Выбрать главу

Лёснаў стаў зайздросціць мне. Ён, дзівак, быў чамусьці ўпэўнены, што мой «міні-велік» зручнейшы за яго, дарослы, а галоўнае — надзіва лёгкі на ход. Прапанаваў абмен. Пры гэтым паабяцаў сябраваць са мной, як з роўным: маўляў, будзе даваць чытаць такія кнігі, якіх і блізка няма ў школьнай бібліятэцы... Падобна, набіваўся ў дружбакі.

Я маўчаў. Сябраваць з братам настаўніцы, у якой сапраўды багата цікавых кніжак, яшчэ як хацелася. Але каму трэба гэты яго недаломак?..

I вось — Лёснаў усеўся на «Арляня», троху пакружыў вакол, пацешыўся і, пасмейваючыся, з шыкам развярнуўся і пакаціў дахаты.

Пакінуты мне «дарожнік» — гэта я адразу ўсёк — не сказаць каб зусім безнадзейны: знягеглае сядло прасілася ў рамонт, не хапала некалькі спіц у заднім коле, а што да педаляў і шатуноў, дык іх проста трэба памяняць на новыя — у продажы ёсць, на свае вочы бачыў. Грошы ў мяне былі — больш за трыццаць рублёў атрымаў за нарыхтаваную лазовую кару. Праўда, збіраўся набыць фотаапарат, але з ім і пачакаць можна.

Бацькі не звярнулі ўвагі на абмен, і гэта мяне канчаткова супакоіла. Два дні займаўся рамонтам. У школу не пайшоў. На раме і шчытках шмат дзе была злушчана фарба, і я зняў наждачкай іржавіну, акуратна адшліфаваў і старанна зафарбаваў парушаныя мясцінкі. У нядзелю як не паўдня займаўся абкаткай, а ў панядзелак бадай што з шыкам прыкаціў у школу на поўнасцю адрамантаваным веласіпедзе.

Пасля заняткаў, вяртаючыся дамоў, нагнаў Лёснава якраз на скрыжаванні, дзе яму трэба паварочваць. Кручком, нібы дзед, сядзеў ён на высока паднятым сядле і ўпарта круціў педалі, ледзь не б'ючы каленкамі сабе пад рукі.

— Ціхаход!.. — жартам выгукнуў я і наддаў спрыту. Назаўтра Лёснаў перастрэў мяне ў калідоры, затрымаў і стаў абурацца: маўляў, я схітраваў — пусціў яму пыл у вочы, надурыў. Калі выйшлі са школы, нават памкнуўся быў угаварыць мяне ўзяць назад «Арляня».

— Ну?.. Дзясятку даю за рамонт, — не зводзіў вачэй з ужо не свайго веласіпеда. — Мне гэты «школьнік» твой задужа малы... Нязручны.

— Ты бачыў, што браў.

— Я ўзяў пакатацца!

— Вось і катайся, — сказаў я спакойна і дадаў: — Пашукай у іншым месцы дурня.

Лёснаў па-даросламу мацюкнуў мяне, адышоўся і больш ужо не загаворваў са мною, дзе б мы ні сустракаліся. Не ведаю, што і як думаў ён пра мяне, крыўдаваў ці не, а я тым часам зразумеў адно: сяброў не выбіраюць — імі становяцца.

* * *

Неяк маці абмовілася, што, маўляў, толькі той з нас жыве правільна, хто не пакідае надоўга свой радзінны куток.

— У такім разе мне, выходзіць, трэба ў нашым Ходараве ўвесь час жыць? — не спытаў — хутчэй запярэчыў я.

— I што ў гэтым дрэннага?.. — маці не здзівілася пачутаму. — Яно ж, калі ўдумацца, дык на вырачэнца, куды б ён ні дапяў, глядзяць, як на чужака, прыблуду... Ат, калі некаму седні на сваёй зямлі няма, дык і нідзе ўжо не будзе, не знойдзе ён сабе па душы прытулле. Яны ж, усе гэтыя няўрымслівыя бегуны-няўседы, і каламуцяць свет. I гарады прыдумалі яны — праўдамі й няпраўдамі загналі людзей у камяніцы й пяклуюць няшчасных, здзекуюцца, а самі раскашуюць на дармаўшчы-не. Адсюль і няроўнасць: той, хто робіць, — нічога не мае, а хто правіць — у таго лайно ад тлушчу трасецца. «Правіцелі» сядзелі й сядзяць у людзей на гарбе ўвесь час: не косяць, не аруць, а ўсё лепшае сабе грабуць... З чужога жыруюць.

Я стоена-ўцешна лаўлю кожнае слова і думаю: «Во і не пагадзіся з маці — правільна разважае!» Тым не менш — кажу, што, маўляў, калі вывучуся, дык пры магчымасці пастараюся ў горадзе жыць. У вялікім горадзе.

— Горад — не радасць. — Маці проста агарошвае мяне сваім стаўленнем да гарадоў. — Я во тут, дома, хоць уволю малака свежанькага нап'юся. А ў горадзе малако скрозь зялеззе прапусцяць, усё ў ім выпалашчуць, то якое ж гэта малако? Бурда белая, пустая вада... I так — што ні вазьмі. З выгляду прыгожа, а ў рот возьмеш — нясмачнае, выплюнуць хочацца.

— Не, мама. Гарадскому чалавеку жывецца значна лягчэй, чым вяскоўцу. Ён карыстаецца бадай усімі выгодамі, што дае цывілізацыя: прыгажэй апранаецца, больш чуе, бачыць і, калі хочаце, смачней есць.