Выбрать главу

Сабака, як быццам у знак згоды, лізнуў гаспадарову руку.

Кастусь Трахімчык, які ўвесь час уважліва слухаў Паўлаў расказ, пакруціў галавою і ні то сам сабе, ні то да сяброў-паляўнічых сказаў:

– Разумныя яны ўсё ж стварэнні і дабрату чалавечую памятаюць, як ні адна з жывёлін. У гэтым мне давялося пераканацца самому.

Было па ўсім відаць, што Кастусю таксама хочацца расказаць нешта цікавае пра свайго Казбека, і Аляксей знарок спытаў:

– А на чым жа вы пераканаліся, дзядзька?

Стары паляўнічы падгарнуў кіёчкам недагаркі ламачча ў кучку.

– Гэта цэлая гісторыя. Пакуль адпачнём, можна расказаць. Усю вясну і лета 1946 года я працаваў, на Каўказе ў даследчай групе. Работы было шмат, і мы цэлымі днямі прападалі ў гарах. Спусцімся толькі на ноч у вёску адпачыць, а раніцою зноў у паход.

У гаспадара, дзе мы кватаравалі, быў дужа злы сабака, вось гэты самы мой улюбёнец, – паказаў Кастусь на Казбека. – Як мы ні стараліся, ён не заводзіў з намі аніякай дружбы і блізка не падпускаў да сябе. Гаспадар проста не ведаў, як ганарыцца сваім верным служкам.

Неяк пад канец лета мы адлучыліся на некалькі дзён за кіламетраў пятнаццаць ад стаянкі. А як вярнуліся дамоў, засталі Казбека хворым: ён моўчкі ляжаў на кавылі каля будкі і нават не глянуў на нас. Я асцярожна прайшоў праз яго. Казбек цераз сілу падняў галаву, паглядзеў на мяне асавелымі вачыма і зноў апусціў на выцягнутыя лапы. Я спыніўся. Тут якраз падышоў гаспадар.

– Сарваўся быў з прывязі мой Казбек, пабег у горы, а там падстрэлілі, відаць, паляўнічыя... Іх кожны год у гэтую пару наязджае шмат з горада.

– Хварэеш? Моцна баліць? – запытаў я ласкава ў сабакі.

Ён вільнуў хвастом і жаласна паглядзеў мне ў вочы. Так, здаецца, і просіць: «Дапамажыце».

Я нагнуўся агледзець рану. На ўсякі выпадак гаспадар надзеў Казбеку наморднік.

– Нічога не будзе, – махнуў ён рукою, – Не залізаў сам, не паможа ніякі доктар. Дарэмнйя турботы...

Гаспадаровы словы здзівілі мяне. «Няўжо нельга пастарацца выратаваць сабаку?» – падумаў я.

Казбек прыўзняўся і лізнуў маю руку сухім шурпатым языком. Не верылася, што гэта той самы люты Казбек, які некалькі дзён назад не падпускаў мяне на даўжыню ланцуга. Ён кідаўся ва ўсе бакі, і калі б яму ўдалося сарвацца з прывязі, то ад мяне, напэўна, засталіся б адны шматкі.

Параненая нага гнаілася. Да ветэрынара гаспадар не звяртаўся за дапамогай, бо лічыў, што ад любой хваробы сабакі вылечваюцца самі травамі. Але занадта вялікай была рана, каб мог Казбек вылечыцца без дапамогі чалавека.

Гаспадыня наліла мне ў місачку цёплай вады, і я ўзяўся за лекі – перад ад'ездам у экспедыцыю мы ўсе . прайшлі курсы першай медыцынскай дапамогі. Спачатку я ачысціў рану ад гною, дастаў пінцэтам некалькі шрацін, потым прысыпаў рану стрэптацыдам і завязаў бінтам. Казбек асцярожна падцягваў параненую нагу і скуголіў. Ён раз-пораз тыцкаўся мордай у маю руку і лізаў кончыкам языка, наколькі мог высунуць яго праз наморднік.

– Не дапаможа, – безнадзейна скрывіўся гаспадар і пайшоў у свой вінаграднік.

Я зняў наморднік, схадзіў у хату, прынёс малака з накрышанай булкай і паставіў перад Казбекам. Ён сербануў два-тры разы і ласкава зірнуў на мяне.

Потым зрабіў яшчэ перавязку, і праз некалькі дзён Казбек пачаў злёгку наступаць на хворую нагу. Гаспадар радаваўся. Але сабака не выказваў яму ранейшай адданасці. Казбек хадзіў цяпер з нашай групай на даследчыя работы, аднак трымаўся заўсёды мяне.

Сядзем, бывала, адпачываць, і ён побач са мною. Пойдзем у дарогу – бяжыць спераду і ўсё азіраецца, ці не адстаў я, ці іду следам за ім.

Аднаго разу мы вырашылі пажартаваць з Казбека: збочыў я з дарогі і схаваўся ў кустах. Ён азірнуўся і, не ўбачыўшы мяне, вярнуўся на пошукі. Я прыкінуўся нежывым. Казбек сеў і заскуголіў.

Я не вытрымаў і засмяяўся. I да чаго ён зарадаваўся! Закруціўся на месцы, лёг на лапы і папоўз, каб лізнуць мяне ў твар...

Увосень мы развіталіся з ім, як шчырыя сябры.

А праз два гады наша экспедыцыя зноў прыехала ў тыя мясціны на даследаванне. Да чаго ж зарадаваўся Казбек! Ён лашчыўся, ашчаперваў лапамі мае ногі і ўвесь час намагаўся дацягнуцца да твару: выказаць найбольшую радасць – лізнуць у шчаку.

Гаспадар спачатку радаваўся з нашай дружбы, а пасля пачаў бурчаць на сабаку.

У выхадныя дні я часта хадзіў з Казбекам на паляванне ў горы. Надвячоркам аднаго разу, ідучы дахаты пасля доўгага вандравання, я надумаў пакупацца. Каму даводзілася купацца ў горных рэчках, той ведае, якая халодная вада ў іх. Мне трзба было, раздзеўшыся, трошкі астыць, а я, спацелы, адразу – бух з берага, даплыў да сярэдзіны рэчкі, хацеў павярнуць назад, а тут ногі перасталі слухацца. Скруціла сутарга – выпрастаць не магу. Нясе мяне вада ўніз, проста на вір, і ніяк мне да берага не дабрацца, хоць ты гвалт крычы. «Ну, – думаю, – без пары смерць прыйшла. Людзей паблізу няма, памагчы няма каму».