Выбрать главу

— Бо я так хачу, так хачу.

— Не быць табе княгіняй, белабокая. Злая ты ды сквапная. Аддай пярсцёнак, не табе ён наканаваны, не цябе чакае.

— Не аддам. Не аддам. Не аддам. Скрала я нешта большае, чым пярсцё­нак. Скрала княжацкую долю. Не стаць яму слаўным. Не стаць.

— Стане слаўным князь Белаполь. А княства яго будзе моцным. Нават не сумнявайся, злая ты птушка.

— Не стане. Не будзе. Гэта я, легкакрылая, табе абяцаю. Не, не, не.

Скаланулася жывое люстэрка ад гневу спадарожніка часу:

— Вяшчуеш адно нядобрае, чорная варажбітка. Будзь жа адусюль гнанай, будзь нежаданай. І не змяніць табе гэтага аніколі.

Злосна ўскінулася сарока:

— Пракляў. Пракляў. Пракляў. Але вось гэтага пярсцёнка, які ты шчыра вярнуць жадаеш, я табе не аддам. З чаго ж так стараешся, га? Не ты адзін ідзеш праз час. То я ў іншы час пярсцёнак закіну, каб аніколі ты яго не знайшоў. Не знайшоў, не знайшоў.

Мовіла так ды пырхнула, толькі яе і бачылі. І ты, спадарожнік часу, не змог яе супыніць. Шэпча мне тваё жывое люстэрка, што болей за ўсё хацеў ты зберагчы долю. І яшчэ дадае, што няма анічога на свеце, чаго б ты дзеля гэтага не зрабіў.

Размаўляе са мной чароўнае люстэрка. Гаворыць, што можаш ты вяртацца праз час. Мяняюцца незнаёмыя краявіды, мільгаюць людскія твары. І ўжо не тваімі вачыма, спадарожнік, гляджу я на час. А гляджу табе ў вочы, гляджу і бачу, як адляцела злая белая сарока. Знікла. Але ты не збіраешся знікаць. Кажаш мне праз час:

— Я знайду цябе. Знайду, дзе б ні кінула тваю долю белабокая. Знайду і ў мінулым, і ў будучым. І прашу, прашу, прабач мяне.

— За што ты просіш у мяне прабачэння? — пытаюся, але не даклікацца цябе.

Маўчыш, самы ведны. За што прасіў прабачэння? Што ты мог зрабіць тады? Як мне пра гэта дазнацца? Я чула журлівыя, як плёскат азёрнай хвалі, легенды свайго краю. Жыў князь Белаполь так даўно, што ўжо імя яго пачало знікаць з людской памяці. Яго імя, яго ўчынкі. Там цяжка дайсці праўды. Але што ж мог ты, спадарожнік часу, зрабіць тады, калі яшчэ я не нарадзілася.

Маўчыць тваё жывоё люстэрка, напэўна не ведаючы адказу. Не даклікацца цябе з майго часу, не спытаць. Але ўспамінаю пра пералёт-траву — сястру сон-травы. Трымаю ў руках яе маленькія лісточкі. І, напэўна, ад іх ведаю, што аніколі не вярнуся ў сіні лес. Але я хачу патрапіць у свой сапраўдны час. Хачу быць там, дзе мяне чакаюць. Свяціся ж, чарадзейнае люстэрка. Нясі мяне далёка-далёка, пералёт-трава. Мы проста сустрэнемся там, дзе анічога не паўстане між намі. Сустрэнемся там, адкуль выгнала мяне злая сарока. Нясе мяне пералёт-трава. Лёгка нясе пералёт-трава.

...І адкрываецца глухая адвечная пушча. Прашумела мне, што заўсёды тут была, што моцна стаіць і заўсёды будзе. І яшчэ сказала, што ўведала людскія думкі. Дык вось пра што думаюць людзі гэтага краю.

Ведалі ўсе, што князь Бой не любіў свайго малодшага сына. Але ж ніхто не здагадваўся, чаму. Ён жа, кемлівы ды спагадлівы, быў першым сярод кня­зевых сыноў. Звалі юнака Белаполь. За тое, мабыць, што з дзяцінства ўпадабаў чысты бялюткі колер. Сам белатвары, сінявокі, русявы. І песні пяе, што заслухаешся, і зброю ў руках трымаць умее. Заўсёды — усмешлівы, радасна і лёгка з ім. Можа, таму і не ладзіць з ім пануры і маўклівы бацька. Не скажа лагоднага слоўка, адно папрокі ды папрокі. Як быццам вінаваты перад ім сын, але віны не прызнае. Ды, відаць, князю лепей тое ведаць. Хто ж будзе гнеў выклікаць, хто ж будзе заступацца.

Стары ўжо князь Бой. Трэба спадчыннікам запавет пакінуць, землі ўсе на княжанне перадаць. Многа ў князя зямель, многа і сыноў. І усе яны жадаюць атрымаць лепшыя, вялікія. Асабліва старэйшыя сыны, такія ж уладарныя, як і бацька. Не страціла б княства сваёй славы, не праліцца б людской чырвонай крыві, не сустрэцца б родным братам у лютай сечы. Не княжыць ім у ладзе ды згодзе, не стаяць плячом да пляча, баронячы родную зямлю. Не быў іх бацька ніколі зайздросным, а яны — не па роднай крыві. Няўжо ты не бачыш гэтага, князь Бой? За што не шкадуеш свайго княства. Ёсць жа ў цябе яшчэ і малодшы сын. А пра яго ты забыўся.

Бавіцца малодшы князеў сын на ловах. Весела і міла Белаполю ў лясах. Не трэба яму, як братам, вялікага людскога тлуму. Цешыцца Белаполь, радуецца волі ды не ведае таго, што не пакіне яму бацька аніякай спадчыны. Усё падараваў князь Бой сваім старэйшым сынам.

Кажаш, ва ўсім адмовіў князь Бой свайму малодшаму сыну. Я памятаю легенды сваёй зямлі. Той самай, пра якую шуміш мне, цёмная пушча. Апавядаюць легенды пра Белаполя-князя, але маўчаць пра ягоных братоў. Няўжо, вярнуўшыся сюды праз час, я змяніла тую сапраўднасць? Падкажы, чароўнае люстэрка, што мне рабіць. Маўчыць жывое, ды я не магу марудзіць. Вярну накаваны лёс, дапамагу табе, Белаполь, каб праўдай сталася легенда. І цяпер, калі так блізка мінулае, не магу не ўспамінаць цябе, спадарожнік часу. Для цябе ж даўніна была сапраўднасцю.