Выбрать главу

Бацька ўспамінае...

Каторы ўжо дзень мы бавімся на Узмутным. Балота наўздзіў багатае на кроніста-камлістую лазу. I як жа яе не ўпарадзіць, як не падраць ды не здаць у краму!

Асаблівага ўмельства не трэба для такое работы. Хаця куды там: як ні стараюся, а бацька ўвесь час — і адной жа рукою! — цягае на прагаліну значна большыя ношы, чым я.

Вось мы раскінулі кару па дзялянцы, каб хоць крыху завяла на сонцы, а самі ўселіся ў цяньку. Паабедалі. Бацька троху пакурыў і паклаў прыгашаны недапалак на трухлявы пянёк — эканоміў курыва. Заўважыў:

— Калі такое сонца патрымаецца да вечара, то наша лаза харашэнька падсохне. На таратайку ўся памесціцца... Глядзі, гэта ж мы з табой за даабеддзе столькі налаташылі! Сюды шчэ трэба калі прыехаць. Лознае месцейка. Праўда, багна скрозь, няёмка выносіць... Затое ж — лаза!

— Некалі тут, пэўна ж, рэчка ладная цякла. Ды вось зарасло ўсё і сочыцца толькі ручаёк. — Я спрабую ўявіць гэтую мясціну такой, якой яна была, скажам, паўсотню гадоў таму, і хачу пачуць, што на гэты конт думае бацька.

— Зарасло?.. Высахла ўсё дарэшты! Уго, каб цяпер тая чмурэча... Вады тут было — не падступіцца, качак, цецерукоў — свет!.. А як сталі нішчыць лес, як сталі — і рэчка зачахла, змялела, зацягнулася багнай.

— Чый гэта абход быў?

— Дзеда твайго абход... Ад Багра зачынаўся і аж сюды даходзіў. Вялікі абход. Абысці ўсё пехам — не абыдзеш за дзень.

— Коні й тады ў леснікоў былі?

— Тады ва ўсіх былі коні, хто хацеў і мог іх трымаць... А як жа — былі, канешне, і ў леснікоў. Ды ці кожны ж раз на кані?.. Дзед твой, знаеш, не любіў з канём па лесе цягацца. Ён адзін — мінавіцамі, глухімі сцежкамі хадзіў.

— Лавіў парубшчыкаў?

— Быту ім не даваў. Бывала, прыйдзе двору — не пазнаць чалавека, белы ўвесь, як палатно. У якія толькі пярэкруты не трапляў... Але ж і ручы быў — няйнкш у сарочцы радзіўся. Умеў выкруціцца. Яно ж, і тады злодзеяў поўна было, і цяпер ахвотнікаў на чужое не меншае.

— А вы, тата, хоць калі-небудзь нешта ўкралі?

— Зімою, калі не было чым карову карміць, па сена з маткай хадзілі... Тут крадзьба такая: нас абіралі з ног да галавы, і нам, каб не памерці з голаду, даводзілася нешта браць... Ты, от, пытаўся, чаму саду няма. А навошта ж ён мне, такі быў сад, калі за яго падатак увялі?.. За пчолы — правільна, яны збіраюць мёд з калгаснай канюшыны, скажам. Гэты мёд — твой. Ты яго можаш прадаць. А за вырашчаную табой жа яблыню падатак плаціць, за сліву ды куст смуроды — гэта, сынок, самае што ні ёсць абдзіралаўка... Лес — ён сам расце, казённы. Жывы прыбытак, грошы. Таму леснікоў да яго і прыставілі — жывіце пры лесе і з лесу, сцеражыце, не разбазарвайце... Я і кажу: толькі сумленны чалавек можа быць добрым лесніком.

— I дзед Андрэй таму прыклад?

— Так, прыклад... Што ля Багра яму было, паслухай-ка. Ён жа калі не пойдзе ў лес, дык абавязкова з некім счэпіцца, пацягаецца хітрасцю ды спрытам. I той раз не абышлося без прыгод. Ідзе — як раптам чуе: пілуюць дуб. У дзве пілы... Шасцёра парубшчыкаў, хеўра цэлая. Азваўся, загаварыў да іх... Дзе там — кінуліся да яго з усіх бакоў з тапарамі. Ружжо аднялі — хрась-хрась аб пень, паламалі... Разіньку злавіў, але, праўда, не даўся ў палон, выслізнуў... Эх, яны й давай ганяцца. А ён — ствалы ад ружжа ўхапіў, да коней падбег — дый стаў лупежыць іх. Стваламі! Папудзіў... I сам пабег, як тыя коні, к полю, да людзей. У лясніцтва ўляцеў, якраз і ляснічы з аб'ездчыкам былі. Паехалі на месца парубкі, глядзяць — дубняка няма, забрат. Пачалі шукаць. Следам выйшлі акурат на Віравую. На беразе Проні, у лазняку, бачаць, ляжыць калоддзе, хто паклаў — не дакажаш. Дый ці хто з іх сазнаецца?.. Узялі дэпутата, панятых, склалі акт.

— Гэта які час?

— Акурат пасля рэвалюцыі... А на судзе ж і аб'ездчык быў, і ляснічы, і той-сёй з леснікоў прысутнічаў — суд жа! Абклалі злодзеяў, на якіх паказаў ляснік, штрафам за дубняк. Каму такое спадабаецца? Ну, пасля суда ляснічы й гаворыць дзеду твайму: «Схадзі, Пархвенавіч, гарэлкі вазьмі, паабедаем». Ён, гэта, і пайшоў. Пераступіў парог карчомкі, зрабіў свае пакупкі. У кутку-бакоўцы, бачыць, сядзяць парубшчыкі, выпіваюць. Тут адзін з іх падхапіўся і — да яго:

«Ступай, Андрэй, выпі з намі».

А ён у руках трымаў бутэльку гарэлкі й перавясла абаранкаў.

«Што мне вашу піць, я лепш свае вып'ю...» — I павярнуўся ісці, як адзін з парубшчыкаў запабег наперад і засланіў сабою дзверы:

«Не выйдзеш адсюль, пакуль не вып'еш з намі!»

I тыя ўсе, хто за сталом быў, крычаць, каб ішоў да іх. Не разгубіўся — падышоў і асушыў шклянку, падзякаваў.