Пабыў я так з месяц у «школе» той, паеў баланды — аслаб, захварэў на страўнік. Пайшоў у санчасць, а там мне і кажуць:
«Каб паранены быў, то, калі б дазволіў ваш камендант, лячылі б...»
Толькі вярнуўся — на школьным двары, бачу, прапускі выдаюць. Прыткнуўся ў хвост калоны. Тут і яшчэ двое падбеглі. Людзі хвалююцца — кожнаму дамоў хочацца, свабоды. Заднія на пярэдніх ціснуць, а тыя — на пісара. Пісар не ўцярпеў: падняўся і ну чахвосціць калодачкай цесака тых, хто бліжэй да яго. Па чым папала біў, не разглядаў. Ганяў так, пакуль усе паляглі, аціхлі. Я, праўда, не лёг, бо за мной — нікога, няма каму ціснуць. Пісар пахадзіў ля стала, закурыў і — што гэта з ім? — утаропіўся ў мяне. Тут я і думаю: «Ну, цяпер перападзе, што не лёг...»
«Иди сюда!» — паклікаў пісар.
Ды я быдта не разумею яго, не чую быдта, што звяртаецца да мяне. Ачомаўся, пытаю:
«Мне, пан, ісці... да вас?» — хочацца ж, каб не біў, выкруціцца хочацца.
«Иди сюда, выпишу тебе аўсвайс, — гаворыць спакойна. Я падышоў да стала, стаў. I ўсё чакаю, калі біць пачне. А ён пытае: — Фамилия?»
Я сказаў.
«Откуда?»
Я сказаў.
«Пропойск? — Паглядзеў на карту. — Освободили Пропойск. — Стаў запаўняць бланк. — Бери, — аддаў квіток. — Я пожалел тебя за то, что порядок соблюдал. Садись с той вот группой и жди».
Я і не сеў яшчэ, як пачуў галасы маіх землякоў:
«Пан, выпішце і нам аўсвайсы — мы таксама прапойскія». — Двое, Міхась і Самусь, — я ўжо быў добра знаёмы з імі — нясмела прыўзняліся з зямлі. У Самуся на лбе кроў сачылася і ўсё левае брыво рассечана. Пісар глянуў скоса на сваю работу і стаў нешта пісаць. I землякам маім пашанцавала. Падбеглі да мяне, хлебам падзяліліся, распытваюць.
Толькі мы так пагаварылі, чуем, крычыць зноў пісар: «Хоть вы здесь подохните все, чтобы я снова занимался вами!» Гэты раз не біўся — загадаў салдатам адвесці ўсіх, каму не паспеў выпісаць прапускоў, назад у лагер. Неўзабаве падышоў і папярэдзіў, што сам камендант будзе гаварыць з намі. I праўда, праз колькі хвілін аб'явіўся афіцэр. Пажылы ўжо. Казаў каб мы ўвесь час трымаліся шашы, не збочвалі, не хаваліся — салдат нямецкіх не след баяцца, яны добрыя, а вось бальшавікі могуць і забіць. Пужаў так — раздобрыўся.
Выйшлі з Мінска. Гадзін пяць без перадыху тэпалі. Я стаміўся, кажу хлопцам:
«Давайце адпачнём».
Завярнулі ў вёску. Мішка з Самусём па дварах пайшлі, я застаўся чакаць. Выйшла жанчына з крайняй хаты, сунула мне гурок і кажа:
«Тут вам ніхто нічога не дасць, бо няма ў саміх. Трэба далей ад шляху адыходзіцца. Мы ўсё ўжо раздалі».
I праўда, хлопцы вярнуліся з пустымі торбамі.
Рушылі далей. Я ўжо не мог ісці, хлопцы мяне пакінулі аднаго. Зноў была вёска. Звечарэла. Я не прасіўся нанач, не турбаваў людзей — у лазню забраўся і пераначаваў. Раненька выйшаў на шашу і, трэба ж, сустрэў Рамана Ляўкова. Гэты ўжо свой, блізкі — як радня, можна сказаць. I ён, Раман, таксама здарожыўся. Во, мне весялей стала клыпаць — знаёмы ж, чуемся, бы свае. Дайшлі з ім да Бялыніч. Бачым, Мішка з Самусём насустрач нам выходзяць. Самусь кажа:
«Тут паясцё, людзі спагадлівыя, не скнарыя».
Я ў першую хату зайшоў — далі мне бульбіну і кружку сыраквашы. Паеў — і адразу на шашу. А Раман па хатах пайшоў. Чакаў яго гадзіны дзве. Ён, праўда, сам добра наеўся, яшчэ і ў торбу набраў, на дарогу.
Брыдзём, гамонім. Чуем, недзе гудзіць машына. Гудзіць, а самую не відаць. Аж яна забуксавала на ўзбочыне. Наша машына, руская. Двое хлопцаў пры ёй. Мы падышлі, узяліся памагаць. Пасабляем, а самі думаем: ці па дарозе яна, трохтонка гэтая? Мо сілы дарма апошнія трацім.
«Куды, хлопцы, сабраліся?» — Раман спытаў.
«У Магілёў, хлеб малаціць... Ды во, па бочкі адскочым у вёску», — адказаў шафёр.
«То ж гэтак лепей для нас, — кажу Раману. — У вёсцы, можа, паядзім, га?»
Прыехалі. Мяне шафёр да сябе запрасіў, а Рамана ўзяў другі хлопец. Шафёр сказаў сваёй маці, каб пакарміла. Яна наліла мне супу грэцкага, на малацэ. Пасёрбаў з кусманчыкам хлеба.
...Ажно не верыцца — на машыне едзем. Ускорасці й Мішку з Самусём дагналі, пехацінцаў. Яны давай махаць рукамі, ды машына не спынілася. I я падумаў: «А каб яна спорцілася!» I праўда, праехалі трохі — цуп! — стала трохтонка. Шафёр у матор палез, корпаецца. Мішка з Самусём падбеглі, просяцца. Ім давялося па пяць марак выкласці за падвоз. Былі ў хлопцаў нямецкія грошы, недзе ж узялі.