Выбрать главу

— Якое варварства і якое кашчунства! — абураўся Губанаў.— І гэта ў наш дваццаты, цывілізаваны век!

— Не абурайся, дружа, бо ў гісторыі некаторыя моманты паўтараюцца. Вось і гэты раз так. Толькі паўтараецца яно трохі ўскладнёна: тут адразу мы бачым і рабства перыяду праўлення Цэзара, і варварства разбуральных паходаў Ацілы. Адным словам, перапляліся паміж сабою тыранія і вандалізм, — сказаў свайму новаму сябру Міхась.

У час пагрузкі адной з барж пад’ехалі да яе на лодцы тры жанчыны са сваёй бульбай. Яны прывязлі свой тавар аж з другога берага Енісея, каб здаць у лік планавых паставак дзяржаве. Жанчыны гэтыя былі ўзбуджаныя, крыклівыя і абураныя.

— А божа наш, божачка! А што ж гэта такое робіцца на белым свеце? Мужыкоў нашых пазабіралі — каго ў турму, каго на вайну. Царкву закрылі, апаганілі, а з нас тры шкуры дзяруць, — гаварылі яны прычытаючы.

— Нічога, жанчынкі,— супакойваў іх Міхась, — гэта ўсё часова. Вось разаб’ём фашыстаў, і ўсё наладзіцца.

— Тут і свае фашысты горш за нямецкіх, — сказала другая. — Заходзяць у хату, як рабаўнікі, і крычаць: «Давай мяса, давай малако, давай бульбу, давай яйкі, давай грошы!» А дзе ж я ўсяго гэтага набяруся? Ну, няхай сабе ці агародніна якая там. Гэтага я магу даць. Малака і яек таксама. А вось дзе ўзяць мяса, калі ў мяне адзіная кароўка? Што я, нагу ў яе адсяку ці галаву адрэжу? Як вы думаеце, даражэнькія?

— А цяля, цётка, ёсць у цябе? — спытаў Губанаў.

— Цялём я выплаціла мяса за першы і другі квартал, а за трэці і чацвёрты дзе ўзяць?

— Так, цяжкае ваша становішча, — пагадзіўся Губанаў,— але ж цяпер усім цяжка.

— Усім, ды не ўсім, — не згаджалася жанчына. — Ты, таварышок, не ўсё яшчэ ведаеш. У гэтым лагеры адстаў ад жывога жыцця.

— Гэй вы, чаго стаіце і вушы развесілі? — здаля закрычаў дзесятнік, убачыўшы Аляксея і Міхася. — Жыва пад мяшкі!

— Вось тут ваша і ўся праўда! — сказала трэцяя жанчына, што дагэтуль увесь час маўчала.

Толькі трапы рыпелі ад цяжкіх крокаў Асцёрскага, Губанава і іншых зэкаў, што цягнулі на худых плячах мяшкі з бульбай, якую толькі што здалі жанчыны з другога берага Енісея.

А час, як кажуць, падпіраў. Пачалі дзьмуць вятры з поўначы, ад якіх дабра не чакай. Канечне, да зімы было яшчэ далёка, але дыханне яе адчувалася асабліва тады, калі падыдзеш бліжэй да ракі. Неяк ледзянелі ўжо рукі. Яны прасіліся ў рукавіцы. А тым часам набліжаліся да канца і пагрузачныя работы. Заставалася загрузіць апошні параход рознай гароднінай. А значыць, набліжаўся канец гэтай своеасаблівай «камандзіроўкі».

Самасуд

Калі ў асноўным пагрузачныя работы былі скончаны, грузчыкам-нявольнікам далі дзень адпачынку. Цэлы дзень яны маглі займацца, хто чым хоча, не дазвалялася толькі выходзіць з былога клуба воднікаў. Паснедалі і кожны пачаў займацца нечым сваім: хто зашываў дзіркі ў сваёй вопратцы, хто рамантаваў разбітыя боты, хто чытаў старую газету, а хто і вышукваў у сваёй бялізне няпрошаных гасцей — паразітаў. І такіх было большасць.

Міхась з Губанавым гаварылі нешта пра літаратуру, не звяртаючы ўвагі на тое, што рабілася вакол іх. Раптам пачулі брудны мат, які перапыніў іх гутарку. Яны ўбачылі непадалёку двух чалавек, якія тузалі адзін аднаго, нешта вырывалі і лаяліся брыдкімі словамі. Аказваецца, зняволеныя адымалі адзін у аднаго яшчэ зусім новы бушлат. Яны так яго цягнулі кожны да сябе, што той аж трашчаў па швах.

— Хлопцы, перастаньце дурыць, — умяшаўся Міхась і паспрабаваў быў разняць іх, але дзе там! У адказ ён пачуў нецэнзурныя словы ад маладзейшага:

— Закрый халяву, а то я сам заткну яе! — тут жа моцна рвануў бушлат да сябе. Праціўнік не ўтрымаў яго, выпусціў з рук.

— Памажыце, рабуюць! — закрычаў да ўсіх пераможаны.

На крык прыбег ахоўнік і, спытаўшы, чаго шум, прапанаваў маладому вярнуць бушлат яго ўладальніку. Той наадрэз адмовіўся, сказаў, што бушлат гэты яго, а не таго, хто прасіў паратунку. Тады ахоўнік сказаў аднаму і другому назваць прыкметы на бушлаце, пасля чаго высветлілася, што вопратка гэта належала старэйшаму.

— Аддай чужы бушлат, блатняк! — закрычаў ахоўнік і паспрабаваў сілай вырваць вопратку.

Той упарта стаяў на сваім — не выпускаў з рук здабычу.

— Бандзюга, аддай бушлат! — паўтарыў ахоўнік, зноў спрабуючы сілай вырваць з яго рук вопратку.