, купі скрыпку». Дык — ніводзін. А ты, — бацька засмучана зазірнуў мне ў вочы, — ты проста крыўдзіш мяне. Не тое што на скрыпачцы — на гармоні лянуешся граць, пілікаеш нешта сабе пад нос, курдыячыш. Не па мне такое гранне. Надзя меншая, а, глядзі, абагнала цябе — усе танцы ўжо грае. I ноты чытае.
— Што яму гармоня ці скрыпачка?.. Яму бубен і барабанка каб. А сыграе, калі што-якое, і другі хто. Ён пад гатовую музыку збарабаніць. — Іван як толькі можа падкалупвае мяне. — Бубен жа не гармоня — купляць не трэба: зловіць ката чыйго, зброду-смятаннічка. Прыдуша, аблупіць, абрые шкуру, нацягне на бячэйку, высушыць — і бубен гатоў. Проста і надзейна, — смяецца Іван.
Я таксама смяюся.
— Смешна табе? — пытае бацька. — А вот куды ты, падумай, калі школу скончыш, падасіся? На настаўніка, знаю, не пойдзеш. Дый род наш няўдашны ў гэтым плане — не нам у настаўнікі ўлягаць. От каб на ляснічага вывучыўся! А так... Падумаць толькі, школы не скончыў, а ўжо ў песні ўдарыўся, ха! З цябе бабы смяяліся: хадзіць — ходзіш, запісваеш, а гарэлкай не частуеш. Пустое гэта дзела — песні. Я, от, і думаю: трэба не слухаць матку — паступай-ка ў тэхнікум на зверавода, як Малінін кажа. У Маскве пажывеш, розуму набярэшся.
— Баброў жа я і так, без навукі, умею лавіць.
— Не вечна будзем бабрамі займацца. Пабоўтаемся троху, а там — хто яго знае, як усё пойдзе. Можа, зноў станем быкам хвасты накручваць.
— А што?.. Узучаць быка — не прападу і з быком!
— Ты, храбрэц, не кічся дужа, — зазначае Іван, прычым надзіва сур'ёзна. — Трэба на афіцэра ісці, бо нідзе такой лахвы не знойдзеш, каб і адзявалі, і кармілі, і вучылі... Эх, мне б зараз твае гады — і хвіліны не раздумваў бы: скончыў дзесяцігодку — і ў ваеннае вучылішча, у танкавае.
— А што — у ахвіцэры можна, — згаджаецца бацька. — Калі б маёрам ці палкоўнікам стаў, то, можа, хоць боты ялавыя падкінуў бы — ваенныя, носкія!
— Ды ён ужо, калі праб'ецца ў афіцэры, і гімнасцёрачку не пажадуе для роднага бацькі, і галіфэ дзігналевыя — з канцікам! — падколвае Іван, сыпле пякоткія досціпы ў мой адрас.
— Во-во! Люблю ваенныя гімнасцёркі — шыюць іх талкова. Цывільныя сарочкі, што на жываце, што на грудзях — хоць шаром пакаці: ні складачкі, ні ўпадачкі. Няхай бы кішэні ўшывалі, як у ваенных, то бензінку было б дзе насіць...
Мы доўга яшчэ гаварылі, хоць ужо і добра ўвечарэла. Вёў рэй, можна сказаць, бацька — сучыў, як нітку з кудзелі, успаміны:
— Малым я такі быў, што ў наш канец ніхто з пацанвы чужой не пройдзе. Міха Лайбік паспрабаваў — яму ў лысіну камень трапіў.
— Імя такое — Міха?
— Мішка. Але мы яго Міхам звалі. Так прасцей. I тут, значыць, Лайбічыха, матка яго, прыбегла і давай з маёй сварыцца. О-о, сечка заходзістая была. I ён, гэты самы Міха Лайбік, стаў помсціць — сабраў каманду, то мне ўжо праходу не давалі. Ну, і зрабіў я лук. Хадзіў з ім і нікога не баяўся. Ляжаць на стану свінні, падкрадуся, хвасты ім пазвязваю, а тады з лука — хрась каторай у бок. Скуголяць чушкі, як перад убоем, і задам адна да аной пнуцца — хітрыя, робяць так, каб хвасты не абарваць. Шпілька тырчыць у сале, пахістваецца. I якраз жа ўсё гэта ўбачыў Кірыла Хрыткоў, прыпудзіў за мной, каб лук адабраць. Я адбегся і — р-раз! — пусціў пазверх запасную шпільку. Ён — хваць! — хацеў злавіць, а шпілька — дзяўбень яму ў плячо. I сурган гэты й панёсся з выкам дахаты. Зноў мне наганяй: прыйшла Хрытчыха сварыцца, матка ў запале хвоснула матузамі, штурхнула ў каршэнь і — пошапкам: «Ды ўцякай жа ты, не стой паўпрыцай!»
I яшчэ. Бацька мой ужо тады, будучы падлеткам, спагадаў людзям. Па-дзіцячы, праўда, самадумна. Гэта ж, панадзіўся быў чужых коней на начлег вадзіць: убачыць каторага на пасьвішчы, за глінішчам, падыдзе — хлеба дасць, пута зніме, на шыю каню завяжа, потым аберуч учэпіцца ў загрывак, стане на пута — скок! I ён ужо — вершнік. Конь слухаецца — нясе наўгалоп, турбавацца не трэба — выйдзе акурат на табун, дзе б той ні быў: у Чарнышыне, на Узмуце або за Гальным балотам. Там жа, з канюшкамі-начлежнікамі, пасе сваіх двух коней і старэйшы брат, Піліп, які не надта ўшчуваў свавольніка, хутчэй патураў яму. Праўда, аднойчы быў агрэў пужкай за тое, што пракусіў каню (не чужому — свайму!) ніжні грыб: бач, не даўся забрытаць. Піліп ніколі не спаў ля вогнішча. I зусім не таму, што баяўся займець прапаліну ў апратцы. Проста ён мог гадзінамі моўча глядзець на агонь і нічога не чуць і не бачыць вакол сябе. А ўранні, як толькі пачынала развідневаць, ускатурхваў меншака, і яны ўжо разам вярталіся ў вёску. I калі раптам узлавана-ўз'юшаны гаспадар каня пераймаў іх дзе-небудзь у грэбельцы, ідучы ў наступ у шалёнай нестрымі з крывой сукардычынай у руках, сыплючы, бы з рога, мацюгі-праклёны ў адрас «масырскага адроддзя», Піліп і блізка не запаляўся — цярпліва слухаў, і пасля ўжо, калі гнеў гаспадара пачынаў затухаць, ён не надта каб і ўмольна ўпрошваючы, казаў: «Зразумейце правільна хлопца: здаецца ж, нічога кепскага ў яго правінку няма. Проста пашкадаваў жывёлу, адвёў на начлег — зрабіў тое, чаго вы не ў стане былі зрабіць...» I крыкун, увачавідкі астываючы, неўзабаве супакойваўся, забываў на паленіну і запрашаў юнага канюшка ў хату на перакус. А там — яшчэ і капеек даваў, бо сапраўды, грэх не аддзячыць, калі скаціна і сыта, і напоена.