Выбрать главу

Увечары я сустрэўся з Анюткай. I спатканне нашае — на што я вельмі спадзяваўся! — магло б закончыцца пацалункам, калі б не мой дурацкі папрок у яе адрас: маўляў, навошта было ўступаць у камсамол, маючы такога бацьку — паліцая-гарыдаўца? Анютка назвала мяне дурнем і той жа міг знікла за новай — з шалёўкі — брамкаю.

Я ўжо, відаць, і занадта заглыбіўся ў свае развагі-ўспаміны, таму не адразу ўцяміў, што бацька хоча ад мяне:

— Клаўся б і ты спаць. Не глядзі, як варожка, на вуголле.

— Што вы сказалі?

— Чым так занепакоены? Кладзіся спаць.

А-а, ён кажа, каб і я ўкладваўся. Які сон? Заўтра ж мы наўрад ці будзем лавіць баброў, бо, уласна, няма чым — усяго тры лавушкі свабодныя, і можна выспацца. Малінін абяцаўся ўчора быць, пад вечар. I во — недзе затрымаўся. Не дзіва: апрача нас, у яго — яшчэ тры бабралавецкія брыгады, а машына адна на ўсіх. Бацька ўпэўнены, што Малініна няйнакш затрымаў Мікіта: ці не павёз ягоную хеўру куды-небудзь бліжэй да хаты. Як жа! Ні Мікіту, ні яго памагатым тут не падабаецца, і перш за ўсё тым, што Сож шырокі, суднаходны, і бабры пераважна ў азёрах летуюць. Пэўна ж, і Дзямід навастрыў лыжы, бо яму таксама ёсць дзе лавіць: вышэй Чэрыкава Сож — гэтакі ж, як і ля Бакава, і проста кішыць бабрамі...

* * *

Сож зачараваў мяне. Над блакітнай таемна-дрыготкай роўняддзю кучаравіцца туман, ахінае нахіленыя над ракой вербы, чапляецца за вяршаліны маладых кражыстых дубкоў. Сет-ка сонечных промняў нагадвае залатыя струменьчыкі ціхага бязгучнага дажджу, які хавае ў сабе, здаецца, ачышчальную сілу, хараство і цноту.

Неўзабаве лаўлю мерны гул маторкі. Гэты гул паступова нарастае, званчэе, пераходзіць у рокат — і чым бліжэй, тым больш рэзкі, настойліва-неадступны.

— Канчай там, чуеш, дрыжыкі калаціць! — голасна кінуў мне бацька, ідучы скрай надрэчнай гліністай стромы.

Што ж, калі ўжо загадвае так, то, трэба думаць, ёсць у яго нейкі цікавы план, і зараз, пакуль будзем снедаць, падзеліцца з намі. I мы прымем ягоны план як належнае і абавязковае. I не болей чым за паўгадзіны пастараемся быць гатовымі на любыя пераходы — гэта, калі бацька ўзбіўся на азярыну з бабрамі й трэба адпраўляцца туды без лодкі.

— Раскуляшэў нешта твой вермішэль, Іван, — заўважае бацька. — Зацірку зварыў. I халодная ўжо — студзіць не трэба.

— Дзе ж вы гэтулькі сноўдалі? — азваўся Іван, лежачы ля вогнішча. — На ўсё ёсць свая пара. — Канешне, сам ён пад'еў ужо і нават паспеў перакурыць.

Пакуль снедалі, міма нашага бівака пратарахцела лодка бакеншчыка. Рухавічком на ёй быў звычайны дызельны пускач.

Іван доўга глядзеў услед бакеншчыку, аж пакуль не страпянуўся:

— У мяне такі ж самы пускач наўвеце ёсць — у браценіка майго. Магнета б — і будзе свая маторка!

— Магнета? У нас валяецца нейкае ў паграбні. З трактара-калёсніка. Праўда, кантакты збітыя, але ж іх замяніць можна.

— Магнета ёсць?! — Іван падхапіўся, забегаў па біваку. — А вінт я сам зраблю — вылью з алюмінію. — Спусціўся да вады, прайшоў па лодцы ў карму, сеў і доўга планаваў, як і дзе пры-ладкаваць матор. Хвілін праз колькі вярнуўся да нас. — Вось што, — сказаў ён узрушана. — Адпускайце мяне двору — праз два дні матор прывязу!

— Можна... Але каб не загуляў там.

— Не да гуляў, — заключыў Іван.

Бацька, выходзіць, паверыў у Іванаву задуму, значыць, быць нашай лодцы маторкай. Бацька:

— Ужо ж і на бензін не забудзь. Там якраз і каністра ёсць, у паграбні. Убачыш.

— Дык я магу адчальваць? — Іван у нестрымі, гатовы тут жа пакінуць нас. — Вечарком дома буду. А заўтра з'езджу ў Чэрыкаў да браценіка, пускач забяру.

— Не-е... Так не выйдзе, — раптам пярэчыць бацька. — Спачатку аббамбім возера, якое тут я нагледзеў, а ўжо затым, калі Малінін пад'едзе, пабачым, што рабіць. Можа, колькі дзён і засталося пабоўтацца, то і без матора ўправімся. А ўжо налета пастараемся зрабіць лодку, прыстасуем да яе матор — і ўсе бабры нашы! Як дазнаемся, колькі на базе баброў, тады й будзем планаваць.

— Хай сабе і так. Але я ўжо не сяду за шкіпера, пакуль не пастаўлю ў лодку матор, — сказаў, як адрэзаў, Іван.

— Ну, аб гэтым пазней пагаворым, не гарачыся. А цяпер — гайда! — дае каманду бацька. — Недалёчка адсюль паром — там і пакінем лодку са шмуткамі. Малінін не абміне, калі на возеры затрымаемся. Паромшчыка папярэдзім — ён яму скажа, дзе нас шукаць. — Бацька не сеў у лодку — берагам пайшоў да парома.

Іван, здаецца, і сапраўды рашыў быць гаспадаром сваіх слоў, кажа:

— Правязі мяне сёння, а я цябе, калі пастаўлю матор, з вецярком буду катаць! Не крыўдуй, але ж па цячэнні й трэска плыве. — Ён яўна насміхаўся з мяне — ці не спадзяецца, што не спраўлюся з лодкай?