Выбрать главу

Бросила в воду цветок.

Утренней Венгрии дар принимая,

Дальше понесся поток...

Насьвiстваючы песеньку свайго дзяцiнства, я шпацырую па сталiчнай набярэжнай i не магу пазбыцца ўражаньня, што апошнiм часам у Дунай - i ў Вугоршчыне, i ў Югаславii, i ў Баўгарыi, i ў Румынii, i ў "нашай" Малдове найчасьцей кiдаюць ня кветкi, але помнiкi "правадырам працоўных".

У сапраўднасьцi, прынамсi ў Вугоршчыне, было йначай - "ленiнаў" ды ягоных пасьлядоўнiкаў рознае масьцi, што наблiжалi сьветлую будучыню чалавецтва расстрэламi, арганiзаваным голадам i бязьлiтаснай эксплёатацыяй народу, цывiлiзавана дэмантавалi й прыбралi далей ад вачэй.

Непараўнана цяжэй дэмантаваць iхнюю спадчыну - лiквiдаваць плянавую эканомiку, ураўнiлаўку, адкрыць шлях прыватнай уласнасьцi ды прадпрыймальнiкам...

Наш гiд Пал кажа, што яны ўжо пачалi, а ў нас усё наперадзе.

Наш стукач Саша спрабуе выступiць у абарону сацыялiзму.

Сашу мы вылiчылi яшчэ ў першы дзень, калi ён распытваў пра золата, валюту й пра тое, цi праўда, што БНФ атрымлiвае з Iзраiля зброю.

Не да густу Сашу й гiдаў аповед пра народную рэвалюцыю 1956 году, калi, годна доўжачы баявыя традыцыi жандара Эўропы, Савецкi Саюз кiнуў супроць Будапэшту столькi ж танкаў, колькi ў 1940-м вёў на Парыж Гудэрыян. Трохi супакойвае Сашу паведамленьне, што новыя вугорскiя ўлады вырашылi прызначыць пэнсii сем'ям ня толькi палеглых паўстанцаў, але й забiтых у часе баёў вугорскiх "гэбiстаў", якiя стралялi ў братоў.

- Вот это правильно! - кажа Саша.

- Да, - пагаджаецца спадар Пал. - Все они жертвы коммунизма.

У нас вольны час, i, калi ня йсьцi на рынак, можна ўдосталь пагуляць на самоце па Пэшце.

Прыдунайскiя кварталы вельмi нагадваюць Парыж, якi мы бачылi ў францускiх фiльмах. У падземным пераходзе на вулiцы Ракацы на раскладным крэсьле сядзiць мурын. Ён пад гiтару сьпявае па-ангельску нешта мэлянхалiчнае й непрыхiльна пазiрае на белага жабрака, што ўладкаваўся на тым баку пераходу. Ля мурынавых ног абцёрханы брунатны капялюш з прыладжанай чырвона-бела-зялёнай стужачкай. Штораз, калi туды падае колькi форынтаў, iльсьняна-чорны мурынаў твар асьвятляе мацiцовая ўсьмешка.

Вылузнуўшыся зь невялiкага збою слухачоў, нейкi заджынсаваны чалавек ляпае мурына па плячы, i я чую "общепонятный язык".

- Хороший ты мужнк, да дать тебе нечего.

- А ты х...вый мужик, - амаль без акцэнту адказвае мурын. - Мог бы форинтов десять и отстегнуть.

Збой з павагаю глядзiць на белага чалавека, што ўмее па-негрыцянску.

У двухзоркавым гатэлi "Вена", што дае нам прыстанак, аповед пра мурына не выклiкае асаблiвае цiкавасьцi. У цэнтры ўвагi вылазка двух нашых спадарожнiкаў у начны бар на апршнiм паверсе гатэля, дзе высьветлiлася, што жанчына каштуе там 3 тысячы форынтаў, прычым не за ноч, а за гадзiну.

- Саша, а табе твая кантора на баб грошы выпiсвае? - цiкавiцца нехта.

Стукач Саша нядобра ўсьмiхаецца, i мне прыгадваецца чутая ад знаёмага марака гiсторыя пра тое, як яго злавiлi ў дацкiм публiчным доме. У самую адказную хвiлiну мой знаёмы пачуў за дзьвярыма: "Товарищ Горелик, вы здесь?"

Мне чамусьцi робiцца шкада й марака, i самога сябе, i мурына, што сьпявае на вулiцы Ракацы. Я ўспамiнаю, да каго той мурын падобны - да чарнаскурага студэнта Белдзяржунiвэрсытэту, якi жыў у нашым iнтэрнаце разам з двума вiетнамцамi й штодня - апоўначы й а шостай ранiцы - змушаў iх стоячы слухаць гiмн СССР.

Союз нерушимый республик свободных

Сплотила навеки великая Русь...

Як жа там, дарэчы, вырашыўся лёс Саюзу на рэфэрэндуме, якi мы мусiлi - хто вымушана, а хто й не - байкатаваць? Перад вячэраю пытаемся пра гэта ў гiда.

Пачуўшы папярэднiя вынiкi рэфэрэндуму, Саша, а зь iм яшчэ зь дзясятак саўкоў пляскаюць у ладкi. Мы - за Саюз. Мы другой такой страны не знаем...

Апошнi перад вяртаньнем вугорскi горад Эгер. Неверагодная чысьцiня й дагледжанасьць вулiц, жылых будынкаў, сярэднявечнае фартэцы й храмаў. Колькi гадоў таму ў горадзе памерла апошняя праваслаўная, але праваслаўны сабор з гэтае прычыны чамусьцi не ператварылi ў склад мiнэральных угнаеньняў, i ў гадавыя сьвяты там па-ранейшаму служыць сэрбскi архiяпiскап з Будапэшту.

На вулiцах такога гораду пачуваесься гэтаксама надзейна i ўтульна, як у сваёй хаце. Такiмi былi б нашыя Горадня цi Нясьвiж, каб не бальшавiкi ды iншыя верныя ленiнцы. Былыя эгерскiя рэзыдэнцыi iхнiх вугорскiх паплечнiкаў будынкi колiшнiх гарадзкога ды абласнога камiтэтаў кадараўскае партыi здаюцца ў арэнду, але ўжо даўнавата стаяць упусьце. Мусiць, арандатары чакаюць, пакуль ня выветрыцца стары дух.

У часе экскурсii спадар Пал прыгадвае сямiградзкага ваяводу мадзяра Сьцяпана Батуру (Штэфан Батары), што быў абраны каралём Польшчы й вялiкiм ккязем лiтоўскiм. Абсалютная большасьць маiх спадарожнiкаў чула пра пераможцу над Iванам Жахлiвым i вызвольнiка беларусаў ад маскоўскае няволi ня больш, чым пра апошняга караля iнкаў.