У краінах Заходняй Еўропы доўгі час трымалася мода на бабровыя капелюшы, якія называліся касторавымі (на лацінскай мове бабёр — каstоr). Вырабляліся капелюшы з бабровага пуху, і той, хто насіў такі галаўны ўбор, нібыта ніколі не пакутаваў ад мігрэні, меў чэпкую трывалую памяць.
Палявалі на бабра не толькі з-за яго адменнага футра. На так званы бабровы струмень быў яшчэ пільнейшы попыт. Гэты «цудадзейна-лекавы» сродак прадавалі на вагу золата, бо лічыўся панацэяй ад многіх хвароб, у тым ліку ад істэрыі й старасці. У 1865 годзе доктар Марыус выдаў кнігу «Кастаралогія», у якой надаваў струменю проста легендарную гаючасць. Па яго рэцэптах каля пяцідзесяці лекаў былі папулярнымі больш за стагоддзе. Адзін кілаграм струменя ад рускіх баброў па тым часе каштаваў у Германіі 1100 марак, ад канадскіх — усяго толькі ад 80 і да 240. I ўсё ж такі знайшоўся вучоны, які рашуча выступіў супраць лекавых уласцівасцей бабровага струменя і прапанаваў пазбавіць ад яго ўсе аптэкарскія арсеналы. Гэта быў прафесар Манка. Сваёй кнігай «Асновы тэрапеўтыкі» (1896) ён зрабіў бадай што пераварот у медыцыне. Бабровы струмень адразу ж абясцэніўся, і толькі ў народнасцей табольскай Поўначы — вагулаў, асцякоў, ненцаў — ён па-ранейшаму шырока прадаваўся, але ўжо не як лекавы сродак, а прымянялі яго выключна ў бытавых і рэлігійных абрадах.
У наш час бабровы струмень асвоены парфумнай прамысловасцю — яго спіртавы экстракт значна ўмацоўвае стойкасць паху духоў, робіць іх высакаякаснымі, што, уласна, і надало струменю новыя магчымасці. Калі раней знакамітыя французская і англійская парфумныя фірмы выкарыстоўвалі для вырабу вышэйшага гатунку духоў мускус кабаргі, спермацэт кашалота, а то і штучныя сурагаты з блізкім да мускусу пахам, то цяпер бабровы струмень з'яўляецца незаменным рэчывам у гэтай справе.
На Беларусі вось ужо каторы год вядзецца промысел баброў Так, час выстаўляе свае патрэбы: і бабёр, і выдра, і норка, і куніца ды іншыя звяры з добрым футрам — усё гэта мяккае беларускае золата, якое пры правільнай арганізацыі пушной гаспадаркі можна здабываць пастаянна і ў вялікай колькасці. Беларусь, калі можна так сказаць, — бабровы мацярык, вялікая бабровая зямля. I каму ж, як не нам, беларусам, на поўным сур'ёзе заняцца ўзнаўленнем нацыянальнага промыслу — бабровымі гонамі! Усё для гэтага ёсць. Нестае адно сапраўднага гаспадара, які ўзяў бы на сябе такі далікатна-адказны, нялёгкі абавязак. Як відаць, лясгасы з гэтым не спраўляюцца, бо сярод леснікоў, якія бадай усе маюць стрэльбы, браканьераў удвая болей, чым сапраўдных ахоўнікаў прыроды.
Здавалася б, ну навошта сёння леснікам стрэльбы? Адно каб лесапарубшчыка застрашыць?.. Нехта, можа, і застрашыць, а пасля з лёгкай душой заб'е бабра і яго каштоўнае футра завязе на пражэрліва-непераборлівы расейскі рынках.
Сапраўды, з бабрамі ў нас усё яшчэ няма парадку — хто іх толькі не знішчае, хто не нажываецца за кошт бабровага каштоўнага футра. Прычасныя да гэтага і шматлікая армія браканьераў, і несумленныя, выпадкова трапіўшыя ў прамысловікі паляўнічыя, а найбольш — раўнадушныя да роднай прыроды кіраўнікі, высокія тытулы якіх нярэдка шэрай мярэжай засцяць ім белы свет.
Да нядаўняга часу бадай ці не каторы год запар працягвалася інтэнсіўная асушка беларускіх балот, выпрамленне рачулак і знішчэнне прыбярэжных хмызнякоў. А між тым у гэтых вадаёмах і хмызняках на працягу тысячагоддзяў знаходзілі сабе заўсёдны прыстанак самыя розныя звяры й птушкі. Шматлікія насельнікі балот змушаныя былі пакінуць свае крэўныя мясціны, а большасць з іх проста пагінулі.
Успомнім так званае «акультурванне» лугоў усцяж Сожа ад Слаўгарада і да вёскі Гайшын — якраз на тэрыторыі буйных пасяленняў чорнага бабра. Меліяратары дзейнічалі ў шырокіх маштабах і самай сучаснай тэхнікай: авіяцыяй і ядахімікатамі. Усё тое кустоўе, што замінала, і тое, што нікому не мазоліла вока, як сказаў бы тутэйшы чалавек, бо расло па берагах Сожа і вакол азёраў, пажоўкла і высахла. Глядзіш — і жуда бярэ: скрозь, на колькі можна скінуць вачыма, абступаюць раку дзве чорныя палосы мёртвых лазовых кучараў...
Тэлефон тагачаснага старшыні Слаўгарадскага раённага таварыста паляўнічых не змаўкаў:
— Іван Мікалаевіч, га?
— Ён самы... Што ў вас?
— У нас тут — бяда... — У трубцы трывожны голас пастуха. — На тэй во кругловіне, ля Лысае гары што, акурат у кусціках лазы, на бабра наткнуўся. Ніцма ляжаў. Здаравушчы, і чорны — ажно блішчыць. А другі — далей троху. I таксама чорны. Гэты мордачкаю да вады ляжыць. Я падумаў, што ўцякаць ад мяне сабраўся. Падышоў — не, мёртвы... Хто пабіў? Кажуць, тута два дні таму самалёт над лугам лётаў. Ага, наш. Кукурузнік. Атруту на кусты ліў. То, пэўна-ка, бабры сербанулі атруты... От, мы сядзім, мужыкі, і гадаем, куды дзяваць гэтых баброў, каго штрафаваць, га?..