— Фашыст! — закрычаў малады.
На дапамогу ахоўніку прыбег другі.
— Ах так, я табе зараз пакажу фашыста! — закрычаў ахоўнік. — Разыдзіся! — загадаў ён прысутным зняволеным і ў гэты ж момант расшпіліў кабур і дастаў пісталет.
Малады зэк кінуў бушлат і спрабаваў шмыгнуць у гушчу людзей. Але ахоўнікі ўдвух схапілі яго за рукі і выцягнулі на вольную ад людзей мясціну. Імгненна прагучаў стрэл.
Малады зэк раптам упаў ніцма, быццам мёртвы, хоць куля закранула толькі яго верхняе адзенне — куртку. Ахоўнік падышоў да яго бліжэй і тут жа выпусціў у яго яшчэ тры кулі. З усіх трох адтулін на целе маладога зэка пырснула кроў, а сам ён нават не падаў і гуку, а толькі раз варухнуў рукамі — і на гэтым канец.
Сотні чалавек глядзелі на забойства і маўчалі.
Праз некалькі хвілін падаспелі яшчэ два ахоўнікі. Яны ўчатырох узялі нябожчыка за рукі і ногі і вынеслі ў асобны пакой.
Пасля гэтага здарэння доўга ў клубе воднікаў стаяла мёртвая цішыня. Ніхто ні з кім не хацеў гаварыць. Кожны маўчаў і думаў сам сабе. А пра што думаў, было вядома толькі яму аднаму.
Вось бачыш, як усё проста і хутка робіцца — як на вайне, — сказаў задуменна Аляксей да Міхася.
— Канечне, ён вінаваты, — прадоўжыў яго думку Міхась, — але ж навошта так жорстка і бязлітасна? Ёсць жа і іншыя, больш чалавечныя спосабы пакарання. А гэта проста забойства, самасуд…
Па вадзе 1500 кіламетраў
Адвячоркам Міхась разам з Губанавым сядзелі ўжо ў труме парахода «Уладзімір Маякоўскі», які трымаў курс на поўнач. Ляжаць не было дзе: параход быў набіты людзьмі, быццам бочка селядцамі. Тут было яшчэ цясней, чым у клубе воднікаў. А як вядома, дзе цесната, там і бруд, а дзе бруд, там і розныя паразіты.
Куды вязуць, ніхто не ведае. Адны гавораць — у Ігарку, другія — у Курэйку будаваць гідраэлектрастанцыю, якую ўжо тады праектавалі, трэція — на Дзіксан ці Вайгач. Але ніхто не здагадваўся, што іх высадзяць у Дудзінцы, пра якую тады яшчэ мала хто чуў.
І трэба ж было так здарыцца, што іх, двух паэтаў, у якасці зняволеных у сваім чэраве вёз «Уладзімір Маякоўскі».
— Ты падумай толькі, Міхась, — гаварыў Губанаў,— вязе паэт паэтаў-рабоў. Паэт, які заўсёды змагаўся за свабоду і справядлівасць.
— У жыцці сустраюцца розныя парадоксы, яшчэ горшыя за гэты, — адказваў яму Міхась.
— Хоць бы ведаць, дзе зараз знаходзімся, — разважаў Аляксей.
— На параходзе «Уладзімір Маякоўскі», — жартаваў Міхась.
— Я маю на ўвазе мясцовасць, — не разумеючы жарту, тлумачыў Аляксей. — Ці далёка мы ад’ехалі ад Краснаярска і Енісейска? Пэўна, ужо тундра хутка будзе. Загналі, як мышэй у сутарэнне, і любуйся цяпер мутнай вадой.
— А ты, можа, хацеў, каб нас памясцілі ў каюту першага класа і частавалі каньяком?
— Не, хачу каб усё было па-чалавечы, каб мы сядзелі не пад вадой, а над вадой. А то як вугаль ці цэмент — пагрузілі ў глухі трум, сядзі і не рыпайся. Дзе ж тут элементарная справядлівасць?
— Ну што ж, хтосьці павінен ехаць і ў труме. Ездзіў сёй-той і да нас, а цяпер прыйшла наша чарга. Пасля нас акурат вось так жа будуць плысці і так жа ў душы будуць крыўдаваць і абурацца.
— Так, ты маеш рацыю, Міхась, жыццё ёсць жыццё, — разважыў Аляксей.
А параход плыў і плыў. Людзі, нічога не робячы, пачалі стамляцца. Ніякая жывёліна ў такіх умовах не вытрымала б — аддала б канцы. А вось людзі жывуць і яшчэ могуць мысліць, разважаць.
— Грамадзянін дзяжурны, скажыце, калі ласка, дзе зараз знаходзімся? — звярнуўся да свайго «пастуха» Міхась недзе на трэція суткі.
— Прышвартаваліся да прыстані пасёлка Курэйкі,— адказаў той.
— Якой Курэйкі? Той, адкуль таварыш Сталін уцякаў?
— Той самай, — з нейкай ганарлівасцю адказаў вартавы.
— А колькі кіламетраў адсюль да Краснаярска? — ужо пытаўся Губанаў.
— Прыкладна тысяча.
— І ён адолеў гэту адлегласць у зімовы час?
— Для Іосіфа Вісарыёнавіча няма нічога такога, чаго б ён не мог адолець, — зноў ганарліва сказаў дзяжурны ахоўнік. — Дарэчы, навошта табе гэта ведаць, га? Ці не думаеш паўтарыць яго подзвіг?
— Ці ж я такі дурны, што пайду на такое глупства?
— Дык што, выходзіць — Сталін рабіў глупства?
— Я так не думаю, не трэба скажаць маю думку і мае словы.
Ахоўнік змоўк і накіраваўся да выхаду.
Параход пайшоў. Прыблізна праз суткі ён прычаліў у Ігарцы — горадзе партовым і выключна драўляным. Тут ужо тыя, хто мелі грошы, праз абслугу маглі здабыць прадуктаў і махоркі. А на аматараў дык і рыбка была.