Выбрать главу

Калі я заявіўся на ферму, бацька калоў дровы. Ён сабраўся прагрэць вартоўню, а заадно і ваду ў катле ўскіпяціць — для ранішняга пойла цялятам. Пісьмо не стаў чытаць, адно мімаходзь глянуў на канверт.

— Хм... Міхалькоў азваўся. Што ж, пачытаем. Схаджу ў пуню, пагляджу, як там, — зноў, можа, дрэнная прывязь і каровы лэхаюць туды-сюды, ворсаючы рагамі адна адну. Упарадзі тут, пакуль вярнуся, дровы, — і пайшоў.

Я ўзяўся даколваць сасновыя цельпушкі...

Вярнуўся бацька недзе праз паўгадзіны. Абцёр аб парог падэшвы гумовых ботаў, прычыніў дзверы, каб не адбіла ветрам, пратупаў да бачка з вадой і адкруціў кранік. Падставіўшы пад слабы струменьчык рот, стаў піць. Потым зняў шапку з чорным скураным верхам, падклаў пад калена і, зірнуўшы на дровы, якіх нарыхтаваў я даволі-такі шмат — прынёс да печкі і склаў грудком, як дома, — заключыў:

— О-о, назаўтра шчэ застанецца... — Палез рукою за печку— дастаў прыхаваны смольны ашчэпак, пакалоў на дробныя аскабалкі. — З такою падтопай дровы ўраз загарацца! — Узвёўшы з абярэмца паленін «зрубчык», паклаў пад яго смольны друз, затым ускінуў споверх яшчэ колькі плашакоў таўсцейшых. Сукаста-нязграбны цельпушок, той самы, якому я не даў рады, затрымаў у руцэ. — Э-эх ты, дрывасек. Трэба ж было во тут цяпнуць, між сучкоў. Бяроза — тая шчопкая. А сасновую сукардычыну адным махам не расшчэпіш... Ат, вялікі клопат, згарыць, — адклаў паленца ўбок, дастаў з нагруднай кішэні запальніцу, чыркнуў — і кнот адразу загарэўся. Падпаліў смалякі. — Каторы раз прашу Пугацёнка, каб памяняў ланцугі. А ён, як і не загадчык фермы, як і не яго гэта абавязак, усё мудрыць-выгадвае: скруціць дроцікам звёны, сцісне абцугамі дый зноў чапляе на шыю карове. Тая аж задыхаецца — каротак ланцуг, круціць галавой, пакуль і не парве. А тады й давай гізаваць па ўсёй пуні. Ганяйся за ёй, лаві, пройду рагатую... Буржуйка адарвалася. У яе ж рогі, што вілы, так і глядзі бок прасодзіць. — Пачаў рабіць самакрутку. — Давай, чытай пісьмо... Што ўжо ён там прыдумаў? Можа, на канферэнцыю якую выклікае.

— Пра баброў піша.

— Ажно так? — Бацька прыкурыў самакрутку ад агню, які пачынаў ахінаць дровы. — Новае нешта, калі пра баброў...

Я прачытаў пісьмо. Бацька ўсміхнуўся:

— Бачыш, сябры не забываюць. Праўда, адлоў яшчэ далёка — пакуль жа ўсё наладзіцца... Значыць, рыхтавацца будзем загадзя, спакваля: цяпер бы трэба ваўчыцу падкаравуліць, як-раз, можа, і вывадак надарыцца забраць... Сена назапасім.

— А дзе мы лодку возьмем? — запытаў я, бо гэта мяне больш за ўсё непакоіла.

— Лодку?.. Купім лодку!

— А калі Іванаву ўзяць? — Ніна нядаўна выйшла замуж, Іван, муж яе, жыве ля Сожа ў вёсцы, куды й Ніну забраў. У іх там ёсць нейкая лодка. Днішча, праўда, дзіравае, але можна заканапаціць.

— З Іванавай пэтлухі застануцца, калі правезці на машыне сотню кіламетраў... Лодку мы або купім, або зробім самі. Хаця, думаю, не ўправімся ў гэтым годзе. Давядзецца купляць. А дзе, от, грошы раздабыць, падумаем. — Бацька ўзяў не расколатую мной паленіну і шпурнуў у жэрава печкі. Рой іскраў абдаў яго руку. — Бачыш, і калоць не трэба... Тут усё згарыць, нават асінавы барсучок...

Я гляджу на яго — не разумею, чаму «асінавы», і, зрэшты, што гэта за барсучок такі? Перапытваю, бо здагадваюся, што тут нешта не так, нейкі досціп тут:

— Асінавы барсучок?..

— А ты не чуў?.. Хаця — Юдзін цябе не вучыў, а Жэніка. Значыць, кватараваў ён у Хрысцінкі, Юдзін. Ды нечага там не паладзіў са старшынёй сельсавета, той і сказаў, каб сам — не зломак, з рукамі-нагамі! — нарыхтоўваў сабе дровы. Я тады лесніком быў. Іду Майданам, ружжо на плячы. Чую, забрахаў сабака мой. Прыслухаўся — на чалавека. Прайшоў крыху — сустракаю Юдзіна. З тапаром, бачу. Пытае:

«Андрэевіч, дзе тут можна барсучок на растопку прышукаць?»

А я даўно нагледзеў сухастоіну з барсуком. Метры ў два барсук, смольны. Кажу Юдзіну:

«Цераз дарогу, направа, здаравушчая сухастоіна стаіць — воз дроў будзе і смалы на месяц».

Юдзін падзякаваў і пайшоў направа, а я — сваёй дарогай.

I што ж атрымалася. Вярнуўся ён з лесу і хваліцца:

«Ляснік мне добрага барсука нараяў. Тапаром, праўда, цяжкавата было валіць сухастоіну — нацюкаўся ў ахвотку, аж уваччу цёмна. Барсук прыцягнуў на гарбе, а заўтра вазьму каня і ўсе астатнія дровы перавязу... Але ж і дабрэнны цяльпух — кукса вялікая, так пёрла смалу! Цяпер вы, гаспадынька, — радаваў ён Хрысцінку, — клопату не будзеце мець да самай вясны, растопка выдатная. Ляснік, па-мойму, сам хацеў спілаваць сухастоіну, ды па добрай душы сваёй мне ўступіў... Выдатная растопка!»