— Ну, казаў... А што? — Лаўрэн насцярожыўся. — Ты скуль усё ведаеш? Бацька набаяў, га?
— Бацька.
— То і маўчаў бы, калі ведаеш. А гэтыя бэйтусы хай бы слухалі, — пакосіў вочы на Лодзіка і Міцьку, насупіўся. — Скажам, я чалавек пажылы, з мяне, значыцца, і спыт невялікі, а вы — маладыя, то хоць бы вучыліся добра... Абодва засталіся на другі год. Гэта ж, колькі вам, пустагаловым малайцам, спатрэбіцца часу, каб дзесяцігодку скончыць? — Засяроджана пачухаў патыліцу. — Па-мойму, вам усё роўна, калі й на трэці год застанецеся кукаваць у чацвёртай групе. Дастукаецеся, ядрона вош, такой паблажкі, хэ-хэ-хэ-э... А ў пятай намнога цяжэй: там жа — дробы. — Махнуў рукой у мой бок: — Во, ён пацвердзіць... З дробамі вам, курцам-малайцам, не ўправіцца. Не-е, памяць ваша табакай ушчэнт атручана.
Лодзік Мядзюха, які да гэтага не зважаў на Лаўрэнавы павучанні, нечакана выказаўся:
— Ён таксама нараўне з намі курыць.
— Хто, Шурка? — Лаўрэн густа змаршчыніў лоб, павярнуўся да мяне: — Смаліш з імі?.. Скажу бацьку, скажу. — Ад яго самакруткі застаўся адно куцы асмоктыш, і бычок гэты ён з форсам пстрыкнуў у цяпельца. — Гультайё-ё-ё, гайсуны!.. Мне б, хлопцы, ваш узрост — прахвесарам стаў бы, усе навукі адужаў бы!.. Нам, калі я такім во лахцубарам быў, як вы, не дазвалялі без дай прычыны шляцца абы-дзе. I школ тады не было столькі, у навуку не ўсе і здольныя прабіваліся... Вы, от, не палянуйцеся — спытайце ў бацькоў сваіх, няхай скажуць, як вучыліся. Ім такой лахвы-выгады й не снілася.
I праўда, вечарам я слухаў бацькаў расказ пра яго колішнюю вучобу, а найбольш — пра першую і адзіную настаўніцу:
— Яна ж, настаўніца тая, не магла жыць без кніжак. Колькі ў яе іх было: і тоўсценькія — малыя, і тонкія — шырокія. Ды ўсе з малюнкамі, усе ў каляных, з матэрыі, вокладках — мудрыя, мусіць, кнігі... Школу ўсталявалі ў Дзямідавай пяцісценцы — стаяла акурат на беразе Закарчмы, водшыбках. Рэчка мелкая, гразкая — забалочаны раўчук з вадой, падобнай на гнаявую.
— Гэта якога Дзяміда? — паспрабаваў я заглыбіцца ў строй-насць бацькавых слоў. — Таго, можа, што ў Чэрыкаў пераехаў?
— Яго, — кіўнуў мне бацька. — Лесніком быў, і хату сабе, як стадолу, адбабэхаў, святліцу. Месца для школы хапала. У Ходараў перабраўся пры калгасах ужо. А ў Чэрыкаве асеў пасля вайны. — I бацька зноў скіраваў свае думкі ў далёкае маленства: — Значыць, я паняўся быў у настаўнічыных кніжках малюнкі разглядаць, яна запрыкмеціла гэта і кажа:
«Бачу, Герась, ты кнігі любіш, — гаварыла гучна, каб мае бацькі чулі. — Ды кнігі мала гартаць — іх чытаць трэба. Прыходзь у школу».
I я пайшоў. Назаўтра ж, раніцай. Настаўніца ўручыла мне сшытак і аловак. Спакойна вучыўся, пакуль не выпаў снег.
Холадна, завея, а босы я сабраўся ў школу. Матка — за матузы — і ў крык:
«Жыва, басюган, на печ!»
Не паслухаўся — па снезе драпануў, галанож. Дзе тая Дзямідава харома — за вярсту ад нашай хаты. Сеў на парту, смыляць мае ступакі — пазяблі ж. Я — хоп, нагу падабраў пад сябе, грэю. I другую гэтак жа пацяпліў. Настаўніца ўсё бачыла. Вярнулася са школы, бацьку майго залучыла да сябе ў баковачку і давай казаць, што вучоба — не прыхамаць, а неабходнасць, што скора ўсе дзеці будуць вучыцца, і папрасіла, каб хоць якія паношаныя шкрэбалы мне вымеркавалі ды світку справілі. Я сядзеў на печы за комінам і стоена слухаў. Бацька ўгаворам не паддаўся — пратрубіў як цецярук:
«Невялікая хітрасць у зямлі поркацца... Мы жывём без навукі, пражыве і ён, Граська наш. Не вялікі барон. Прыпуцім большых, пажэнім, тады й за яго возьмемся».
Мяне аж ускалаціла: хаця б лапці-лазовікі сплялі, дык — анічога. Піліп і Мікіта, бальшуны, і слова не закінулі, не паспачувалі мне. Ну, Мікіта — ён сам невук, у вучобу не вельмі ўлягаў. А Піліп — гэты, бывала, любіў казаць, што навука — не торба з паклажай, спіны не муляе. Паслухаць яго — за вучобу гарой. У самога чатыры класы, грамацей, можна сказаць. Праўда, калі пачуў, як добра і хутка чытае настаўніца, дык чырванеў перад ёй — акурат першакласнік, бо сам чытаў дрэнна — пэкаў ды мэкаў быдта заіка. Потым усё ж прылаўчыўся схопліваць вачыма ўсё слова. О, яны подаўгу бавіліся за кнігамі — сядзяць, чытаюць. З керасінам цяжка было, дык лучыну палілі. Прыгасне адна — Піліп новую ўстаўляе ў лучыннік.
— Як настаўніца да вас на пастой трапіла?
— А верыш, я дык і не знаю толкам... Піліп, мусіць, угаварыў, мёдам спакусіў — бацькавы вочы ўсмешліва заярчэлі. — На ўтровы ён у Прапойск на кірмаш ездзіў, мёд прадаваў. Топчыцца ля воза, курыць. I тут, значыць, спыняецца перад ім файна адзетая дзеўка. Спытала: