Але, каб нават з Пташнікавым не абвінавацілі ў чым, далі пачытаць Я.Брылю, члену рэдкалегіі. Той прачытаў палавіну і вярнуў... Гаварылі ў кабінеце. Скрыган першы, я другі, канчаў Пташнікаў. "Адзінае праўдападобнае — гэта арышты", — выказаў пахвалу Пташнікаў. Р.Сабаленка моўчкі курыў. Відно было, што з намі не пагаджаецца і нават пасміхаецца ў душы, маючы нейкі козыр, каб нас пабіць... Часам сёе-тое аспрэчваў... Пасля выняў той козыр. "Мяне перакладае Гарбачоў на рускую мову, вельмі падабаецца тэты твор". Я адразу ж загарэўся: тое ж казаў нам Звонак, калі бракавалі яго п’есу пра Харужую. Маўляў, Ленінградскі тэатр прыняў да пастаноўкі, МХАТ... А прайшло тры гады, а п'есы той нідзе ні духу, ні слуху... Аж перасмыкнула Р.К. "Я ж проста так сказаў! Дам, хай яшчэ хто прачытае, не можа быць, каб мне так усё не ўдалося..." Зноў узяліся мы разбіваць, і даволі-такі грунтоўна. Пташнікаў нават кавалкі зачытаў... Узяў папку, пайшоў. Назаўтра — захварэў.
Вядома, можна было б і ласкавей пагаварыць, каб не біла так у яго самаўпэўненасць і пыха. Перад тым як несці твор у "Полымя", сказаў у рэдакцыі: "Я ўцёр нос хлапчукам (гэта значыць, нам) і Брылю... Хай паглядзяць, як трэба пісаць пра паліцаяў і Заходнюю Беларусь..." А раней яшчэ: "Грамовіч аднатомнік выдае... А я... У мяне ж чатыры тамы назбіраецца, і не плануюць усё... А каб нарысы ды перадавіцы сабраць, што я пісаў у раённых ды абласных газетах... Пух-пух (з рота вылятаюць клубы дыму)... Цэлых шэсць тамоў было б."
Спрачаліся неяк у рэдакцыі, чаму надрукавалі ліст Ул.Карпава. Гарою стаяў за Карпава, Карпюка абазваў несавецкім чалавекам. А выдалі — ціхенька зашаптаў: "Я не згодзен з Карпавым". "Чаму? — пытаемся, — так адстойвалі гэты ліст, калі не згодны?" "Я ж — прадстаўнік рэдакцыі. I наогул, ліст гэты арганізаваны. Артыкул В.Каваленкі не спадабаўся рэдактару — і недзе там, вось я і пазваніў Карпаву, каб напісаў..."
Канечне, цяпер камень за пазухаю будзе насіць і яшчэ болей ліць гразь на "Полымя", на нас. Але нічога не зробіш — такая наша доля. Да таго ж аповесць напісана горш, як піша Гурскі. А там, дзе бяздарнасць лезе наперад, трэба быць бязлітасным. Інакш яна загубіць усё святое, лепшае, — хаця б таму, што яна не разумее гэтага святога, лепшага, не бачыць яго, не бачыць нічога, апрача свайго карыта. У літаратуры, мастацтве — гэта самая страшная сіла. Яна падобная на спуджаны натоўп коней — ён нясецца, высунуўшы языкі, і топча ўсё, што трапляе пад ногі. Нічога не трэба так баяцца, як бяздарных аўтараў і сябелюбівых, "корыстливых" людзей... Яны зробяць што заўгодна, каб быць першымі, быць на віду. А паколькі зрабіць гэта нельга, калі ёсць таленавітыя, сумленныя, на гэта "кішка ў іх слабая", то яны стараюцца ці ачарніць талент, ці зусім яго знішчыць... 37-ы год не так страх, як разгул менавіта гэтых дзвюх стыхій ці сіл — называйце, як хочаце. Усё, што толькі можна было ўтаптаць ці знішчыць, было зроблена. Асталіся недасяжныя і бяздарныя... Мозг Расіі быў загнаны ў турмы ці ў зямлю, загнаны зайздроснікамі, няўдачнікамі, людзьмі злымі і несумленнымі...
***
Піліп ПЕСТРАК. Серадзібор. Раман.
Калі П.Пестрак прынёс у рэдакцыю першую частку рамана, то з сабою захапіў чырвоны аловак і нажніцы:
— Бярыце, закрэслівайце і рэжце, — палажыў іх на папку, завярнуўся і хуценька выйшаў. Крэсліць і "рэзаць" сапраўды давялося мала — увесь раман быў напісаны вельмі "дрымуча", сказы былі стылёва не апрацаваны, сям-там парушалася логіка. Часам П.Пестрак забіраўся ў такія нетры думак і адчуванняў, што і сам дакладна не разумеў, што ён хоча сказаць. Не хапала проста слоў, умення перадаць словамі стан душы героя. Рылько запіў, Скрыган дзіўна ўмыў рукі, і ўсю работу давялося весці мне — "церабіць", выкідаць, рэдагаваць. Старонкі літаральна былі чорныя (правіў я алоўкам) пасля мяне. Пестраку паказалі перадрукаваны экземпляр. "Нічога, толькі адновіце вось тут і тут... — а сам чырвоны, як рак. — I не ацярэблівайце так, хай і сучкі сям-там астануцца..."
"Сучкоў" асталося больш, чым трэба, Скрыган нават папракаў, што слабавата папрацавалі над раманам.
Але самае страшнае было сказаць, што трэцяя частка (апошняя) нікуды не вартая як з боку мастацкага, так і палітычнага. П.Пестрак паказваў, як кіраваў Чухноўскі (культавік), як людзі ў эмдэбоўскай форме тыранілі людзей, як адусюль у Заходняй Беларусі выжываліся нацыянальныя кадры і замяняліся рускімі... Скрыган ухіліўся ад размовы, Рылько піў... Танк, прачытаўшы раман, у канцы напісаў: "Дзіч"...