— Прызнання, што я нібыта сын белагвардзейскага генерала Краснова. Бо прозвішча і імя па бацьку сходзяцца. А я ж ад гэтага генерала, як неба ад зямлі. Але паспрабуй даказаць, што ты не вярблюд. У дадатак да гэтага мне сказалі, што я з’яўляюся членам нейкай падпольнай арганізацыі, якая рыхтавала контррэвалюцыйны пераварот.
— А была такая арганізацыя? — умяшаўся Карчоў.
— Я таксама хачу спытаць у вас пра гэта: была такая арганізацыя ці не?
— Адкуль жа мне, цёмнаму чалавеку, ведаць пра такія справы?
— А вось пабудзеце на допытах разы два-тры — і скажаце следчаму, што такая арганізацыя была і што вы з’яўляліся яе актыўным членам і нават баевіком.
— Не, да такога свінства я не дайду. Гаварыць пра тое, чаго не ведаю, ніхто мяне не прымусіць. Дудкі!
— Прымусяць! Прызнаецеся ў сваіх «грахах», падпішацеся пад пратаколам допыту і назавеце сваіх саўдзельнікаў ці хаўруснікаў.
— А вы што, таксама прызналіся і падпісаліся?
— Я такога глупства не зрабіў, а вы зробіце.
— Чаму вы так думаеце?
— Не ведаю чаму, але думаю і, пэўна, беспамылкова.
— Давайце закончым нікому не патрэбныя спрэчкі,— не стрымаўся Міхась. — Васіль Іванавіч, я бачу, што вы чалавек з багатым жыццёвым вопытам. Раскажыце нам што-небудзь пра сябе.
— Пра сябе расказваць нецікава. Але калі ўжо вы так просіце, некалькі слоў скажу. Нарадзіўся я ў сям’і паштовага служачага. Скончыў рэальнае вучылішча. Служыў спачатку ў царскай, а потым у Чырвонай Арміі. Удзельнік першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. Да 1927 года хадзіў у шынялі — камандаваў ротай і рыхтаваў дапрызыўнікаў. А пасля дэмабілізацыі дзесяць год працаваў ваенруком у розных тэхнікумах Ленінграда, адкуль і трапіў за краты — спачатку ваеннай турмы, а потым і «Крыжоў». Вось і ўсё. А цяпер вы расказвайце пра сябе, часу ў нас хопіць.
— Мне расказваць пра сябе няма чаго, — сказаў Міхась, — таму што пражыў на свеце вельмі мала ў параўнанні з вамі. Нарадзіўся на Магілёўшчыне, у вёсцы, у сям’і сялян. Скончыў школу, пасля чаго некаторы час працаваў на Данбасе, потым на новабудоўлях Беларусі, грузчыкам на чыгуначнай станцыі ў Мінску. Нарэшце — супрацоўнік беларускіх газет і радыё. У гэтым годзе скончыў факультэт мовы і літаратуры Ленінградскага педінстытута імя Бубнава. Рыхтаваўся быць настаўнікам, ужо і прызначэнне меў на руках, але… апынуўся вось тут, у гэтым «гатэлі». Плюс да ўсяго — малады беларускі паэт. Маю кніжку вершаў на беларускай мове «Мазалёвыя рукі», але пакуль адзіную і, пэўна, апошнюю…
— Кароткая, але цікавая біяграфія. Дарэмна вы прыбядняецеся, — заўважыў Красноў.— Толькі, калі ласка, імя Бубнава больш не ўспамінайце, яго таксама пасадзілі і, кажуць, абвінавачваюць у шпіянажы, і судзіць яго будзе ваенны трыбунал. Пра гэта я пачуў у ваеннай турме, — зазначыў Васіль Іванавіч. — А вы, Іван Пятровіч, што раскажаце нам пра сябе? — звярнуўся ён да Карчова.
— Мая біяграфія нецікавая. Я — патомны піцерскі рабочы. Бацька ўсё жыццё працаваў на тытунёвай фабрыцы, што на Васілеўскім востраве, а я — на піўзаводзе «Сценька Разін». Спачатку — памочнікам качагара, а потым, да самага арышту, — качагарам. Як і ўсе, ваяваў, абараняў савецкую радзіму. Удзельнічаў у штурме Зімняга і ў падаўленні Кранштацкага мяцяжу. Перажыў голад 1921 года. Але ўсё гэта даўно забылася. Больш пра сябе расказваць няма чаго.
— Дзякуй і за гэта, — сказаў Красноў.— Вось мы і пазнаёміліся. Я вельмі задаволены такой кампаніяй.
Васіль Іванавіч быў надзвычай тактоўны і эрудзіраваны чалавек. З ім можна было гаварыць на любую тэму.
Хутка высветлілася, што ён вельмі любіў жывую прыроду, асабліва птушак.
— Птушкі — гэта мая радасць, — гаварыў ён. — Я заўсёды любаваўся імі, пакуль не трапіў у гэтую пастку. Праўда, клетак ні з канарэйкамі, ні з папугайчыкамі я не заводзіў, бо не прызнаю такую «любоў» да птушак. Наогул я супраць усякай няволі. Птушцы, як і чалавеку, патрэбна сапраўдная свабода.
Птушкі нібы сапраўды чулі яго здалёк, бо не паспеў Красноў абжыцца ў іх у камеры, як да маленькага, з кратамі, акенца зачасцілі розныя пярнатыя, асабліва галубкі і верабейкі: ён дзяліўся з імі сваёй сціплай пайкай. Праз фортку акенца кідаў на падаконнік крошкі хлеба і аўсянай кашы. І калі гэта ўсё трапляла да яго сяброў — птушак, ён радаваўся, як дзіця. Так што яны не былі адзінокімі: ля нашага акенца заўсёды табуніліся птушкі.
Няўдзячны пастух
Праз дзень камера 889 папоўнілася яшчэ адным вязнем. Ім быў прадстаўнік калгасных палёў — пастух з Тосненскага раёна, фін па нацыянальнасці.