Выбрать главу

Новая мятла, хоць і не так чыста, але па-свойму мяце. Гэта праўда. Арына-мачыха не проста «мяла» — лютавала, стукацела чапялой, якую бадай не выпускала з рук. У спрэчках з падчарыцамі й пасынкамі, а найчасцей з нявесткай — жонкай пасынка Граські — ходырам уся хадзіла, запалялася, бы смольны корч, і, каб нічога не рабіць па гаспадарцы, знарок бралася на печ і там, квохчучы, бухцела, як дзяжа, войкала, пасылаючы бясконцыя праклёны сваёй крыўдзіцельніцы. Стары патураў неўтаймаванай бухцёлцы — жонка ж усё-ткі, уцеха. I валадарка яго сэрца з яшчэ большым імпэтам кідалася ў наступ:

— У яе ж, вунацькі, адзін у пушку, а другі — у брушку, — юдзіла мачыха, цягнучы з чорнай душы не менш чорную павуціну. — А ў хаце як запушчана, бачыш?!. То ж яе работа, нявехніна... Трэ аддзяліць Граську!

— Ты хоць думай, што гаворыш... Хм, лёгка сказаць, — зачумлены гаспадар быў у недаўменні. — Ён жа — мой родны дзіцёнак!.. Няхай жыве, месца хапае. Дый куды яго аддзяляць, навошта?

— Не аддзеліш — знай: не жыць нам мірна-спакойна! Надвечар, падаіўшы карову, Арына стала ўпарадкоўваць малако. Заліла глячкі, схавала ў суднік пад замок. А тут якраз жа ўнучка прачнулася — Ніна, дачка таго самага Граські, якога мачыха аддзяляць надумала. Малая падышла да бабкі, папрасіла «мака». Арына не адмовіла, але замест малака Ніна атрымала паўнюткую (якая таравітая бабка Арына!) конаўку абмыек з даёнкі. Праўда, гэтую сцэнку пабачыў на свае вочы пасынак Граська. Ён падняўся з нараў, што былі пры печы, і мусіў узламаць замок ды накарміць дачку. Не таіўся, не крадма ўсё гэта рабіў. I каб мачыха не адскочыла, абмыйкамі тымі захліснуў бы ёй лупатыя безікі, а так адно космы ды крамную шадронавую кофту абліў.

Тыдзень грукацела чапялой Арына, гару посуду перамазкатала. Яе мужанёк месца сабе не знаходзіў, нарэшце не вытрымаў — прыняў ультыматум пакорна: пагадзіўся аддзяліць сына. Але і гэтага ёй мала — зноў упёрлася ў сваё: нічога ж каб не аддаць, не рушыць каб гаспадарку.

Без суда не абышлося. Маладыя атрымалі прыбудову да хаты, старую пуню і цёлку. Але радаваліся гэткім шчасцем не вельмі доўга: дзед Андрэй з'ехаў у Сібір. Хату разам з прыбудовай і ўсім падворкам, склепам і пчэльняй прадаў. Крута абышоўся з сынам, жорстка. I бацьку майму нічога бадай не заставалася, як скарыцца з лёсам.

Прайшло многа гадоў. Мачыха Арына перастала быць мачыхай — дзед Андрэй памёр. Дачасна пайшоў на той свет: быў на паляванні, стрэліў па зайцу, а ствол аказаўся забіты зямлёй — ружжом і дало па скроні.

Бацька:

— Пачалі мы з Евай будавацца. Помню, купілі пуньку-трысценак, то я сцяну ўрубіў. Во на хату стала падобна. А рабіў жа так: ноч коні пасу, а ўдзень ля хаты стараюся. Потым і ўлазіны згулялі. Свая хата, свая і гаспадарка!

— От жа — дзед... Нядобра як зрабіў. У Сібір ён з'ехаў ад сораму, канешне.

— Ды не, лепшай жыткі шукаў, зямлю ўрадлівую. Да таго ж — у яго тут злоснікаў многа было. Іх атожылкі, думаю, і мне шкодзяць. Або, скажам, куды падзеліся ўсе тыя бандыты, што рабавалі, жылі з чужога мазаля? Адных — так, пабілі, другіх засудзілі. А ўсе астатнія нечапаныя засталіся. Знеткуль жа ў вайну паліцаі браліся... Кусціліся яны з бандыцкага кодла, адтуль!.. Дзёміда забілі, а яго хаўруснікі засталіся, помсцілі.

— Гэта хто — Дзёмід?

— А быў такі... Жыў нейкі час таксама ў Жалезінцы, лесніком рабіў. Лес тайна прадаваў. А дзед твой вазьмі дый залаві злодзея ў сваім абходзе. Праўда, не самога, а яго хаўруснікаў. Тыя давай адпірацца: «Дзёмід нам дазволіў — гэта яго абход...» Прыкінуліся паўдуркамі. За гэта Дзёміда звольнілі з леснікоўства. Няўносна стала яму — затаіў злосць. Забралі яго ў салдаты, трэба ж на фронт ехаць, а ён — уцёк, дызерцір... На Усох прывалокся. Зайшоў да Юркі Нядзюхі, той яго падпаіў, сам напіўся. Ідуць вуліцаю, п'яныя. Дзёмід — з вінтоўкай, страляе ў неба ды гарлапаніць: «Андрэя біць іду!..

А Марша ў супрадкі да Шураёвых хадзіла. Там і дзевак поўна хата, і хлопцаў. Пачулі страляніну — пакідалі самапрадкі й верацёны, выбеглі ўсім гамузам на вуліцу. Чуе Марша і сваім вушам не верыць: Дзёмід грозіцца бацысу забіць. Дзеўкі кажуць ёй: «Не стой — бяжы двору, ратуй бацьку свайго!»

Пабегла... Ухапілася ў хату — крычыць не сваім голасам, вые: «Скарэй, татачка, уцякайце — ідзець вас Дзёмід біць!.. Ужо ж саўсім блізка ён...»