Выбрать главу

Зноў, значыць, разам. Умовіліся трымацца адзін аднаго. А там і ў Магілёў прыехалі. Мішка гаворыць:

«Я пайду з Граськам. Тут усе мае цёткі, то мы пакуль затрымаемся, пагасцюем».

Прыйшлі да Мішкавай хроснай. Яна паплакала, паспачувала нам.

«Хворы мой напарнік, жыватом маецца, — кажа ёй Мішка. — Палячыцца б яму чым... Раздабудзьце самагонкі добрай».

Яна, праўда, знайшла гарэлкі. Я шклянку выпіў — запякло ўнутры. Тут есці трэба, і ёсць што, а не магу — баюся. Збольшага, праўда, перамарыў чарвяка і заснуў адразу. Спаў да цёмнага. За вячэраю зноў патроху выпілі, блінамі закусілі. I рэзь у жываце, чую, сунялася, палепшала мне. Мішкавы родзічы нясуць нам харчы — хто што можа, што ў каго ёсць. Сабралі на дарогу.

«Цяпер, — кажа яго хросная, — нікуды й не заходзьце ўжо— сваю яду маеце».

Праз дзень мы й выбраліся. I к вечару былі ажно каля Пацяраеўкі. Во што значыць яда добрая. Пераначавалі. Іду я міма гумна таго, дзе нас трымалі ўсю ноч, і ажно не верыцца, што застаўся жывы. Перад Віравой якраз, бачу, едзе Міхалка Шымар — конюхам у пажарнай рабіў, то я пазнаў яго. На фурманцы й сянцо ў драбінах. Я павітаўся:

«Здароў, Міхалка!»

Ён углядаецца ў мяне і асцярожна адказвае:

«Здароў...»

Руку яму падаю, запытаў:

«Што тут у вас чутна?..» — рупіць мне, спадзяюся пачуць і пра сваю сям'ю.

А ён:

«Хто ты, чалавеча?.. Не магу пазнаць».

I я назваўся:

«Граська... — кажу. — Хто ж яшчэ. З Ходарава!»

Во тут і ён ажывіўся:

«Айя-яй-і... Ды ніколі ж бы я не пазнаў цябе. Змучаны, схуднелы... Хто ж гэта цябе так, дзе?»

«Немцы... У палоне быў. Скажы мне лепей, ці не чуў, як там у Ходараве? Ці цэла мая сям'я?..» — дапытваюся, хачу праўду знаць.

«Быў я там нядаўна, то бядуюць, што цябе няма, — спакойна адказаў ён. — Хэ, не бядуй, акрэпнеш, вяселлі зноў граць будзеш!»

А мне ж карціць даведацца пра Еву, пытаю:

«Дык сям'я мая ўся дома?»

«Жывыя ўсе вашы... Садзіся, паедзем — мне ў Гіжэнку трэба. А там табе ўжо блізка».

Так мне не хочацца зноў у Гіжэнку, але ж пехам ужо не магу — ногі падкошваюцца ад зморы, выбіўся канчаткова з сіл, прыстаў. I што ж? Паехаў-такі з Міхалкам. Прыбылі ў Гіжэнку, злез з калёсаў — адпачыў троху, акрыяў. Дашкробаў да Усоху, да бабы Кордзіхі зайшоў. Адразу ж і пытаю ў яе:

«Ці праўда, што маю жонку забілі?» — Міхалку не паверыў — ён мог наўмысна мне не сказаць праўды, каб не хваляваўся.

«Ды што ты, Граська, што ты!.. Забілі ўсохскую Грашчыху. I навошта бабе пілоткі тыя знадабіліся? А твая Ева — жывая-здаровая. Была ўчора ў мяне. Кабылку тут адбірала сваю ў Агеіхі».

Я зарадаваўся — палягчэла на душы, быдта камень пудовы зваліўся з плячэй.

«Дык у маіх і кабылка ёсць?» — перапытваю, бо цікава ведаць, адкуль яна можа быць, тая кабылка.

«Збітая ўся, параненая... Жэнік з лесу прывёў. Троху ўжо адкармілі».

«Ну, калі ў іх свой транспарт ёсць, то няхай дзеўка твая збегае, скажа, каб прыехалі па мяне — прыстаў я саўсім».

Аж вуна як — у іх ні хамута, ні калёсаў не было, кабылка толькі. Жэня яе пасе... Во прыбеглі яны. Ева Колю прынесла. Узяў яго на рукі, хацеў несці, а пот залівае вочы — нічога не відна. Аддыхаўся, пастаяў, перадаў сына, пайшлі...

I так, пакуль ачухаўся, ляжаў, нічога не мог рабіць. Вый-ду — і ветрам хістае. А там — у партызаны пайшоў. Пасля, калі з арміяй злучыліся, прызначаны быў у сапёры.

— У сапёры? — уражана перапытаў я, бо ўжо ведаў, што ў гэты род войск адбіраюць кемліваых ды спрытных на рукі.

— Ты слухай-ка... Немцы адступалі. I мы ўзяліся пераправу цераз Сож, пад Прапойскам, калі не зліквідаваць зусім, дык хоць парушыць. Ахова ў іх пільная — франтавікі ўсе, вопыту не займаць. Але ж і мы не лыкам шытыя: падступіцца да пераправы ні ўдзень, ні ўначы немагчыма, дык што прыдумалі — зладзілі з бярвёнаў плыт, падвязалі пад ім два снарады, накідалі сена, некалькі вудаў наструнілі, быццам рыбак тут быў, лежыва, і пусцілі ўсё гэта начынне ўніз па цячэнні. Немцы й купіліся — не разгадалі хітрасці, прашалопілі: вёшка, злучаная з узрывальнікам, зачапіла сярэдні пантон і яго разнесла ў мэтлухі! Рух спыніўся: у два рады калона машын па ўсім лузе — ад Крамянкі й да Сожа. Не было каму ім тут як след усыпаць — войска наша толькі на подступах, а мы ў адкрыты бой з франтавікамі не ўвязваліся. Аднак жа — нешта рабілі: дарогі завалілі, мінаў наснудзілі. I калі машыны пачалі аб'язджаць завалы — адна падарвалася, другая. Перапалох узняўся. Машыны, што ў хвасце былі, павярнулі назад — на Чэрыкаў... Уначы, праўда, і вайсковая разведка аб'явілася. Байцы ў касках, зорачкі. Свае людзі, жартуюць: «Вылазьце, хлопцы, з балота на прастор!» Мы тады двух партызан страцілі. Яны пры мінамёце былі. Паспяшаліся: міна дала асечку, а Рыжок (наш, ходараўскі) другую ў ствол укінуў. Мінамёт разарвала, іх пабіла. — Бацька зрабіў перадых, закурыў дый зноў давай гаворыць: — Сапёрам доўга не наваюеш. Раніла мяне, калі бралі Быхаў, акурат на 15-ым раз'ездзе... Вязуць нас, раненых, і ўсё полем. Эх, як стала бухаць кругом. Адзін снарад разарваўся блізка ад павозкі. Санітара забіла — з'ехаў долкі, застаўся ляжаць на полі. Зноў ірванула. Трое салдат, лёгка раненых, што сядзелі ззаду, — відна, іх таксама пабіла — паскочваліся долкі. А конь наўгалоп бяжыць. Я ляжу і здаровай рукой трымаюся за драбінку. Калоціць мяне ўсяго, працінае болем. Праўда, павозка не перакулілася. Двое нас засталося: я і сяржант, масквіч, у ногі ранены...