Выбрать главу

Нечаканае пісьмо

Яго недзе надвечар прынеслі. I было адрасавана бацьку. А дома ў нас, прызнацца, увесь час бытавала такая завядзёнка: калі паштовая карэспандэнцыя адрасавалася бацьку, то чыталі яе абавязкова ўголас — каб усе чулі, і ў першую чаргу маці. Бацька, канешне, і чытаць умее, як, зрэшты, і лісты пісаць, аднак бадай усе прысланыя яму дэпешы, як помніцца, самаруч бадай ні разу яшчэ не ўскрываў. Гэтае рабіў хто-небудзь з нас, дзяцей. Звычайна той, хто апынаўся тою хвілінаю ў маці пад рукой. Было, што нікога з нас не аказвалася дома, і тады маці забірала пісьмо і нібы жартам, нязлосна пад'юджвала бацьку:

— Грамацей мне тута знайшоўся... Скончыў паўкласа — і ўжо, знайце-ведайце, перапіску вядзе. Прыйдуць дзеці, то паглядзім, што гэта за пасланне. Няйначы ад журжы якой, бо нездарма ж так хвост дыбіш.

Гэты раз пісьмо патрапіла ў мае рукі. Бацькі не было дома, пайшоў на ферму, дзе вартуе калгасны статак. Я схаваў канверт за пазуху: можа, што важнае ў ім, тэрміновае, то няхай ведае, занясу.

— Райка пісьмо прынесла? — выйшла з гарода маці.

— Пісьмо... Ад Міхалькова, — сказаў я.

— Дык што ж ты схаваў яго?.. Чытай.

Прыкрая завядзёнка — зазіраць у чужыя пісьмы, але я мусіў чытаць:

«Герасім Андрэевіч, добры дзень!

Не даехаў я да цябе на гэтым тыдні... Звярнулі з шашы, дабраліся з горам напалову да Забітаўкі, а там і загрузлі. Дарогу здорава расквасілі вясновыя дажджы. Мусіць, на трактары й можна праехаць у твой Ходараў. На жаль, у нас быў не трактар, а паўтаратонка. Мы ў ахвоту набуксаваліся дый павярнулі на магістраль — падубічылі ў Чэрыкаў.

А да цябе ёсць у мяне, як паляўнічага начальніка, важная справа. Дзеля чаго ў Ходараў браўся?.. Наўрад ці здагадаешся, Андрэевіч, з кім я тут увесь тыдзень калясіў. Дык слухай: гэтым летам — разумееш? — баброў будзем лавіць! Не здзіўляйся, але іменна цябе прашу падумаць, якім чынам можна жывым зачураць бабра (нейкую, мусіць, лавушку давядзецца рабіць?). Прыехаў ажно з Масквы прадстаўнік Заалагічнай канторы Галоўнага кіраўніцтва паляўнічай гаспадаркі Малінін Кірыла Аляксандравіч. Ён у гэтай самай канторы загадвае аддзелам нарыхтовак і збыту. Кантора забяспечвае дзікімі звярамі й птушкамі ўсе айчынныя звярынцы, заалагічныя сады й паркі, ды шэраг іншых устаноў... А прыехаў да нас Малінін, каб арганізаваць, а потым і ўзначаліць работы па рэакліматызацыі баброў, якіх мы (уяўляеш ?) і будзем лавіць. Як, Андрэевіч, радасныя навіны?!

Малінін цяпер у Мінску — узгадняе з рэспубліканскім начальствам месца адлову баброў. Павёз ён таксама і спіс мясцовых паляўнічых, якіх мы тут з ім падабралі для гэтай работы. Уключыў я і цябе ў той спіс. Так што — рыхтуйся, будзеш брыгадзірам. Табе прызначаны ўчастак з Проняй і блізкімі да яе балотамі-азёрамі.

Адлоў пачнецца з 15 ліпеня. К гэтаму часу ты падрыхтуй лодку і бабралавецкія снасці. Папярэдне не забудзь прайсціся паўз Проню і азёры, добранька абследуй пасяленні баброў, а заадно прыкінь, колькі іх там жыве... Глядзі толькі, не ўздумай адмаўляцца.

Герасім, я ўпэўнены, што ты прымаеш гэтую прапанову, занятак па сіле, адужаеш. Бяры сабе ў памагатыя сына свайго. Але, праўда, патурбуйся, каб і ў яго быў паляўнічы білет, іначай не дапусцяць да работы. Вось і ўсё. Будзеш у Слаўгарадзе — заходзь. Міхалькоў».

Такое пісьмо, канешне ж, трэба хутчэй несці бацьку. Прапанове Міхалькова ён яшчэ як абрадуецца!

— Міхалькова быдта чарвяк які точыць — хоча бацьку твайго, мамуку гэтага, папіхайлу, уперці ў свае аглоблі, — затрывожылася маці. — Не хапала шчэ, каб у багну дзе ўваліўся, гойсаючы па балотах ды азёрах... I што яны сабе думаюць — баброў жа няможна лавіць, навошта грэх на душу браць?!. Няма чаго яму, інваліду, зрывацца ў свет. А ўздрэнчыцца слугой у Міхалькова стаць — не сысці мне саццюда! — кіну-рыну ўсё і пальцам не пашавялю, нічагенька не стану рабіць па гаспадарцы...

Міхалькова я ведаў даўно, і нават колькі разоў бачыў на свае вочы. На пасадзе старшыні раённага таварыства паляўнічых і рыбаловаў ён ужо ці не трэці год. З намі знаецца з даваеннага часу, калі яшчэ Слаўгарад называўся Прапойскам, і бацька мой рабіў там пажарнікам. Неяк заязджаў, помню, і гэтай зімой да нас — рыхтаваў аблаву на ваўкоў. Дзве ночы спаў на печы — застудзіўся, шкіпінарам спіну і грудзі расціралі. З-за гэтай яго застуды ваўкоў тады не ўлучылі абкласці ў нашым лесе — уцяклі ажно за Сож, і там іх, васьмёра, высачылі толькі праз тыдзень.