Ды не выказала, не спытала, а толькі гнеўна паглядзела на бацькаў атупелы твар з асалавелымі вачыма. Ён глядзеў на дачку, але нічога не бачыў і не чуў. Аглушаны, зняможаны, амаль без прытомнасці... I як толькі яшчэ трымалася душа ў гэтым бязвольным целе?
Раптам перад самым парогам бацька закапрызнічаў, заартачыўся, паспрабаваў вырвацца з учэпістых Ягоравых абдымкаў.
— Куды? Не хачу, не жадаю... Вампіры, людаеды! Не-на-ві-і...
— Спакойна, Пашка, не кантуйся! Гэта ўжо галюцынацыя, міраж... Спаць, спаць... А вечарам будзе кайф: чэшскае піўко з сяўружкай. Жыць трэба, Пашка, жыць! У цябе ж рукі залатыя...
Павел Рыгоравіч гэтак жа раптоўна заціх, як і ўзгарэўся. Толькі штосьці бурчэў сабе пад нос, нібы прасіў прабачэння. I паслухмяна пайшоў у хату, апіраючыся на дужыя Ягоравы рукі. Замінка выйшла ў дзвярах, што вялі ў прыхожую. Бацька зачапіўся вялымі нагамі за парог; і Ягору давялося браць яго ў ахапак. Данёс да кушэткі, апусціў на клятчастую пасцілку. Вера паспела пакласці падушку пад бацькаву галаву, якая бязвольна ўпала тварам уніз.
— Фу ты, ну ты... Вось і парадак, — Ягор змахнуў з ілба кроплі поту, ляпнуў рукамі па жываце. — Нічога, праспіцца, будзе як агурчык. Не ён першы, не ён апошні.
Сказаў і пайшоў з хаты, Вера — следам. На двары Ягор убачыў Карлушу, які ўсё яшчэ сядзеў на плоце, здзівіўся:
— А лятаць ён умее?
— Умее. Ён у мяне разумны, я з ім сябрую.
— Няўжо? — Ягор спыніўся каля куста язміну, адламаў галінку, усыпаную белымі кветкамі, прынюхаўся. — Сябруеш? Ці-ка-ва-а.
— Я выратавала яго, вось ён і прыручыўся. Ён абедаць прыляцеў.
— Слухай, — раптам ажывіўся Ягор. — Прадай мне гэтую варону... Для майго Мікіткі. У яго ёсць вялікая клетка, раней у ёй два папугаі жылі... Ведаеш, які мой сынок дасціпны? Дзесяць гадкоў, а такі кемлівы, вундэркінд.
— Карлуша не прадаецца, — захвалявалася Вера. — I ніякая ён не варона...
— Ну, не крыўдуй, я ж пажартаваў. Заплачу добра, мне для Мікіткі нічога не шкада. У нас гэтыя «бабкі» курачкі не дзяўбуць...
— Вось вы і купіце свайму Мікітку курачку.
— Курачку-рабу? — спытаў Ягор і зарагатаў. — З табой, бачу, не засумуеш. Толькі мне патрэбны твой Карлуша. А калі нам зажадалася...
Сказаў і ступіў два крокі да плота, прынюхваючыся тоўстым глюгаватым носам да галінкі язміну. Карлуша глядзеў на Ягора з падазрэннем. Што трэба гэтаму тоўстаму, чырвонатвараму чалавеку? Чаму Вера так устрывожылася?
Раптам Карлуша сарваўся з плота і чорнай стралой мільгануў каля самага твару Ігналёвага сына. Той ад нечаканасці аж прысеў, уцягнуўшы галаву ў плечы.
— Фу ты, ну ты, нячыстая сіла! — Ягор зрабіў выгляд, што зусім не спалохаўся, а так, пажартаваў.
— Не бойцеся, Карлуша не кусаецца, — абрадавалася дзяўчынка. — Проста ён не хоча прадавацца.
— Ды ўжо ж бачу, — раздражнёна сказаў Ягор і пайшоў з двара. — Вось вазьму на мушку, тады палётае...
— Не думайце, што вам усё дазволена, — успыхнула Вера. — Вы лепш вазьміце на мушку Сеньку Абабурку і яго дружкоў. Яны ж археолагаў абакралі... Вельмі каштоўную рэч...
Ягор быццам спатыкнуўся:
— Што ўкралі?
— Нешта старадаўняе, — адказала Вера, а сама падумала: «I чаго ён так устрывожыўся? Як тады, на падводзе, яго бацька...»
— Няхай не ловяць варон, — сказаў Ягор, накіроўваючыся да брамы.
— А калі хто купіў тое крадзенае? — спытала Вера. — Давядзецца аддаваць, праўда?
Але Ягор быццам не пачуў яе пытання, толькі махнуў рукой з галінкай язміну — і хутчэй да веснічак. А яму ўслед, з вяршаліны клёна, паляцела здзеклівае: «Ка-ар, ка-ар».
Рэзка стукнулі веснічкі, потым — дзверцы машыны. Тут жа завуркатаў рухавік. Праз хвіліну-другую ўсё сціхла. Растаў і смуродны дым Ягоравай «Волгі», які заляцеў на двор разам з гарачым ветрам.
Вера прысела на лаўку, з клёна апусціўся Карлуша і пачаў дадзёўбваць свой абед з глінянай міскі. Дзяўчына назірала за птушкай і задумліва разважала:
— Бачыш, Карлуша, цябе хацелі купіць. Спадабаўся ты... Купец таўстапузы, адгадаваў свой валляк... Вось так, Карлуша. На асабістай машыне катаецца, усё можа купіць-прадаць. А яшчэ кажуць, што ў нас няма паноў... Казка для дурачкоў. Злодзей на злодзею едзе і злодзеем паганяе...
— Ка-ар, ка-ар, — Карлуша адклікнуўся на Верыны словы зычным голасам. А можа, падзякаваў сваю гаспадыньку за абед? Праглынуў апошні кавалак бульбы, шчоўкнуў дзюбай і ад задавальнення прыжмурыў вочкі-пацеркі.
— I чаму так, Карлуша, чаму? Чаму бог няроўна дзеліць? — Яе думкі трывожна мітусіліся, нібы ластаўкі перад навальніцай.