Выбрать главу

«Бяры шчэ пі», — кажуць яму.

«Не, хваця...» — адмовіўся і адступіў ад стала.

«Ах, з цябе хваця?!.» — Пахапалі бутэлькі й сценкай папёрлі на яго.

Ён, доўга не думаючы, разагнаўся і таму, які на парозе стаяў, так даў у пуза, што дзверы з крукоў сарваліся. Выхапіўся на вуліцу, бяжыць. А гэтыя ўсе дубічуць следма — акружыць лучаюць. Ён, як бег, з разгону пераскочыў прасла і гародамі ў поле падаўся. Там ужо было дзе разгуляцца. А ў руцэ толькі рыльца ўцалела ад той бутэлькі, што купіў. Рыльцам гэтым і адмахваўся. Ляснічы прыбег — з нагана страляе цераз галовы парубшчыкаў, а тыя ўсёдно не адступаюцца — вочы кроўю наліліся, губы дрыжаць... Во леснікі нахапіліся, разагналі біткоў, угаманілі.

З таго часу віраўцы й слядзілі за тваім дзедам, каравулілі яго ў самых нечаканых месцах. Неяк падпрасілі Івана Сасунца (лесніком таксама рабіў), каб папярэдзіў, калі леснікі пойдуць у Прапойск на сходку сваю. А хадзілі цераз Віравую, напрамкі. Дзед твой, значыць, ідзе. Быў з ім і Гарашун — браценнік яго, дзядзька мой. Ён таксама на Усоху жыў. Ідуць. I сюды во, к Бярозаўцы, дзе роў цяпер, падыходзяць. А там пуня стаяла — бойня была, скот білі. Раптам да іх з-за вугла — коўзь двое: «Стой!»

Леснікам тады наганы давалі. То ў дзеда наган быў якраз з сабою, а Гарашун, аказваецца, на ўсякі выпадак гумавай плёткай падперазаўся. Ёмкая. I свінцоўка на канцы. Плётку, казаў, у аконама спуліў. Як толькі гэтыя два бугаі сталі задзірацца, ён аднаму і свіснуў гэтай самай свінчаткай у лоб! Той з капыткоў і зваліўся. А дзед твой якраз з нагана стрэльнуў, уверх, каб напужаць. I гэты другі, задні, падумаў, што забіт яго напарнік, уцякаць кінуўся. Гарашун — за ім, дагнаў і добра загрэў па чарапку. Тут з рова шчэ двое выхапіліся на падмогу... Гарашун і з гэтых аднаго паклаў.

— А дзе ж Сасунец дзеўся?

— Ён зайшоў — у яго знаёмых паўсюль хапала — квасу быдта папіць. Заадно папярэдзіў, што ідуць, моў, сустракайце... Праз год бандзюгі гэтыя высачылі Гарашуна, звалілі з ног і кацілі на выспяччы з паўвярсты — адбілі сухадушша чалавеку. Ён незадаўга і памёр.

— Выходзіць, сярод віраўцоў адпетыя бандыты былі?.. У іх там, казалі, патайную зямлянку нядаўна выявілі — спарахнела і абвалілася.

— Кодла жыло такое, род зладзейскі. Але, здаецца, вывеўся ўжо: хто з турмы не вярнуўся, а хто так напароўся на сваю пагібель. Віраўцы ж і мяне немцам выдалі — прыпомнілі бацьку майго.

— А як гэта было?

— Немцы забралі нас у палон...

— Яны Прапойск занялі без бою?

— Бою не было. А чаму, знаеш?.. Чакалі ж іх з боку Доўска. Вайскоўцы, міліцыя і мы, пажарнікі, падрыхтаваліся абараняцца. Я дзяжурыў тады на царкоўнай каланчы, сядзеў з салдатамі, і тэлефон пры нас быў. Як толькі ўдарыў першы снарад, салдаты пакінулі пост, бо зналі, што царква добры арыенцір. А я застаўся, не знаў гэтага, ды й не казалі мне, каб злазіў. Прыляцеў самалёт, пачаў пікіраваць — і першай жа бомбай раскідаў хату Астапавых. А толькі ўлазіны згулялі. Я памагаў ім будавацца, нагу там прапароў цвіком... Сяджу, значыць, на каланчы. Эх, бачу, на Бярозаўцы пыл закурэў, копаць відна, трасіруючыя кулі...

«Немцы з Бярозаўкі пруць!» — крычу ў тэлефонную трубку.

«Як гэта — з Бярозаўкі?.. Глядзі з Доўска ці Гайшына!» — гэта мне начальнік наш так кажа. А пераправа цераз Сож была во так, як прысады цяпер, дзе лазня гарадская. Я, значыць, крычу ў трубку:

«З Гайшына не відна — немцы пронны мост захапілі, б'юць адтуль па пераправе». А машын ваенных многа згурцілася — калона цэлая. Гудуць. I, от, начальнік дае мне загад:

«Спускайся ўніз, Герасім, будзем і мы адступаць...»

Выехалі з двара, мінулі прысады й бачым: разнесла пераправу снарадам. Тыя, хто ўмеў плаваць, кінуліся ў Сож, паплылі на той бок, астатнія — у роў пахаваліся, каб пад снарад не падставіцца. I я з імі — плаваць жа не ўмею. Не паспелі агледзецца, а немцы й тут, зачуралі нас, пасадзілі ўсіх ля рова, пад варту ўзялі. Прапойск гарыць. Скрозь па беразе нямецкія салдаты акопы рыюць, дзоты робяць. I мы тут, за ўсім гэтым назіраем... Як толькі сцямнела, нас і пагналі дарогаю, што напрамкі на Магілёў вядзе, гравейкай. Калі праз Віравую ішлі, я ўлучыў момант — заскочыў на падворак якраз аднаго з тых парубшчыкаў, які цярпець не мог бацьку майго. Забег за нужнік, схаваўся. Ды гаспадар агледзеў мяне і выдаў. Канвойныя думалі, што я не з іх калоны. Пагергеталі між сабой, пасмяяліся.

Раніцай мы былі ў Рабавічах. Там нас усіх праверылі, хто адкуль. Блізкіх адпусцілі. Эх, мы — хто куды, абы далей ад бяды. Я рашыў ісці дахаты цераз Улукі й Закрупец. Проню перайшоў, лесам іду. Ціха. На Закрупцы сустракаю Паўла Семенчука. Ён і кажа мне: «Не прыся ты сянні ў Ходараў, перачакай. Немцы б'юць маладых... Бібліятэкара гіжэнскага застрэлілі, ходараўцаў залавілі ў лесе з каровамі, таксама пабілі — малаком паілі акружэнцаў, салдат нашых. Кажуць, нехта ўхадосаў трох немцаў, крыжы на спінах павырэзваў, яны й лютуюць з таго, помсцяць. Пабудзь пакуль у мяне». I я застаўся ў Закрупцы. Павел лазню прагрэў. I Мураўёў — гэты, што агентам па налогу робіць, — прыйшоў таксама мыцца. Да вайны ён сакратаром сельсавета быў, застаўся, не адступіў і немцаў пабойваўся, не лез ім на вочы. Мы, гэта, мыліся, гаварылі. Потым Мураўёў заплюскаў вачыма — як не заплача — і ляпнуў: