Мы натрэслі з кішэняў недзе капеек з трыццаць. Дзядзька палічыў манеткі й ваўкавата буркнуў:
— Мала... Вы начаваць у нашай вёсцы думаеце?
— А яна далёка адсюль? — спытаў Іван, гатовы прыналегчы на вясло і размінуцца нарэшце.
— Блізка, за паваротам... Вы каля трэцяй па ліку лазні прычальвайце — гэта мая. Магарыч мне паставіце. А я рыбкі пастараюся на закусь налаташыць.
I тут мы пачулі гуд машыны й трубны голас Малініна:
— Э-э-э-а-а-э-э!.. — крычаў ён непадалёку.
Бацька быў наперадзе нас, адгукнуўся на зовы, прытым акурат гэтак жа, як і Малінін, — па-тарзанску.
Дзядзька-рыбак перад тым, як развітацца, зняў сваю бывалую шапку з пакамечаным казырком, зачэрпнуў вады й напіўся.
З Малініным прыехала да нас незнаёмая жанчына. Шарык забрахаў, ускочыў у лодку — як жа, баброў ён аддаваць не хацеў.
— Пабрашы на іх, задай прыязджанам страху! — навучае бацька Шарыка і пасміхаецца. Затым да нас звярнуўся: — Баба нейкая з кабіны вылазіць, бачыце?.. З чаго б гэта?
Тыя падышлі, сталі вітацца. Шарык, няспешна з'еўшы Пецькаў пачастунак — ладны кавалак смажанай пячонкі, лёг і заспакоіўся: маўляў, вы там гаварыце, а мне баброў сцерагчы трэба.
Неўзабаве ўсе мы сядзелі на беразе Сожа, і Малінін гагатаў, нібыта гусак:
— Го-о, тут бы лета правесці, га?!.
— На будучы год мяне ўключыш у састаў брыгады Герасіма Андрэевіча, — смеючыся, гаварыла Вольга Раманаўна, якая, аказваецца, была ў Малініна за бухгалтара. — Я і кухарыць умею, і з лодкай магу ўпраўляцца. На байдарцы першае месца заняла на раённых спаборніцтвах. Вопыт такі-сякі маю.
— Чуеш, Андрэевіч? — Малінін падміргнуў бацьку. — Яшчэ адзін нахлебнік на тваю галаву, — усцешна рагатнуў і заціх на хвілю. Потым сказаў узбурана: — От, можна ставіць палатку і жыць!.. Трэба ж, такое месцейка здобнае. Тут жа рыбы-рыбы, а я, здаецца, блешні не ўзяў. Ну так, забыў на базе.
— Не доўга б ты пажыў у сваёй дзіравай палатцы — дажджы прагналі б у Маскву, — заўважыла Вольга Раманаўна. — Лічы, восень ужо, раздолле скончылася.
— Ой, Раманаўна, ды куплю я новую палатку, уцепленую, адно дай згоду хоць дзён пяток пабыць тут разам са мною. Шчупакамі абкармлю! — Малінін пасміхнуўся, ласкава гледзячы ў блакітна-мройныя вочы жанчыны, потым як бы спахопліваецца і кажа нам: — Хлопцы, усе гэтыя бабры пойдуць звыш плана... Закончаны ловы. Мікіта з Дзямідам ужо разлік атрымалі, адно вы засталіся. — I — да бацькі: — Гэта праўда, Герасім, што вы тут у падземным возеры бабра ўзялі?
— Што шчэ за возера — падземнае?.. — здзівіўся бацька.
— Тое самае, дзе вы былі. Блізка адсюль. Калі верыць паромшчыку, дык яно злучаецца з Сожам глыбінным тунэлем. — Малінін здзіўлены да непаразумення. — Ну як жа так, Гёрасім? Не чуў пра падземнае возера?.. Гэты раз бабры здорава цябе надурылі. Месцейка ў іх тут — лепшага не трэба!
Праз гадзіну наша машына была ўжо на шашы. Мы вярталіся ў Чэрыкаў на базу.
Бядоты бабровага племені
(Замест эпілога)
Беларусь — край блакітных азёраў, крыштальна-чыстых рэк, крутыя берагі якіх густа ўсеяны лазой і вярбою, дубняком і вольхаю; гэта край шматлікіх балот і балотцаў з паўсюднымі рачулкамі, крыніцамі й раўчукамі, дзе багата прынаднай спажыўнасці: чароту, аеру, трыснягу, белых і жоўтых гарлачыкаў, вадзянога арэха, а таксама асіны, кара якой для бабра амаль што далікатэс.
Увогуле ж, па харчаванні ў баброў няма канкурэнтаў. Хіба толькі андатра. Але яна зусім не пражорлівы звер, і нярэдка яе пасяленні можна бачыць непадалёку ад бабровых.
Як правіла, там, дзе жывуць бабры, водзіцца многа ўсялякай рыбы, бо мясціны гэтыя вельмі зручныя для нерасту, маюць безліч хадоў, у тым ліку і старых, забытых, куды рыба найчасцей і заходзіць на днёўку. Зімою ў бабровых азёрах рыба ніколі не прытхаецца, праз берагавыя лёхі-прадушыны вада ў любыя маразы дыхае — папаўняецца кіслародам.
Калі мала корму або вадаём забруднены, там бабры надоўга не затрымліваюцца. Бывае, што ў пошуку прыдатных умоў яны рашаюцца на многакіламетровыя вандроўкі сухапутам. I хаця ў бабра надзвычай востры слых, тонкі нюх і не абы-якая кемлівасць, ён, бывае, рызыкуе сабой: непаваротлівы ціхаход, безабаронны й лёгка даступны для нападу, уразлівы — трапляе часам на закусь ваўку, рысі, а то і ў рукі браканьера.
Стыхійнае рассяленне баброў немагчыма без значных страт. Зрэшты, колькасны рост пагалоўя звера ў перанаселеных раёнах рэзка скарачаецца, што само па сабе зразумела. Да таго ж яшчэ, бабры цэлымі сем'ямі ўступаюць у працяглыя «войны», наносячы адзін аднаму смяротныя траўмы, — і толькі з-за таго, каб не пусціць чужака ў свае ўладанні, на абжытую вотчыну.