Выбрать главу

Маці заставалася ўсё яшчэ ў тым часе, мінулым, не маўчала:

— Скакаць я любіла... Ды бяда нейк здарылася са мной: пайшла ў Прапойск якраз на Вербнае скрысенне — спадніцу сабралася справіць к Вялікадню. Пехам тэпала, і так нагу намуліла... Тут во, — паказала на пяту, — мазоль здаравенны нацёрла, крывянік. Якраз жа вечарынку хлопцы ўстроілі, і Дзюбкар мой там за гарманіста, — маці лёгка неяк, праз смех, уздыхнула, затрымаўшы на бацьку свой рахманы пагляд. — Даўно ўжо, Грасічка, не называла цябе так... Уё-ёй-і, як шалёна час ляціць!

— Мама, ты дражніла тату Дзюбкаром? — насцярожана спытала Надзя. I — да бацькі: — У цябе, тата, дзюбаты нос быў да вайны?

Мы, большыя дзеці — Ніна, Жэнік і я, да бацькоў звярталіся на «вы», а ўжо астатнія, пасляваенныя, — на «ты». Чым гэта вытлумачыць, не ведаю. Але я гатовы быў ўшчыпнуць Надзю — няма чаго гаварыць пра бацькаў нос, бо зусім і не дзюбаты ён быў. Шкада, фотак не захавалася — згарэлі разам з хатай. Праўда, у Трахіма Астапава адна цудам засталася, і бацька там прыгожы, і з абедзвюма рукамі.

— Ну так, дражніла мяне Дзюбкаром, матка ваша, — бацька не стаў аднеквацца. — Шлем у мяне салдацкі быў, з дзюбачкай... Будзёнаўка. Якраз у той вечар, калі прыйшла на вечарынку са сцёртай нагой, яна і ахрысціла мяне так... Падышоў да яе — на шэйну запрасіў. Танец быстры, доўгі, з кружалямі-прытупамі, і жыва ўсё трэба рабіць, узахапкі, а куды ж ёй з хворай нагою кідацца ў такі віракрут. I ўзлавалася ні з чога-якага: «Адстань, Дзюбкар!.. Ідзі, вуна, з Кулінкай пакарагодзь!» Ведаў бы я, што ў яе нага баліць, — не пёрся б напралом... Назло ёй, што адмовіла ва ўсіх на віду, і запрасіў Кулінку. Была такая — у канцы Малінаўкі жыла. Касавокая рохля, з буклямі на галаве. Кулдосу зробіць і ходзіць, хварсіць. Патанцавалі. Кулінка радуецца... Эх, Ева мая, бачу, усердзілася — заклыгала, як бусліха падстрэленая, дамоў.

— Не так жа ўсё было, не так!.. Што мне тая Кулінка, — усчала апраўдвацца маці. — Нага мая так разбалелася, што дзецца нейдзе, і я пакінула танцулькі. Да Мар'і зайшла, села пры акне, гляджу, як людзі ходзяць, і плачу. Сама сябе пракляла, што пайшла на вечарынку. А тут яшчэ, калі выйшла на вуліцу, Коля Марковічаў прычапіўся і ўсю дарогу быту не даваў: у жаніхі напрошваўся. Я пасмяялася з яго, дык ён надзьмуўся і пытае: «Грэбуеш мной?.. Чым я горшы за Граську?!.» — сплёў мяне, як абцугамі, муштруе. Думаю: «Накухталяе — і што яму зробіш, такому? — Падняла галас: — Не чапіся, людзей паклічу!» Праўда, Мар'я пачула валтузню нашу, выбегла з хаты і адагнала нахабу. Ён жа тады, Коля, пінжак мой як апрануў — сілком на плечы успяліў, — дык і не думаў вяртаць, тата недзе праз месяц прынёс... Не, тэя нагі свае не забуду. I што мы ні рабілі — дайжа курапку жывую прыкладвалі.

— Ой, мама, навошта ж курапку?.. — занепакоілася Надзя.

— Курапка холадам сваім боль знімае. Праўда, сама ссохне тут жа, звяне.

— Шкада курапку. — Надзя гатова была заплакаць.

— А Кулінцы, каб не радавалася дужа, што разлучыла нас у той вечар, я адпомсціў-такі... Беднай не да танцаў было, — бацька стрымана пасміхнуўся.

— Во адпомсціў — сорам дзецям сказаць... Падгаварыў падшыванцаў, дык тэя ў яе пуховую шапачку катышоў конскіх накідалі, яшчэ цёпленькіх.

— Кулінка маленькая была? — як відаць, Надзя ўважліва слухала.

— Не, дзетачка, не маленькая — такая во, як Валька Мішурава, як Ніна наша. Ладная дрындзёлка. — I — да бацькі: — Цябе ж, казалі мне, бачылі з ёй!.. Хм, касавокая. Не слухайце вы яго — саўсім нічога не бачыла здаля, пакуль акуляры не справіла... А-а, буклі запомніў?!. Табе ж яна, нябось, кожную ноч снілася. Млеў па ёй... I такая ўжо фанабэра — не падступіцца: «чтокает» ды «ктокает», па-гарадскому тужылася гаварыць, гэта ж — паўгода за няньку пабыла ў Мугулёве, акультурылася. Ды пратурылі — дзяцей дубасіла.

— Ну не скажы. — Бацька не здае пазіцый, абараняецца. — Нікога яна не дубасіла... Адмовілі ёй па другой прычыне — бахура стала да сябе вадзіць.

— Во-во! — усклікнула голасна маці. — Ах, і чаму ж ты не ўзяў яе сабе ў жонкі, тую Кулінку-малінку. Паказала б, дзе ракі зімуюць, буклі накруціла б! А я — нясмелая... — Памаўчала крыху, сабралася з духам. — Гэта ж, так і не дагаварыла пра нагу... Нехта мяне сурочыў-такі. Цяпер маладыя ні посту, ні чорта лоськага не баяцца. Ідуць у клуб дый скачуць на здароўечка.

Я не лавіў варон і таксама, як і Надзя, не-не ды задаваў бацькам пытанні. Даведаўся, што бабкай-павітухай у мяне была зусім не медыцынская сястра і не якая-небудзь Ціціха ці Ахрэміха, а Граська — мой родны бацька. Не верыцца нават: самародак-эскулап, прафесар мой бацька! Прыняў роды — ногцем перашчыкнуў пупавіну... Дзіва што, дзедаўскі метад — ногцем!