Выбрать главу

Чытачы прынялі няблага, нават А.Мальдзіс рэцэнзію хвалебную ціскануў у "ЛiMe"...

Аў выдавецтве Караткевіч здаў першы варыянт. В.Сёмуха пусціў усё. I дарэмна — нехта глянуў, нехта прачытаў — рэдсавет. Караткевіч узяўся правіць. Пакуль правіў, сустрэча інтэлігенцыі ў Крамлі. Раман яшчэ раз затрымалі. Пасля трапіў у ЦК. Там прачыталі на бюро ўрыўкі, аддалі ў Саюз — хай Саюз рашае, што рабіць з раманам: выдаваць ці не выдаваць.

Засядалі ў Броўкі ў кабінеце. Ніхто не асмеліўся ганіць раман: вельмі таленавіта напісаны. Толькі сёе-тое зняць. Караткевіч згадзіўся. Зняў. 3 выдавецтва раман трапіў на калегію міністэрства...

Прыехаў я з Кіева і дачуўся: раман не выходзіць, рассыпаны набор...

У першым варыянце загаловак быў — "Леаніды не вернуцца да зямлі". Я ўлавіў сэнс, ідэю — каб яе трохі схаваць, далі другі загаловак — "Нельга забыць".

***

Міхаіл ГАРЭЦКІ. Віленскія камунары. Раман.

Знайшоў раман І.Шутовіч. Ён і прадмову напісаў, і перадрукаваў раман на машынцы. Скрыган аддаў Пташнікаву. "Прачытай і, можа, выберы які кавалак..." Пташнікаў прачытаў — трэба друкаваць раман увесь. Скрыган усумніўся. Узяў сам дадому. Папраўдзе, раман добры, трэба друкаваць цалкам. Танк прачытаў, далі М.Лужаніну. М.Лужанін прынёс і прадмову. А.Бачыла знайшоў у прадмове непажаданае — М.Лужанін заўпарціўся: альбо бярыце так, як я напісаў, альбо ніяк не бярыце... Нашы здаліся.

Скрыган загадаў зверыць усе цытаты-эпіграфы. А як, па чым? Па кнігах 1935 года (часу напісання твора) ці пазнейшых выданнях? Дзе знайсці ўсё — адзін сказ Маркса ці Леніна, а ў іх па 60 тамоў! Я хадзіў у Інстытут марксізму, у бібліятэку, капаўся сам у кнігах. Сёе-тое знайшоў, напісаў Шушкевіч пісьмо брату Гарэцкага — той таксама памог сім-тым. Астатняе выкінулі зусім, што не праверылі. Выкінулі і яшчэ сёе-тое, што не самі, Галоўліт. Я дзяжурыў якраз: тут паказаны голад у Вільні ў першую імперыялістычную вайну. Гарэцкі дае, што ён еў — меню на дзень. Апісвае сталовую — хлеб яшчэ на сталах стаіць, еш, хоць расперажыся. Ярашэўская (работніца Галоўліта): так цяпер многія рабочыя ў нас не жывуць... А гэта ж — голад паказаны! Што могуць падумаць?..

Каб нічога не падумалі, знялі гэты кавалак, эпізод. Знялі і яшчэ сёе-тое...

Наогул — перасварыліся ўсе за гэты раман у рэдакцьй. Асабліва нерваваўся Пташнікаў — раман добры, цікавы, такіх і цяпер яшчэ "класікі" не пішуць, дык навошта валаводзіцца, трэба хутчэй друкаваць... Раман не гісторыя, калі ёсць якія "няўвязкі" — не бяда, пісьменнік мае права на выдумку. Я падтрымаў яго. 3 горам папалам надрукавалі, і ўсе ўбачылі, які вялікі пісьменнік загінуў ні за што... Цікава, на фоне тых, хто стаў ахвярай культу, як бы выглядалі многія "вядомыя" раманісты, паэты, драматургі? Каб не было такога клятага "культу", якая б была наша літаратура, мова, якая б была Беларусь? Ды нашто згадваць, як казаў адзін яўрэй, тое, чаго не будзе, чаго ўжо ніяк не вернеш.

* * *

Васіль БЫКАЎ. Здрада. Аповесць.

Аповесць была падрыхтавана да друку Я.Скрыганом (загадчыкам аддзела). Але прачытаў яе А.Рылько, панёс Я.Брылю — і забракавалі "як ідэйна не вытрыманую". В.Быкаў казаў мне пасля: Брыль пачаў цытаваць мне статут: "У цябе вось салдат кідае зброю..." А ведаеш, што ў статуце Савецкай Арміі напісана? Я ваяваў не менш Брыля, і што-што, а статут ведаю... (...)

Я стараўся — першая ж мая праца. Усё роўна знайшоў мала чаго недазволенага. Толькі моўную праўку вялікую зрабіў, апрошчваў, набліжаў да народнай мовы быкаўскія "нагрувашчванні". Нават ліст Быкаву напісаў (ці толькі збіраўся гэта зрабіць — не памятаю: вось жа — нават самае бляклае чарніла лепей за добрую памяць), што аповесць — вялікая ўдача, што нічога падобнага даўно не чытаў...

Быкаў прыехаў, папрасіў на ноч у гасцініцу аповесць (праўлены экземпляр) і многае аднавіў. Я пра гэта нікому не казаў, толькі як быў дзяжурны, выправіў сям-там "нагрувашчванні"...

***

Мікола ЛОБАН. Шэметы. Раман.

Першая кніга рамана чыталася ў рэдакцыі за год да майго прыходу і была забракавана А.Рылько і Ул.Карпавым. Я меў радасць чытаць другі варыянт кнігі — ён мне спадабаўся, за выключэннем асобных сцэн. I яшчэ: раман вельмі ж блізка пераклікаўся з "Хождением по мукам" Талстога і нечым нагадваў "Тихий Дон". Было ў ім нешта і сваё, лобанаўскае, і, дарэчы, вабнае. Зрабілі шмат моўных заўваг — дыялектызмы, газета месцамі, асобныя вобразы цьмяныя, кампазіцыя не заўсёды ўдалая.

Што мог, паправіў — і надрукавалі. (Цікава было 6 калі перачытаць тое, што мы друкуем. Чысценькае, гатовенькае. А то чытаеш рукапіс — і ўсё. А чытач чытае кнігу — і думка рэдакцыйная і чытацкая разыходзіцца, пэўна, будуць.)