І не ён адзін.
Як толькі Ася ў белай сукенцы, на якой золатам плавіўся пажар яе валасоў, з’яўлялася каля яткі, дык нават у прахалодныя дні, калі нікому піць не хацелася, не канчалася чарга сасмяглых. З Асяй Саламон Майсеевіч мог бы прадаваць газіроўку нават зімой, калі б яна не ледзянела. Дый ледзяную пілі б, лёд бы хрумкалі, калі б Ася каля яткі стаяла. Неяк Асі ў Мінску з тыдзень не было, у Аўстрыю, у Вену да радні ездзіла, дык народу каля яткі адразу паменела: ніякай чаргі нават пры спякоце. З Вены Ася кока-колу прывезла, пра якую мы спявалі: “Не хадзіце, дзеці, ў школу, піце, дзеці, кока-колу…” — хоць самі кока-колу ніколі не пілі і, як аказалася, маглі й не піць — што там тая кока-кола ў параўнанні з шыпучай вадой з сіропам з яткі Саламона Майсеевіча!..
У той дзень, калі Косця Воран распазнаў у Саламоне Майсеевічы сваяка Леніна, каля яткі мы стаялі ўтраіх: Косця, Ася і я. Да нас падыходзіў Ас, але ён быў яшчэ наводдаль. Настолькі далёка, што наўрад ці мог пачуць тое, што сказаў Саламон Майсеевіч пра сваё сваяцтва з Леніным. Хоць хто яго ведае, з якой адлегласці чуюць лётчыкі, у якіх нябеснае здароўе. Калі нават яны былыя.
Ас хадзіў у шынялі з пагонамі генерал-маёра авіяцыі. Пад шынялём — зашмальцаваны, зацыраваны цывільны пінжак на чарнільна-сінюю майку. Таму шыняля ён ніколі не расшпільваў. Заходзіў у кавярню “Вясна”, дзе яго найчасцей можна было бачыць, прадстаўляўся ўсімі сваімі мянушкамі: “Ас! Генерал! Мёртвая пятля!” — і чакаў, пакуль нальюць. Калі не налівалі доўга, ставаў пасярод залы і пачынаў свістаць, імітуючы палёт куляў з асколкамі. Гэта ў яго здорава выходзіла: страшна, як на вайне! Калі быў у кавярні нехта новенькі, дык, уражаны, запрашаў Аса да стала.
Кожны раз Ас прасіў наліць яму адно і тое ж: шклянку партвейна “Агдам”. Выпіўшы, штораз адно і тое распавядаў: колькі і як назбіваў самалётаў — нямецкіх і амерыканскіх. “Ён мне ў хвост, а я ў мёртвую пятлю…”
Новенькія ў кавярні здараліся зрэдку, таму наліваў Асу звычайна Косця Воран, ці амерыканец, у якога і адна з мянушак была такая, Амерыканец, і ён насамрэч быў амерыканцам. Тым самым амерыканцам, з якім пазнаёміліся мы на танцах у Палацы прафсаюзаў.
Амерыканец пытаўся ў Аса, наліваючы:
— А дзе ты збіваў амерыканскія самалёты?
Ас нёс несусветнае… Амерыканец гладзіў каленкі Марыны, Асінай сяброўкі, якая працавала ў шпітальнай аптэцы і прыносіла амерыканцу, якога звала Алікам, аплаткі, каб не балела ад нашага савецкага жыцця ягоная амерыканская галава. Гурык уважліва ўсіх слухаў… Гурык сябраваў з Косцем, кахаў Асю — і быў прыстаўленым да амерыканца гэбістам. Ён падазраваў, што амерыканец налівае Асу, каб выведаць у таго савецкія самалётныя сакрэты.
Ас казаў:
— Я збіваў вашыя самалёты паўсюль, бо вы, амерыканцы, засранцы!
П’яны амерыканец з акцэнтам, а таму, здавалася, не надта й брыдка, лаяўся і разам з Асам абзываў амерыканцаў засранцамі, але не згаджаўся, што ён такі ж самы, як яны, бо ўсе амерыканцы былі за капіталізм, а ён — за камунізм. Мы таксама былі за камунізм, мы яго нават, невядома як, будавалі, і амерыканец намагаўся ўцяміць: як? — але як мы пра той камунізм, самі не ўяўляючы, што ён такое, яму ні тлумачылі, так і не ўцяміў. Ён прыехаў з Амерыкі спачатку ў Маскву, пасля ў Мінск, ажаніўся з Марынай, вярнуўся са сваёй савецкай жонкай у Амерыку і забіў там свайго амерыканскага прэзідэнта. Не праз тое забіў, што амерыканцы — засранцы, якія не хацелі будаваць камунізм, а праз рэўнасць да Марыны, якая, прыехаўшы ў Амерыку, закахалася ў амерыканскага прэзідэнта. Амерыканскі прэзідэнт быў падобны на чубатага Толіка, і Марына выстрыгала партрэты прэзідэнта, падобнага на яе першага каханка, з усіх газет і часопісаў, пісала яму лісты. Аднойчы нават адказ атрымала. Ну, так яна казала, што атрымала адказ, але не казала, які…
Ас чакаў, пакуль амерыканец налье, і толькі тады, калі той наліваў, казаў далей.
— Ты ведаеш, якія ў нас самалёты?.. Во, глядзі, — ён браў відэлец. — Во гэтыя восці, гэта, значыць, чатыры рэактыўныя рухавікі. І кожны з іх можа мяняць напрамак цягі. Таму во так, глядзі, — скрыўляў Ас восці алюмініевага відэльца ў адзін бок, — я магу ляцець наперад, а во так, — крывіў ён восці ў бок другі, — назад.
Амерыканец пытаўся: “А ўбок можаш?..” — і падхмялелы Гурык, сурова гледзячы на падвар’яцелага генерала, прыкладваў палец да губ: “Цыс-с-с…” Ён нахіляўся да Аса і шаптаў на вуха: “Я, старшы лейтэнант камітэта дзяржбяспекі, кажу вам: цыс-с-с!”
Калі амерыканец, якога Марына звала Алікам, а сапраўднае імя якога было Лі Гарві Освальд, вярнуўся ў Амерыку і забіў свайго амерыканскага прэзідэнта Джона Кенэдзі, Гурык сказаў Косцю, у кавярні “Вясна” выпіваючы: “Бачыў, як мы спрацавалі.”