Выбрать главу

— Не, з бабай калі — табе ж нявырушна.

— Ну-ну, пажартуй... — Пагляд старшыні пастражэў. — I гэта хто ж табе, Андрэевіч, другую групу даў?.. Мужчына ты, па-мойму, у самым саку — дужы й спрытны, кемлівы, а што рукі няма, то многа такіх, аднарукіх... I рэдка хто з іх мае другую групу. Ты пасудзі сам: хату сабе, калі чэсна, добрую адкадрыў — лялька! Так? — Прыгнуў палец — сабраўся, як відаць, пералічваць, што бацька зрабіў для свае гаспадаркі. — Лазню ўзвёў не горшую за хату. — Другі палец прыгнуў. — Пуню... Ды яшчэ і дзяцей настругаў цэлую печ.

— Цябе, Змітравіч, паслухаць, дык выходзіць, што я сваіх дзяцей рубанкам настругаў. — Бацька цепнуў параненым плечуком, памаўчаў троху і не без іроніі дадаў: — Яшчэ не выпіў, а ўжо загаворваешся... Старайся, Змітравіч, больш слухаць, чым гаварыць.

Старшыня насупіўся.

— Які храбры, глядзі-тка!.. — сказаў ён уражана. — Гэта што ж: я, старшыня калгаса, павінен ісці ў вас на паваду? Мушу вас слухаць, а вы мяне абражаць будзеце? Што я сказаў не так?.. Гэта ж праўда: ты хоць і з адной рукой, а ў шапку не спіш!

Крамніку яўна не падабалася старшынёва карузлівасць, і ён уступіўся за бацьку:

— Разуйся, Змітравіч, бо на руках пальцаў не хопіць, каб далей лічыць, што мой сусед зрабіў.

— Ясна, усе вы тут адзін аднаго вартыя... Дык вось, я прашу паслухаць мяне ўважліва: Андрэевіч мог бы ў будаўнічай брыгадзе рабіць. Яго ўмельства калгасу патрэбна. Пацюкае маленька — адпачне, зноў бярэцца цюкаць... Гэта ж не дома, што як возьмецца — да вечара тапор з рукі не выпускае.

— Дома ж ніхто за яго не зробіць. А для будаўнічай брыгады здаравілаў хапае... Ай, Змітравіч, і не сорам? Ты ж ужо не які там сысунок-маладзён, старайся харашэнька ўглядацца ў людзей, — паўшчуваў старшыню крамнік.

— Я, от, і ўглядаюся.

— Не туды ўглядаешся. — Бацька нечага ажно захваляваўся. — У цябе — не думаў аб гэтым? — у начальніках цэлая брыгада... А чым, скажы, гэтыя ўсе твае прыломкі заняты сур'ёзным, каб толк ад іх быў калгасу? Нічым — падхалімнічаюць ды гарэлку жлукцяць!.. Так што, прашу парцействам сваім перада мной не казыраць — на мяне дужа не зыр вочы... Я, што магу, раблю.

— Але ж ты можаш і большабіць, хоць і з адной рукой... I табе тады не трэба будзе жалеззе з балота цягаць. Здаецца, так?

— За гэтае, як ты кажаш, жалеззе я сёння ж, тута ж, атрымаю чыстыя грошы... Куплю дзецям цукерак, мукі на блінцы-аладкі прынясу двору. А за твае хвалёныя працадні ў канцы года ты мне дастанеш з дзіравай калгаснай кішэні вялікую дулю з матам. — Бацька хваляваўся, як мне падалося, залішне ўжо. — I сам ты, і хаўруснікі твае адной рукой цвіка ў сценку не ўваб'юць!.. — голасна заключыў і адступіўся ўбок.

— Чаго адступаешся? — Твар старшыні прыкметна пачырванеў, у вачах зайгралі калючыя промнікі. — Эйш, разумнік... Нагаварыў абы-чаго і — у кусты?.. Не адзін ты вялікі спец цвікі забіваць. — I — да крамніка: — Дай-ка мне там цвічок, Сямёнавіч!

— А-а... Ну давай. — Бацька стрымана пасміхнуўся. — Надумаў сотку згадзіць — заганяй! Павучыся... Ты, Змітравіч, павінен усё магчы, бо не брэдня нам — старшыня ўсё-ткі, асоба.

— Асоба — гаршкі лізаць, — боўтнуў з посмехам крамнік, аддаючы старшыні малаток і новенькі цвік-сотку. — Не крыўдуй, Яўхім Змітравіч... У нас так кажуць. Ат, чаго не ляпнеш да слова. Язык мой — вораг мой.

— У твой язык, Сямёнавіч, не шкодзіла б іголку-шаршатку загнаць... Слухай, і як ты выкруціўся ад хлопцаў-шаршатнікаў? Даўно б ужо косці парыў дзе-небудзь ля таежнай дарогі. — Старшыня прыплюснуў вочы, стаяў ля сцяны й нейкі час грэбліва глядзеў на крамніка, затым звярнуўся да бацькі: — Глядзі, Герасім... Былі б толькі цвікі, заб'ю і ў сценку, і чорту ў лысіну, — уставіў цвік у расшчэпіну бервяна, узняў быў малаток, ды бацька стрымаў яго руку:

— Э, не-е... Ты ж, калі ўжо вызваўся спецам стаць, то не ў трэшчынку цаляй, а тут во, на роўным... Ой, Змітравіч, спатворылі цябе ўдовы.

Сыпаць досціпы бацька — мастак, і я разумею яго: без жартаў, можа, і нельга. Смех здымае з душы нікчэміны друз будзёншчыны, аздабляе пахмурныя твары ўсмешкай. I цяпер вось, бацькаў жарт, здаецца, патрапіў у цэль — старшыня вярнуў крамніку цвік, а малаток шыбнуў на ганак і, моўчкі прачыніўшы дзверы, зайшоў у магазін.

— Пачакай, Андрэевіч... Ад нейкай, мусіць, кралі двору едзе, хоча вочы заліць, каб сорам не браў перад жонкай. — Сказаў гэта крамнік як не пошапкам і няспешна пагробся на ганак, зачыніў дзверы — чутно было, як пстрыкнуў нутраны замок.

Бацька закурыў.

— Адкуль і навошта падкінулі нам пустадума гэтага? — бяскрыўдна і як бы сам у сябе спытаў ён, маючы на ўвазе новага старшыню. — Наўрад ці дацягне да справаздачы... Старшыня-пяцімінутка!