Выбрать главу

Мне, пастушку, на ўсякі выпадак давялося засвоіць тое-сёе з правілаў, якія належала ведаць. Вось хоць бы адно з іх: убачыўшы цікуючага ваўка, трэба адбівацца моўчкі, без крыку, і звер тады не надта ўпэўнены ў сабе, думае, што яго не баяцца, і не рашаецца нападаць. А пачуе лямант — бяды не мінаваць: бяссілле і перапалох прыспешваюць, прыдаюць яму агрэсіўнасць, рашучасць. Тут ужо ён не чакае, пакуль падмога нахопіцца, — лютуе...

Прызнацца, я не баяўся ваўкоў. I хутчэй за ўсё таму, што дома ў нас была паляўнічая стрэльба, з якой і мне неаднойчы даводзілася страляць. Больш таго, я ўжо колькі разоў хадзіў з бацькам на паляванне. Праўда, што-небудзь значнае ўпаляваць нам пакуль не выпадала, і маці на гэты конт абмовілася так, што я — гора-паляўнічы і звер на мяне не бяжыць, таму і не варта гойсаць па лесе. Але бацька ўсё ж паступіў па-свойму: калі адкрылася паляванне, мы зноў зачасцілі ў Трасцянку. Цецерукоў тыя гады было многа, выляталі з балота на свае ўлюбёныя такавішчы ладнымі чародамі. I нам стала шанцаваць — бадай кожную раніцу хоць адзін касач ды трапляў у торбу. Часам і два-тры. А неяк і глушча ўпалявалі.

Звычайна бацька прыманьваў цецерукоў, чуфыкаючы бадай гэтак жа сама, як і яны. Дзіўныя птушкі: лятуць да буданчыка, зробленага з яловых лапак, і было, што садзіліся на яго верх... Лапоча крыллем, пужае суперніка, а таго не разумее, што з тропу яго збівае чалавек, паляўнічы.

Пасвіў свіней я звычайна не адзін. Штодня прападалі на мурожнай лугавіне Віцька Кляпун і Хведзька Ткач, мае аднагодкі. Віцька цялё навязваў на доўгую вяроўку і гора з ім не ведаў, затое Хведзьку дзве шкадлівыя авечкі не давалі быту.

Дружбаны нашы — Міцька Буц і Лодзік Мядзюха — прыходзілі на поплаў абы час правесці, проста байды білі, гультайнічалі. Гэтыя бэйтусы прыносілі з сабой махорку і, як заўсёды, аўтаматныя патроны. Дзе толькі й бралі іх. Спачатку мы смалілі самакруткі, затым усчыналі страляніну: кідалі колькі патронаў у агонь і разбягаліся хто куды, чакалі. Тах-х! Тах-х! — гучна шпокалі патроны, раскідваючы наўкруг дымныя махныткі й вуголле.

Гэтак аднойчы напалохалі дзеда Лаўрэна. Ён часта заяўляўся да нас. Звычайны занятак яго — збіраў у навалку гусінае ды курынае пер'е, якога заўсёды шмат было на кустоўі, нібы хто знарок чапляў на пацеху старому чалавеку. Вядома ж, вецер гэтае рабіў, змятаючы ўсё лёгкае з поплава, у тым ліку і прысак з нашага цяплянішча. Другая прычына Лаўрэнавых ходак, па ўсім відаць, такая: у яго бадай ніколі не было сваёй махоркі, і ён спадзяваўся на чужую, тую самую, што прыносілі хлопцы; часцяком і я спрабаваў трэсці бацькаў кісет.

Дык вось, калі Лаўрэн адвярнуўся ад вогнішча — грэў спіну, — Лодзік і сыпануў у гарачы прысак жменю патрончыкаў. Стары не ўбачыў таго, як мы шмыганулі хто куды, пахаваліся. I тут — адзін стрэл, другі... Пераляканы, стары не адразу расшалопіў, хто і навошта страляе. Страх скаваў яго, сама-крутка выпала з зубоў...

Нешта падобнае, зрэшты, з ім ужо здаралася падчас вайны. Ідучы па вуліцы, надумаў быў папрасіць у стрэчнага акупанта закурыць. Фашыст напачатку прыкінуўся добрым — даў яму тоўстую, як драўляны клец, цыгару і наколькі мог прыязна ўсміхнуўся.

«О, вы — харошы пан, гут!.. — зарадаваўся Лаўрэн, усміхаючыся на ўвесь свой шчарбаты рот. — То, будзьце ласкавы, васпане, заадно ўжо і падкурыць дайце. У нас тут, ведаеце, крэсівам карыстаюцца, а гэта нязручна». — I паказаў на пальцах, каб той запальнічкай «высек» агонь. А немец — хоп! — дастаў з кішэні маленькі пісталецік і ну тыцкаць дульцам папрашайку пад нос ды прыгаворваць:

«Прикуривай, рус Иван!.. Ну!.. Я-я, прикуривай! — Ёкнула сэрца ў Лаўрэна, спацеў. Цыгара долках апынулася. Немец не адступае — падняў цыгару і ўторкнуў яму ў губы, пацяшаецца: — Тавай, тавай, рус... Прикуривай!»

I так муштраваў, аж пакуль Лаўрэн не падняў рукі: маўляў, здаюся, ягамосць, вінаваты, больш не стану прасіць, каб ты спрах. Немец адламаў канец сігары й прыкурыў. Аж гэта ў яго такая запальнічка была, падобная на пісталет. Смокча цыгару, смяецца і пыхкае дымам Лаўрэну ў твар.

Чаго толькі Лаўрэн нам не расказваў — і ўсё так складна атрымлівалася, цікава. За гэтае, мусіць, мы й паважалі яго, можа, нават любілі.

— Я, ведаеце, таксама ў пастухах пахадзіў... — узяўся ён апавядаць чарговую быль-небыль. — Авечак у дакалгасны час мужыкі памногу трымалі, лічы, у кожным падворку не па адной-дзве, як цяпер, а па сем-восем было, а то і ўсе дзесяць-дванаццаць. Сукно ж тады крамнае са свечкай шукай — не знойдзеш. Калі й напаткаеш дзе, дык цана кусалася — ёмкая была, не ўсім па кішэні. 1 людзі самаручна ткалі. Дзеля воўны трымалі авечак. Пасвілі па чарзе...