Выбрать главу

Гэта ён пра баброў. Іх у нас — з двума сяголеткамі — ажно дзевяць, і ўсе на беразе, у лавушках, акрытыя альховым голлем. Іван — з імі побач. З галавой і нагамі загарнуўся ў брызентавы полаг (жывая сардэлька!) і спіць сабе. Ведама ж, нейкія сны свае каляровыя, калі верыць яму, бачыць. Ці хоць раз, цікава, змірцілася яму жонка ў колеры? I ў якім?..

Мяне такі Анютка, аднакласніца (яна ў «А», я — у «Б»), так учора ў сне мілавала-цешыла, што на пабудку зусім не рэагаваў, і тады Іван — які дурында! — сунуў пад нос запаленую ватку. То і я ў адказ нешта ж абавязкова ўчыбучу, няхай адно ўспіцца.

Хм, Анютка... Прыснілася, так. Праз нейкія пятнаццаць дзён (спазняцца на заняткі не збіраюся), трэба думаць, сустрэнемся. Аднак чаму, калі мы застаемся адныя, я ўсяго толькі спачуваю ёй? Шкадую — і нічога больш. Хацелася б іншых адносінаў, больш цёплых — хоць бы й такіх, як ва ўчарашнім сненні. Хаця — не ўсё і тут, як кажуць, гладка: у сне бачыш вошы, а на яве маеш грошы. I — наадварот.

Анютка... Сінеча ейных вачэй — і мая стрыманасць, нерашучасць. На тое была прычына. (Учора вечарам Малінін з Іванам і бацька доўга гаварылі пра раскулачванне і высылку ў Сібір на пасяленне кулацкіх сямей, а з імі разам і ўсіх тых, хто шкодзіў савецкай уладзе. Малініна я так і не зразумеў — ён доўга і цярпліва даводзіў Івану, што сярод высланых былі й нявінныя, прытым большасць. Я слухаў і ажно лякаўся: нават старых і дзяцей гналі на выселкі? Божа, ды што ж за ўлада ў нас была, куды таварыш Сталін глядзеў?.. Кірыла Аляксандравіч без сумневу сцвярджаў: Сталін усё ведаў, але нічога не хацеў мяняць. I пра паліцаяў яны гаварылі: маўляў, вяртаюцца з турмаў пасля адсідкі з вялікімі грашыма, будуюцца, жывуць-раскашуюць, а былыя партызаны свету белага не бачаць ад працы ў калгасе за палачку-працадзень.)

Дык вось. Анютка таксама, як і я, у камсамоле, хоць і дачка паліцая. Бач, ёй не адмовілі. Можа, што вучыцца добра? Ці што — красуня, і камсамол без яе — быў бы не камсамолам?!.

Іван, зрэшты, на гэты конт так выказаўся: маўляў, калі б яе бацька не ў паліцыі служыў, а быў раскулачаны альбо расстраляны як вораг народа, не ўбачыла б яна ні білета з сілуэтам Леніна, ні з такім жа сілуэтам рубінавага значка. Выходзіць, паліцай — вораг, але не такі ўжо і страшны. Дзе ж логіка? Ен жа мог — а такі мог! — пусціць кулю ў майго бацьку, партызана, бо не проста так хадзіў з крупаўскім карабінам у начныя засады на партызанскія сцежкі.

Залетась, акурат вясною, калі цвіў бэз, Анюцін бацька, адбыўшы тэрмін пакарання, вярнуўся ў сваю сям'ю. Недзе больш за дзесяць гадоў яго не было дома. Цяпер робіць у калгасе. Упершыню я сутыкнуўся з ім мінулай восенню. Уразіў ён мяне, прызнацца, сваёй абыякава-ніякай знешнасцю: спакойна-ціхі, непрыкметны...

Мы, школьнікі, капалі бульбу. Анютка выбірала клубні з баразны й кідала ў вядзерца, якое, напоўненае ўкоптар, я тут жа адносіў да бястаркі з кашом-пляцёнкай. Яна не сказала мне, што маўкліва-апанураны возчык у шэрай, з вузкім брылем кепцы й рудой, пацёртай скуранцы, у галіфэ-шарсцяніках і вузкахалявых юхтавых ботах, які прымаў ад мяне вёдры, якраз і быў яе бацька. А ён і раз чэпка зіркнуў на мяне, і другі, нарэшце цыркнуў слінаю і прабасіў: «Як я поняў, ты — Герасімаў сын. З Ходарава што, аднарукі. Так?» Бач, сам з рукамі-нагамі, не паранены, таму, пэўна, не разумее, як балюча мне чуць шапялява прамоўленае ім слова «аднарукі». Я кіўнуў адно дзеля адчэпкі: усё так, маўляў, сын. I зацяўся. I больш не хацеў бачыць возчыка. Анютка пакрыўдзілася — напоўніла бульбаю вядро і панесла. I ўжо не вярнулася да мяне.

Кватэраваў я ў Лук'янцавых. Іх меншы сын, Мікола, мой аднагодак, вучыўся ў «А» класе, разам з Анюткаю. Ён падышоў, калі ўбачыў, што я застаўся адзін, і проста аглавушыў мяне:

— Ты хоць ведаеш, што з паліцаем гаварыў?

— Гэты возчык у паліцыі быў?

— Ён — Аньчын бацька.

— Ды ты што?!. — аслупянеў я.

— Здраднік. А ты з яго дачкой заігрываеш...

— Яна мне падабаецца.

— Закахаўся?.. — Мікола адвёў вочы ўбок і замоўк.

А я ўсё ніяк не мог супакоіцца: бацька маёй каханай — служыў фюрэру? Няма слоў — як ёсць красуня, міжволі даецца ў вочы, а гэтак абняслаўлена. Я спачуваў ёй, а разам з тым і ўжо чужыўся яе. Ды ўсё роўна Анютка падабалася мне, як, зрэшты, і Міколу, хоць ён і не падаваў выгляду.