Выбрать главу

Ідзі-тка, клапатун, дроў назбірай ды цяпельца развядзі, — распарадзіўся бацька, а сам узяўся абсякаць лазовае вешша: шумець ужо можна — тры лавушкі (астатнія з бабрамі) на хадах. Праўда, калі ён пачуў ад мяне, што пад вадой яшчэ больш патырчак, іх ніяк не абсячы, расчаравана выдыхнуў з сябе: — Ы-ых-х... Што ж, паспрабуем гнаць.

I вынік: з пяці баброў, якіх Шарык вытурыў з толькі што абстаўленых нораў, не прамінуў пасткі ўсяго адзін.

— Э-э, хлопцы, калі ўжо ведаем, што бабры тут, то можна й лодку сюды прытарабаніць... Яшчэ б парачку абхітрыць сёння — і дос, сушы лапці. — Да Шарыка: — Як думаеш, спец?

Шарык дагодліва завіляў хвастом, памкнуўся наперад — гатовы, маўляў, пудзіць звера, не падкачае, адно не трымайце яго!

Іван так і не распаліў касцярка, і мне давялося грэцца бегам. Тым часам бацька з Шарыкам абышлі возера, але на баброў нідзе не ўзбіліся.

— Ну, што я казаў?.. — Іван нібыта і рады, бо ўсё выходзіла па-ягонаму — баброў у гэтым возеры мала: адзін-два, не больш. — Перастарак нейкі з перапуду гнёўся, лавушкі калаціў, а вам падалося, што тут іх цэлы табун. Вы гляньце на яго — большы за лавок. Такі цяльпук.

— Бяры яго і шуруй, казака, да лодкі, абед вары.

— Абед?.. — здзівіўся Іван. — Дык жа сёння не мая чарга — кухарыць Шурка.

— Слухай, работнік, такую тваю няхай стане!.. — узрушыўся бацька. — Увесь час будзеш во так пастыляцца? Я — слова, ён — дзесяць! Не-е, такія памагатыя мне не трэба.

— А вы не прымайце ўсё за чыстую манету. Мала чаго я начапушу — прывык на смалакурні з Яшкам Рубанам перабрэхвацца, і з вамі цягне падражніцца.

— Як жа не прымаць?!. Знай: закабункаў тваіх не пацярплю, вушы затыкаць не стану.

— Ды не крыўдуйце вы, — пайшоў на папятную Іван.

— Ладна, ступай да лодкі, — распарадзіўся бацька і заклапочана дадаў: — Штой-та мне паромшчык не прыглянуўся, баюся, каб там баброў не павыпускаў.

Іван пайшоў.

Мы яшчэ раз абышлі возера, і зноў тое ж самае: бабры як растварыліся ў вадзе. Проста загадка нейкая. Няйначы у глыбінныя норы пахаваліся, у свае ціхія заглушы. Таксама і ў суседнім азерцы, удвая меншым, што непадалёк ад Сожа, Шарык не выявіў баброў.

Паабедаўшы, мусілі плысці ўніз, да першай вёскі, каб там ужо і заначаваць. Ля парома заставацца з бабрамі не рашыліся: хто ні едзе, хто ні плыве — і абавязкова спыняецца, каб пабачыць звера. Лішні клопат і тлум, што якраз і раздражняе бабра-нявольніка — пачынае матлэшыць лавушку, да крыві збівае нос і ламае зубы-разцы.

Пакуль мы бавіліся на возеры, хтосьці сцібрыў наша вясло. Можа, якраз сам паромшчык і прыхаваў: ясеневае, лёгкае, зручнае — Сомаў рабіў.

Іван адарваў з парома шалёўку, зрабіў такую-сякую апочыну — і вось, гоніць лодку, грабе патроху...

Неўзабаве сустрэўся нам рыбак — насаты, пажылы дзядзька. Сядзіць у старой пласкадонцы, і нос яго далёка відзён — вудаю тырчыць, адно без лёскі.

Бліжэй падплылі, параўняліся. Нос дзядзькаў схілены ўлева. Шчокі ўпалыя, такія, што нібы знутры, у роце, склееныя адна з адной.

Дзядзька загаварыў:

— О-о-у, хлопцы, як жа вы такой ламачынай грабяце?.. — Наблізіўся, зазірнуў да нас у лодку. — Гэта што ж вы такое запаймалі?

— Запаймалі тхароў, — пажартаваў Іван.

— Гм... Бабры. — Не прыняў жарту дзядзька. — Як жа вы іх чэрпаеце з вады?

— Гэтымі во снасцямі, — паказаў я на дзве незанятыя лавушкі, што ляжалі споверх укрытых сенам баброў.

— Пералавілі б вы іх усіх, а то рыбу ядуць, пражоры, зводу на іх няма, выблідкаў гэтых.

— Няпраўда, бабры не ядуць рыбу, — я ўзлаваўся на дзядзьку.

— Няўжо не ядуць?.. А што ж яны, па-твойму, ядуць?

— Бабёр — грызун, ён любіць кару лазы, асіны, траву... Рыбу выдры ды норкі ядуць. — Субяседніка майго ані не здзівілі гэтыя довады, ён глядзеў на мяне, як на няўцямца, недарэку.

— Нешта ж вы так, га?.. — перавёў недаўменны позірк на Івана. — Як можна без вясла на вадзе? — I — спачувальна-дагодліва, зычліва: — То, значыцца, вы мяне вымушаеце сваё вам аддаць.

— Напраўду можаце уступіць нам вясло? — зацікаўлена спытаў Іван. — Вы нас здорава выручыце.

— А закурыць дасцё?

— Махорка ёсць. — Я дастаў з чамадана васьмушку табакі (бацькаў запас) і аддаў дзядзьку, а той у сваю чаргу ўручыў Івану вясло. I што? Тут жа ўзяў са дна лодкі новае, запасное, зрэшты, такое ж нягеглае, як і гэтае, што ўжо стала нашым.

Іван паспрабаваў грэбці — можна, хоць з непрывычкі й нязручна: вясло крываватае, хіліць гэтак жа сама, як і дзядзькаў нос-рубільнік, улева. Лявак нейкі, а не чалавек.

Толькі падумаў я так, як тут жа пачуў:

— О-оу-у!.. — гугнява, у нос, прадудзеў дзядзька. — Табакі мне мала — вясло дубовае, крэпкае, а вы ўсяго адной васьмушкай адрабіліся. Што ў вас яшчэ ёсць? Можа, якіх пару рублёў даклалі б у прыдачу?