Выбрать главу

— Аціх, клопік, у шчылінку зашыўся... Можа, і туберкулёз, хвароба яго знае, а чорт ведае. Хто ваяваў, а хто туляўся... Ён жа, гэты самы Мітрэй, калі забраў маю гармоню, дык стаў немцам ды паліцаям вечарынкі йграць. Як ужо ён памагаў акупантам — судзіць не бяруся, а што весяліў — тое ўсім вядома. Прыхваснем быў, слугою. Цяпер, можа, і раскайваецца, бо прагадаў, не на тую карту паставіў. Аднак дзяржава да яго, бач, спагадная: пенсію дае, шкадуе — хворы ж. Замежны зламыснік які, нябось, не верыць, што ў нас так усё і ёсць. А яно ж ёсць!.. Пры вобыску Мітрэй дужа праг гармоню знайсці. Знайшоў і забраў. Бубен таксама прыхапіў... Іван Луцэін, дзядзька твой, бубен, праўда, вярнуў — сцягнуў, калі Мітрэй, п'яны, спаў. Гармоню не ўдалося ўзяць — у руках трымаў.

— Шпанюк жа ён быў а з паліцаямі звязаўся... Хоць і гаворыць, што па дурасці тое зрабіў, ды ці ж гэта дурасць? — Мяне аж распірала ад злосці на Мітрэя. — Хацеў лёгка і весела жыць, бесклапотна... А цяпер — сагнуўся, згорбіўся. Стаў ціхі, непрыкметны.

— Ніхто ж у паліцыю не гнаў сілком — сам пайшоў... Бацька яго немцам памагаў, за што і паплаціўся жыццём. I сын — такі ж самы сугней.

* * *

За Малінаўкай, збоч шашы, атайбаваўся паліцэйскі ўчастак. З немцаў былі там адно начальнікі, а ўсе астатнія ваякі — набрыды, тутэйшыя адшчапенцы, былыя крымінальнікі. Вылюдкаў гэтых узброілі, абучылі й сталі выкарыстоўваць у карных экспедыцыях. Сваё гадзючае гняздоўе, управу, паліцаі так умацавалі, што нібыта маглі — паўсюль хваліліся — самастойна абараняцца ад партызанаў больш за суткі.

Я хадзіў у Малінаўку да свае бабкі Донькі, да цётак Мар'і й Марусі — падоўгу гасціў у іх.

Неяк апоўдні ў хату да цёткі Мар'і ўваліўся п'яны паліцай і папрасіў выпіць.

— Або-о, дзе ж я табе гарэлкі вазьму? Сам жа бачыш: не жыву — мадзею... Не да градусаў мне, — спавядалася цётка. — Няма з чаго іх гнаць, усё голад падчысціў.

Шчырым прызнаннем ад паліцая ніяк не адкараскацца — яму трэба пляшка сівухі! У цёткі ж нават і грама не было самагону і за гэта паліцай пакараў яе так: загадаў «дзяжурыць» пры іх управе — на працягу ўсяго тыдня забяспечваць вадою гарнізон, ці, як яшчэ называлі паліцэйскую ўправу «куратнік». Па тым часе гэта была страшная кара, такое дзяжурства. I адмаўляцца не было як — загад!

Цётка начэрпала вады ў тры бочкі-асінаўкі, апусціла ў іх накрыўкі — старыя днішчы ад гэткіх жа бочак, каб вада не так выплёсквалася на грэблі, умошчанай тапорнікам. Я напрасіўся паехаць разам, і цётка ўзяла мяне з сабою.

Худзенькая «манголачка», белагрывая кабылка, напаўсілы цягнула рыпучыя калёсы. Віхлястае задняе кола чаплялася вобадам за грабёнку драбін. Метровы канец трайні зручна тырчаў ззаду калёс, і я, ухапіўшыся за бочку, стаяў на ім — цікаваў за колам-крывуляй, баючыся, каб не саскочыла з восі... За вёскай ужо, ля могілак, дагналі знаёмага паліцая. Ён не ішоў — плёўся нага за нагу, і такі быў п'яны, што ледзьве трымаўся на нагах. Да ўсяго яшчэ і спяваў — выкрыкваў штосьці незразумелае, лухту нейкую. Кабылка, здаецца, і тая збаялася — затупала шпарчэй.

Дзень быў проста выдатны: бязветрана-ціхі, сонечны. Не хацелася верыць, што паўсюль на зямлі нашай лютуе вайна і што недзе паміраюць людзі. На шашы было тлумна: над лесам плыў удушлівы, смуродны пах спаленай газы, неаціхны машынны гуд рэзаў слых. Калі мы паварочвалі ў «куратнік», я на свае вочы бачыў браніраваную калону зялёных, з чорна-белымі крыжамі, танкетак... Рухалася калона ў бок Чэрыкава, на ўсход.

Вароты адчынілі нам пасля таго, як вартавы прыдзірліва ашнарыў фурманку і зазірнуў нават у бочкі. У глыбіні двара цётка запыніла каняку. Распараныя, у белых халатах дзецюкі — кухонны нарад — пачалі няспешна завіхацца ля фурманкі. Бочкі здымалі стаўма, асцярожна, каб не расплёхаць ваду, і неслі іх да кухні.

На пляцы, акурат насупраць казармы, нямецкія служакі-прыхвасні бавілі час: з ёмкім бярозавым пацурабакам у руках стаяў паліцай-таўсцяк, а наўкруг яго — астатняе войска, свабоднае ад варты. Кожны выставіў нагу за круг, усярэдзіне якога і завіхаўся таўсматы, цікуючы, на чыю б нагу абрушыць пудовы цяжар. I ўжо той, хто зловіць разіньку і атрымае ўдар па выстарчаным за круг ступаку, мусіць спешна хапаць злашчасны пацурабак, станавіцца ў круг і віжаваць, пакуль і не надарыцца момант церабнуць такога ж, як і сам, разяваку... Нішто сабе забава, адразу відаць — фашысцкая.

Паліцай Мітрэй з ахвотай падключыўся ў «гульню», а праз колькі хвілін ён ужо качаўся па ўтравелым лабяку пляца і енчыў ад болю.

«Старшыня-пяцімінутка»

Бацька сказаў мне: