100 старонак новага рамана чытаў два дні. 50 старонак смакаваў — лепш за папярэдні раман. Там месцамі была скаванасць, ненатуральнасць, тут здзіўляючая вольнасць, прастата і глыбіня. 50 астатніх старонак — пра калгас. Усё добра, натуральна, але няма першаадкрыцця, паўтор таго, што было ўжо ў другіх. Нідзе няма, што яны беларусы і ў нас таксама нешта было ў галовах, што і мы жылі не толькі чужымі думкамі, а сяды-тады думалі самі...
Пазваніў мне ў рэдакцыю. Шмат хваліў. Выказаў усе заўвагі — з Я.Брылём, І.Мележам можна гаварыць шчыра. Наконт нацыянальнага сказаў, падумае. I наогул, зойдзе, каб яшчэ пагаварыць больш грунтоўна і падрабязна.
** *
Аляксей КУЛАКОЎСКІ. Сустрэча на ростанях. Раман.
Чыталі ўтраіх — Я.Скрыган, Я.Брыль і я. Спачатку ўдваіх — Скрыган і я. Мне сёе-тое здалося падазроным у паказе вайны (штрафнога батальёна). Скрыган: "Трэба ж некаму праўду пісаць!" (ён быу тады загадчыкам аддзела). Але даў Я.Брыль. Брыль літаральна знішчыў раман. Гаварылі ўтраіх за адным сталом, папярэдне звёўшы ў адно нашы заўвагі. А.Кулакоўскі моўчкі выслухаў усё, пасля ледзь не заплакаў: "Няўжо я горшы пісьменнік, як Шамякін?" Я.Брыль: "Таму і кажам, што ты не горшы".(...) Паправіў хутка, нешта праз месяц і надрукавалі...
Другая частка слабейшая за першую, хаця бытавыя дэталі і там ёсць цікавыя...
***
"Тры зоркі". Аповесць.
Пісаў у Каралішчавічах, я яшчэ быў там. Калі хадзілі па лесе — часцей за ўсё Я.Брыль, А.Кулакоўскі, В.Тарас і я — расказваў пра людзей са свае вёскі. Раптам чытаю аповесць, сустракаю тое, што чуў. Аповесць здаў у апошнія дні, перад самай здачай у набор, А.Бачыла адразу ж аддаў у №1. Мы з Пташнікавым выказалі сумненне: ці пройдзе яна цэнзуру, сёе-тое варта было б паслабіць... "Ерунда, я нічога не бачу такога, каб трэба было паслабляць..."
Здалі. Прайшла цэнзуру. I раптам, дні праз тры, званок — затрымаць друкаванне.
Аказваецца: А.Кулакоўскі ва ўсе газеты здаў урыўкі. Адзін урывак трапіў Фесько, той перадрукаваў яго ў некалькіх экземплярах, і ў ЦК. Там спахапіліся, далі каманду зняць. Танк хадзіў у ЦК, але, мусіць, даказаць яму нічога не ўдалося, бо нават не даведаўшыся, чыталі аповесць усю ці толькі кавалак, вярнуўся і даў каманду зняць...
Пасля нарады ў ЦК, выступлення Мазурава... Кулакоўскі на трыбуне, яго, як хлапчука, пытаннямі збівае Шаура, паказвае выдадзены за мяжой экземпляр "Дабрасельцаў"... Хацеў жартам Кулакоўскі "отбояриться", не ўдалося...
Аповесць чыталі ўсе члены рэдкалегіі, некалькі разоў П.Броўка... Усё ж надрукавалі...
У выдавецтве Казека на пытанне, чаму не ўключылі ў план, адказаў: "Трэба пісаць не заганныя творы, тады пытацца не будзеш, уключылі ці не..."
А аповесць-то вельмі сярэдняя, часам проста нарыс... (Нядаўна чытаў запісныя кнігі А.Вішні. Здаецца, пісаў знарок іх, каб, калі трапіцца папасці ў органы, былі апраўдальныя дакументы. Я пішу не для апраўдання сябе, проста хай застаецца праўда на паперы.)
***
Іван НАВУМЕНКА. Апавяданні ("Сон", "Негры ў Мінску").
Запомнілася вельмі яскрава, можа таму, што гэта былі першыя мае дні ў "Полымі", "мядовы месяц". Я.Скрыган здорава пакрэсліў — ён быў тады загадчыкам аддзела. І.Навуменка глянуў і адразу ж да мяне (Скрыгана пазвалі да тэлефона): "Не, я не дам, каб мяне так крэслілі. Я не пачынаючы..." Я параіў: "Можа б глянулі, што там падкрэслена. Можа, і варта сёе-тое напісаць не так..." "Не, Барысе, я ведаю, што я прынёс у рэдакцыю. Я шліфую..."
Вярнуўся Я.Скрыган, селі за стол. Навуменка не даваўся, каб яго правілі. Скрыган адказваў, што правіць трэба, неабходна — асобныя фразы гучаць па-газетнаму, ёсць калькі, не беларускі сінтаксіс. "Гэта гумарок", — апраўдваўся Навуменка. "Гумарок таксама павінен гучаць па-беларуску, каб беларус смяяўся сапраўды са смешнага, а не з таго, што пісьменнік не ўмее пісаць па-беларуску..." "У нас няма адпаведных пластоў мовы, каб перадаць дакладна мову інтэлігента, вучонага..." Я.Скрыган: "Гатовага ні ў якой іншай мове не было, усё стваралі самі вучоныя, пісьменнікі... Не браць гатовае ў другіх, а трэба самім ствараць..." Абое расчырванеліся, пачалі гарачыцца, злавацца. 12 — 15 старонак апавяданняў тых, а сядзелі гадзіны 3—4. I ўсё ж Скрыган настояў, і многае выправілі.
Я зрабіў заўвагу: "Газетка пракідаецца сям-там, не варта б". "Не так многа ты, Барыс, і ў газеце той быў, каб мне такія заўвагі рабіць! Я больш за цябе прапрацаваў і ведаю, дзе што..." Але разышліся вельмі мірна, хораша. Толькі пасля пры сустрэчах Навуменка часам казаў: "Які Скрыган пісьменнік?" — і ўсміхаўся. "Стыліст добры", — апраўдваў я Скрыгана. "Што, стыліст? Пару дыялектных слоў ведае, і гэта ўжо стыліст?"