Выбрать главу

«Знаеш, Граська, забілі немцы жонку тваю... Даруй, але я не мог змаўчаць».

«Хто табе сказаў?» — пытаюся.

«Іван Юдачка, усохскі мужык. Ён магілу ёй капаў...» — кажа так і ўсё вачыма плюскае.

«I дзе ж яе забілі, як?» — Мяне стала калаціць, хвалююся.

«Яна цэлы цюк пілотак салдацкіх несла. Ля разбітай машыны ўзяла. Немцы затрымалі, праверылі хатуль — і адразу расстралялі».

I я ўжо не ўседзеў у Паўла. Лёкса Хамбэрава прыходзіла ў Закрупец парасё купляць, дык я з ёй і адправіўся ў дарогу. Двое ж не так у вочы даюцца. Бліжэй да Гіжэнкі падышлі — поўна немцаў на полі. Лёкса не пабаялася — рушыла далей, а я ўжо лапы іхнія зведаў. Застаўся ў ляску, лёг. I тут, бачу, проста на мяне сунецца немец. Стаў. З пісталета ў сасонку — чах! — стрэліў. Мой чуб так і ўздыбіўся. Немец схаваў пісталет у кабур, назад падаўся. Чаго страляў? Відаць, мяне заўважылі, сказалі яму, каб застрэліў, а ён пашкадаваў?.. Хутчэй за ўсё так і было. Я ляжу, тулюся да зямлі, бо дарога ж побач. Чую, гудзіць машына. Аж гэта немцы з Целяшоў у Гіжэнку едуць. Праехалі. Лягчэй стала на душы. Ды ўсё роўна трывожуся: трэба ж неяк двору дабірацца — блізка ўжо, рукой падаць. Ляжаў я так пры ўзлеску, пакуль не ўбачыў пастуха, які гнаў кароў. Падышоў, паздароўкаўся з ім. Сказаў, што ў вёску прайсці трэба. Пастух узяўся памагчы, закурыць мне даў. Ідзём, гамонім. А немцы ж кругом... Хоць, можа, і не глядзяць на мяне, а здаецца — глядзяць. Троху прайшлі вуліцаю, я цішком — шых у нечы двор! Не глядзеў — абы змыцца. А там, на двары, поўна людзей. «Скарэй!.. — паклікалі мяне. — Хадзі, я цябе чакаю». — Лёкса перада мною. Я кажу ёй:

«Мне б толькі да Хадоры, цёткі маёй, дабрацца...» — і ўсё паглядаю на вуліцу.

«Вуна, бачыш, Кірыла Храпак едзе, сусед Хадорын. Нем-цы б'юць свіней, а ён возіць тушы на склад. На абед, кацца, сабраўся, дык ты да яго і прыстройся».

Лёкса выбегла, гукнула Кірылу. Той, праўда, пачакаў мяне. Я сеў на яго калымагу, заляпаную кроўю, пад'ехаў да Хадорынай хаты. Як толькі пераступіў парог, Хадора заплакала, есці дала. А ў мяне ж адно наўме: дома як? Кажу ёй:

«Слухайце, цётка, як гэта пра Еву маю разузнаць?.. Схадзілі б вы, можа, да Маршы ў Трасліўку, а яна няхай на Усох адскочыць, спытае...»

I цётка мая заўпарцілася раптам:

«А не-е, Граська, не-е. Тутацькі ж нікому праходу не даюць, абложана ўсё немчурою. Ты во лепей чэсна паступі — як свой, тутэйшы, пакажы дакументы, што не ваенны, цябе і не затрымаюць. Ваенных ловяць, а ты — усяго толькі пажарнік. Не бойся».

І на яду забыў — нічога ў рот не лезе. Ат, што будзе, тое будзе — пайшоў, не стаў хавацца. I толькі пераступіў гэты во мосцік, што ля крамы, тут мяне і запынілі. Забралі армейскую кніжку, пасадзілі ў пуню разам з палоннымі салдатамі. А праз дзень прыехалі ў Гіжэнку эсэсаўцы й нас усіх, вуна, аж у Пацяраеўку затарабанілі. А там жа перад гэтым пяцьсот чалавек сядзела. Іх павезлі некуды ў лес і, можа, пастралялі. «Ну, думаю, усё, і нам каюк будзе — рыхтуюць новую групу, каб пабіць». Ноч настала — урываюцца немцы з дубінкамі ў гумно. Як сталі чахвосціць, як сталі мясіць! Далі добра, учынілі разгон. Уранні, цёмна шчэ было, выгналі ўсіх. Як толькі бабы прыйдуць, наблізяцца і стануць кідаць нам хлеб, так стража баб гэтых — палкамі біць! Недзе к абеду машыны прыйшлі, і загрымелі мы аж у Бабруйск. Зачынілі ўсіх арыштантаў у крэпасць. Не помню, колькі там прабылі — месяц, два... Лісце на бярозках усё пааб'елі. Сталі паміраць людзі ад голаду. Дужэйшых, хто трымаўся на нагах, — на платформы, павезлі поездам. Як толькі каторы саскоча, спыняюць поезд — і пускаюць сабак. Акружаць, зловяць і так ужо б'юць, з такой лютасцю. Гэта, каб не смелі больш уцякаць. «Не-е, — думаю, — ад такой аховы не ўцячэш...» Яно, канешне, саскочыць не цяжка. I што зманьвае — хмызнячок! Уецца скрозь паўз чыгунку. Але ж далей — роўнае поле, схавацца няма дзе. I тут яшчэ адзін — хоп! — саскочыў. Немец стрэліў па ім. Поезд зноў затармазіў. Трое каравульных пабеглі. Уцякач ляжаў ніцма, падстрэлены... Не сталі браць, дабілі ў галаву — і назад.

Прывезлі нас у Мінск. Дождж. Загналі ў школу. Стаяла на ўскрайку. Непадалёк быў лагер для ваеннапалонных, абнесены калючкай. Зачынілі. Пар стаўбом стаіць. Хто аслаб — памірае, курчыцца, стогне. Мерцвякоў забіраюць і вязуць на магільнік, закопваюць. Можа, хто і жывы шчэ, а вязуць, не разглядаюць. I ўсё ціха цягнецца, запаволена. Людзі, як учадзелыя, ходзяць, вочы запалыя, страшныя.