Выбрать главу

Звычайна там, дзе нізкія берагі, што па вясне поўнасцю затапляюцца вадой, бабры будуюць сабе так званыя хаткі, прытым шматпавярховыя, з комплексам утульных «пакояў», усцеленых адмысловым паркетам — сухімі лазовымі стружкамі. Памеры хатак залежаць ад вясновай вады: чым вады болей, тым хаткі вышэйшыя. Пры гэтым старыя бабры (бацькі) не гоняць сваіх дзетак на неабжытыя ўгоддзі — уступаюць ім сваё абжытае селішча, а самі, калі адпавядаюць прыродныя ўмовы, паблізу ўзводзяць новую хатку ці проста пашыраюць старую (у рэках і азёрах з высокімі берагамі капаюць норы), каб разам з дзецьмі выходзіць уначы на прагулкі, аберагаць іх.

Бабры здзіўляюць чалавека і такімі складанымі збудаваннямі, як плаціны для ўтрымання вады, якія часта можна бачыць на балотах з невялікімі рачулкамі. Плаціны, зробленыя з паленцаў і гразі, надзейна перакрываюць раку і ўсё лета падтрымліваюць неабходны для баброў узровень вады.

Тое, што бабёр, калі параўнаць яго з іншымі грызунамі, высокаразвіты, яшчэ не значыць, што яго можна лёгка прыручыць, скажам, як сабаку ці ката. I ўсё ж — гэта бадай адзін з самых блізкіх да хатніх жывёл і адзін з самых гаспадарлівых звяроў. Ён імкнецца зберагчы свае кармавыя ўгоддзі, што знаходзяцца ў раёне пасялення. I толькі малыя бабраняткі маюць права на пэўную раскошу — адшчыкнуць сакаўную галінку вербалозу ля свайго селішча і паласавацца ёй.

Часам даводзілася бачыць і такія дзівосы, калі падгрызеная бабрамі асіна чаплялася голлем за суседняе дрэва і завісала. Што ж рабілі бабры? Ва ўсякім разе, не адступалі й распачатай справе надавалі далейшы ход — падразалі дрэва з камля, як дастаць, зноў. I працавалі да тае пары, пакуль кучмастая вяршаліна не падала долу. Так і хочацца верыць, што гэтая іх рацыяналізацыя — самы звычайны разлік, а не прыродны інстынкт, як сцвярджаюць вучоныя.

Людзі здаўна надавалі бабру асаблівую ўвагу. Адных ён вабіў тым, што футра яго заўсёды ацэньвалася значна вышэй за сабалінае. Другія ж — бачылі ў ім разумную істоту. Нярэдка прыручаных бабранятак індыянкі кармілі ўласным малаком — акурат як і сваіх грудных дзяцей.

Сярод рускіх памешчыкаў і беларускай шляхты было прэстыжным разводзіць побач з маёнткамі — у азёрах ці нават сажалках — баброў з чорнай афарбоўкай. Так прынцэса Альдэнбургская, напрыклад, у 1886 годзе завезла ў сваё родавае памесце Рамонь, што было ў Варонежскай губерні, пяць беларускіх баброў. Багацейка захаплялася не толькі паляваннем — яна трымала багаты звярынец з рэдкімі звярамі й птушкамі. Прывезеных баброў загадала выпусціць у невялічкае возера, якое папярэдне абнеслі частай металічнай сеткай. Ды бабры не пажадалі жыць за кратамі й падчас паводкі ўцяклі з няволі — перайшлі ў раку Усманку і паступова пачалі абжываць бліжэйшыя вадаёмы.

У Расійскай імперыі паляванне на бабра афіцыйна лічылася забароненым. Але толькі афіцыйна — употайкі бабровыя гоны вяліся няспынна на працягу многіх стагоддзяў. Каштоўны звер катастрафічна знішчаўся паўсюдна, бо ўсе, хто меў магчымасць упаляваць бабра, вышуквалі яго зімой і летам. За бабровае футра замежныя камерсанты плацілі чыстым золатам.

Выміраючы прамысловы звер — такі прысуд быў вынесены бабру. Пад канец XIX стагоддзя засталося ўсяго некалькі бабровых калоній на Беларусі ды на Паўночным Урале. У нас — з прычыны непраходных балот, адсюль і маладаступнасцю да бабровых хатак; на Паўночным Урале баброў аберагалі мясцовыя жыхары, прыезджых прамысловікаў не дапускалі на бабровыя тоні.

Вядома, што раней, чым дзе, бабра не стала ў Англіі, якая з гэтай прычыны ператварылася ў аднаго з актыўных пакупінікоў бабровага футра — гэтак жа, як затым і Францыя, і шэраг іншых краін. I толькі Амерыка працягвала пастаўляць футра канадскага бабра на міжнародны аўкцыён вялікімі партыямі. У Канадзе, зрэшты, былі таксама і белыя бабры, якія мелі выключны попыт у Еўропе, што і абумовіла іх поўнае вынішчэнне як віду. А між тым яшчэ ў 1820 годзе французскія камерсанты ацэньвалі вычасаны з белага бабра пух па 18 франкаў за фунт, у той час калі столькі ж ад еўрапейскага каштавала ўсяго б франкаў. I не дзіўна — многія рускія гандляры падмешвалі ў бабровы пух каціную поўсць, менавіта з гэтай прычыны цэны на іх тавар былі занадта нізкія.

Адразу ж, як толькі знікла з рынку футра белага канадскага бабра, першынство перайшло да еўрапейскіх (рускіх) баброў з чорнай афарбоўкай.