Выбрать главу

— Гэта ён адэкалон выпіў?

— Ён... Купіла «трайнога» бутэлечку, ад прастуды націрку зрабіла з канапляным маслам, узяў, панюхаў — і не апрогся, выжлукціў, закусіць папрасіў. Такі вось даброснік. Чапялой выгнала.

— Не закусіў?

— А пакарміла. — Маці махнула рукой. — Ён з бацькам у партызанах быў, на чыгунку хадзілі. Некуды аж пад Мугулёў. На паліцэйскі дзот наткнуліся, кінуліся ўцякаць, яго і дзеўбанула ў пяту. Ступак удоўжкі прабіла. Хацелі адняць, але не даўся. I во, ходзіць без кавілды, накульгвае. Бацька твой дапамог яму выбрацца з-пад абстрэлу, перавязаў.

— Мама, у мяне такое пытанне: а хто ўсё-ткі Ельчын бацька?.. Той самы старшына?

— Яшчэ вайна не скончылася, а ў нас тут, ужо ж, той бабе, якая народзіць, давалі пяць метраў мульту. I якраз Маруся Ельку выпуліла — атрымала і яна свае пяць метраў. Са мной падзялілася. Хто бацька, пытаеш? Калі па часе, дык выпадае, што хлапчына той, старшына. Ты ж ведаеш, Маньку яна ад Карнеева нарадзіла. У Гіжэнцы настаўнічаў да вайны. Распісаліся. А пасля — тыль-мыль, вочы адводзіць убок, вярэда гняце: сорамна — узяў гламазду бязграматную, нездаляку, якая, калі й здатная на што, дык на сварку. I развёўся, акурат перад вайной. Так і застаўся ў войску, капітан, і не які там дуроня — вучыць сувораўцаў, аліменты на Маньку сплочвае... А старшына, значыць, загінуў паблізу Быхава — на міне падарваўся: саступіў з дарогі, якраз і ўлучыў на міну стаць.

— Тата казаў, што ішло іх сем чалавек, прасекаю. Уначы. Ён за камандзіра быў.

— Пухам яму зямелька. — Маці гаротна ўздыхнула, памаўчала троху і зноў павяла расказ: — Мікіціха стала лаяцца са мной. Ля варот затрымалася і аж заходзіцца — вярзе абы-што. А тут і бацька твой падышоў, чуе ўсё.

«Табе і сенцы салдаты зрабілі, і печ склалі, — ніяк не можа суняцца Мікіціха. — Ты за салдатамі жыла, круцілася!»

Я смяюся і кажу ёй:

«Аняго ж!.. Мне ўсё салдаты рабілі. Гэта чыстая праўда: адзін сапёр хадзіў да мяне! А пасля і партызан прыходзіў — Колю мне зрабіў... Во, Граська тут! I пра салдатаў чуў то няхай і пра партызана ведае». Граська ступіў у бок весніцаў, сварліўка ўбачыла яго — лахі пад пахі й пабегла.

— У горадзе чым добра — людзі не надта чэпяцца адзін да аднаго, — сказаў я і ўжо дадаў як жартам: — Мікіціха — лыжка дзёгцю ў бочцы мёду.

— Ой, сынок, я табе скажу так: акрамя твайго бацькі нікога ў мяне не было. Ні з кім бы я нічога такога і не стала б рабіць — хай бы мяне дайжа рэзалі. Можа, ён і змяняў, а мне калі было? Засталася ў хвінскі хронт з чацверыком на руках. А ў нямецкі — з пяцерыком!

— Вы, помню, расказвалі, як гарэлку з Васілінай гналі. Была печка жалезная, з бочкі, у якую вялікі чыгун быў умазаны, а зверху — змеявік у карыце з вадой... Запомніўся мне той ваш бровар.

— У сенцах гналі. Тых самых, што бацька зрабіў. Няўдашная гарэлка атрымалася — у бочцы з-пад сялёдкі брагу ўчыніла, брага не ўстаялася... Ой, калі б у мяне было троху болей розуму, дык я не так зрабіла б. Збіў з панталыку салдат. Пасе коней, ходзяць яны па маёй усядзьбе, падступіліся да кучы агар'я (капа ячменю згарэла) і выбіраюць паленыя зернейкі. Я ўзяла адно, раскусіла — бачу, добрае, бела ўсярэдзіне, не ўсё спалена. Падумала: «Во, трэба патаўчы й дзецям праснакі спяку». А салдат стаіць, глядзіць на гэту чорную кучу і кажа:

«Ты, жанчынка, саграбі ўсё ды на гарэлку пусці».

Я адказваю:

«Не ўмею гарэлку гнаць. А дзецям, от, можна было б ці суп зварыць, ці мукі намалоць і праснакоў спячы. Паленым троху пахла б, але затое хлеб свой мелі б!» — Сказаць — сказала, але зрабіла так, як параіў конюх. I з бочкай здуравала... Ну хай бы з мамай параіцца, дык не цюкнула ў голаў. Ат, век жыві, век вучыся.

Зноў тое-сёе пра бацьку

— Нашы Проню фарсіравалі... Былі ўжо пад Мугілёвам, ля Быхава, і там баі пачаліся. Я перажываю: Граська мой недзе ж у пекле тым глядзеў смерці ў вочы. А тут якраз пярэпалах Жэня ўчыніў — шукаў анучкі на печы, сабраліся мы з ім па сена ісці, каб дзе якой патрухі назграбаць. Аняго ж, абіркамі даводзілася карміць карову, не ношкамі — у шчопцях сена насіла, папацягалася холадам, дзе яно тое дзенецца, усё на здароўі адбілася. I што ж? Куёўдзіцца сын мой на печы, шукае, у што б ногі агарнуць, а тады ўзяў гаснічак, што ў глінішчы знайшоў, за Лапацуевым агародам, і высвечвае, шукае. Загарэлася палавінка ад слюдзяной мыльніцы, сіні дым пайшоў... I так хлопец наглытаўся атруты, што дрэнна стала, дык я і на сена забылася.