Выбрать главу

Так, я добра помню, калі бацька з палону вярнуўся. Прыбег з вуліцы, бачу, маці збіраецца даіць карову. Але чаму яна ўся ў клопаце, узрушаная?

— Слава Табе, Усявышненькі, што ўбярог майго чалавека, дужа ж мы знебыліся... — Яна вымаўляла словы так, нібы малітву чыніла; у вачах — рой зыркіх бліскавак. — Сыначка, паглядзі — на ложку твой бацька!

Я глянуў на соннага барадача і жахнуўся: «Гэты худы незнаёмец, спакутаваны, з аброслым шчацінаю тварам — мой бацька?.. — Выйшаў на падворак — разважаю: — Вось пайду і зраблю ў стажку нару, схаваюся, і няхай ён знойдзе мяне... Мой бацька знаходзіў нават у пуні, дапаўна набітай сенам. А гэты... Не бацька ён!» I зноў вярнуўся ў хату, стаў цікаваць. Спачатку здалёк назіраў, потым блізка падышоў. А ён як спаў — так і спіць. Які ж гэта бацька, калі й трошачку не падобны на таго, ранейшага. Во, спіць і не чуе мяне. А мы ж столькі часу не бачыліся...» — Маё горла перацяў горкі камяк. Я ўспомніў, што маці недзе ўжо ля каровы, прыхапіў з сабой конаўку — тую, што бацька з Прапойску прывёз, і выйшаў з хаты.

Маці заўсёды, калі даіла карову, адчыняла вароты напята. Пуня была прасторная. Там яшчэ стаяў пры сцяне ў асобным катуху, знутры абітым шалёўкаю, млын бацькавай работы. З двух бакоў, якраз паабапал жорнаў, што былі ўмацаваныя так, як камень у тачыле, тырчалі ручкі. Многія з вяскоўцаў прыходзілі да нас, малолі. Найлепей было удваіх завіхацца — і весялей, і лягчэй.

Я зазірнуў у пуню і спытаў у маці:

— Аўсё-ткі, мама, дзе мой першы бацька? У гэтага, новага, боты нягеглыя — адзін чорны, гумавы, з дзіркай на пяце, другі — брызентавы, жоўты, і ўся халява падзёртая. Я помню першага бацьку — не такі ён. А гэты, новы, не трэба мне!

— Як гэта — не трэба? Ты што надумаў?!. Во падаю карову, ён прачнецца, загаворыць — і ты пазнаеш. А пакуль няхай спіць. Не ўздумай будзіць, толькі ж вочы самгнуў. — Маці ўзяла конаўку, накінула споверх цадзілку. Тугі белы струмень залёхкаў па марлі, прагнуў яе. Карова касавурылася, круціла галавою — пужала мяне. — Бяры-ка і ўсё выпі, — падала мне конаўку з малаком. — Ды ўжо не збягай з дому, а то сёння цябе нешта ўвесь дзень няўседня бярэ.

— Дык і Нінкі ж няма, і Жэніка.

— Я ў Малінаўку іх паслала — скажуць нашым, што бацька вярнуўся.

Маці дадойвала карову. Я выпіў сырадой, пакруціўся на падворку і падаўся ў хату — пільнаваў, пакуль прачнецца бацька.

Пасля ўжо, калі ён пайшоў у партызаны, мы ўсе так чакалі яго!

Звычайна прыходзіў апоўначы. Спачатку ў яго быў карабін, потым — ручны кулямёт.

Мне не спалася. Ноч была цёмная, ветраная. Здавалася, во-во густы морак выпне шыбы, зазвініць шкло і зябкая восеньская стужа загуляе па хаце. Страшна было, і я схаваў голаў пад коўдру. Жэнік — побач са мной, але ён спакойна пасопваў. Раптам чую, як роўна і знаёма зазвінела балонка — вонках нехта стукаў у акно.

— Тата прыйшоў! — Я ўскочыў з ложка, падбег да маці. — Чуеш, мама?!.

— Цішэй, сыночак, цішэй... Можа, чужы хто. — Яна наблізілася да акна: — Каму не спіцца?.. — і адхінула шторку.

Замест адказу зноў пачуўся ціхі стук. Маці пайшла адчыняць сенцы, сустракаць бацьку. Я тым часам пабудзіў Жэніка. Прахапілася Ніна. Мы сцішыліся і моўча, кожны па-свойму, радаваліся сустрэчы з бацькам. Толькі Надзя, меншая сястрычка наша, ціха пасопвала.

Бацька адразу ж памог маці завесіць коўдрамі вокны, запаліў гаснічак, які стаяў на камянку, і ўжо затым падступіўся да ложка. Мы наперабой кінуліся да яго.

— Як вы тут, дзеці мае? — Ён кожнага з нас доўга, па чарзе, абдымаў. — Ну, не шуміце толькі.

На стале чакалі гаспадара глечык з малаком і акраец хлеба.

— Перакусі, Грасічка, а я тым часам сабяру табе з сабою чаго...

Пасярод хаты стаяў на ножках кулямёт-ручнік. Ён быў руляю скіраваны на дзверы.