І будаўніцтва порта, і вузкакалейкі, і самога камбіната ішло ў невыносных, нечалавечых умовах. Людзі як мухі гінулі ад голаду, ад холаду і ад цяжкай, невыноснай працы. Гінулі яны ад здзекаў, абразы і крыўды.
Міхась апынуўся ў Дудзінцы, калі ўжо першапраходцамі была пракладзена вузкакалейка і ў парту стаялі акіянскія судны побач з партальнымі кранамі. Былі ўжо пабудаваны сякія-такія баракі. Як гаворыцца, Міхась прыехаў на ўсё гатовенькае. Але ж не трэба забываць, што гэта быў толькі пачатак вялікіх забудоў у «краі маўклівасці». Наперадзе быў непачаты край работ і пакут, звязаных з імі. Ён прыбыў туды на змену тым, хто ўжо адпакутаваў сваё і злажыў крылы ў гэтай вечнай мерзлаце…
Нечаканая сустрэча
Міхася прывялі ў перасыльны барак адвячоркам, калі сталыя рабочыя ўжо вярталіся са сваіх рабочых месц «дамоў». Кожнаму з гэтых старажылаў хацелася сустрэць каго-небудзь са сваіх знаёмых. А таму яны хуценька разлічыліся са сваёй баландой, а хто яшчэ і канчаў есці на хаду, спяшаліся паглядзець на «навабранцаў». Як звычайна, для навічкоў арганізуюцца пераклічкі, пра што старажылам было добра вядома. Вось яны і чакалі такога моманту.
І вось у барак з навічкамі прыйшоў лагерны начальнік са спісам і пачаў па адным выклікаць па імені і прозвішчы. А калі супадалі і імёны, і прозвішчы, ён яшчэ дабаўляў і імя па бацьку.
Як толькі было названа прозвішча Міхася і той адгукнуўся, да яго адразу ж падскочыў невялікага росту чалавек у запэцканай фуфайцы і такіх жа штанах, падшытых гумай валёнках і пашарпанай шапцы з дзіркай на макаўцы.
— Асцёрскі Міхась! Ты гэта ці не ты? — пачаў ён.
— Не, не я, гэта цень мой, — яшчэ не пазнаючы чалавека, жартам адказаў Міхась.
— Не пазнаеш? Бачу, што не пазнаеш.
— Не пазнаю, — прызнаўся Міхась.
— Александровіч Андрэй. З Мінска, з Парнаса.
— Андрэй Іванавіч? Не веру сваім вачам.
— Хочаш — не хочаш, а прыйдзецца паверыць, — сказаў той. — Я таксама не чакаў такой сустрэчы з табой у гэтай студні. Ты ж быў у Піцеры, няўжо і там знайшлі?
— Як бачыце, знайшлі і сюды прывязлі.
— Ну, што там новага на волі?
— На якой волі, Андрэй Іванавіч? Я гэтай волі пяты год не бачу.
— Дык цябе яшчэ ў 37-м схапілі?
— Так, паспеў забыць, што такое воля.
— А мяне ў 38-м. Значыць, ты старэйшы за мяне. А таму не мне ў цябе, а табе ў мяне пытацца пра волю, — гаварыў Александровіч. — Ну, браце, расказвай, дзе быў, што бачыў.
— Вельмі доўга расказваць: усю Сібір скалясіў, пакуль дабраўся да «краю маўклівасці».
— А я, дружа, увесь час тут, у гэтай праклятай Дудзінцы. Выгружаю рачныя і марскія судны.
— Значыць, працуеце грузчыкам?
— Так, увесь час — грузчыкам. Калісьці я рэдагаваў на грамадскіх пачатках вершаваную кніжку аднаго маладога паэта «Песні грузчыкаў». А цяпер вось і сам ужо магу напісаць свае «Песні грузчыкаў».
— І я не сумняваюся, што з цягам часу вы зробіце гэта, — запэўніў яго Міхась.
— Калі дажыву, — сумна сказаў ён.
— Дажывеце, я ўпэўнены. Прафілактыку прайшлі, цяпер будзе лягчэй.
— Колькі ж годзікаў далі табе?
— Восем, — адказаў Міхась.
— А мне ўляпілі дзесяць ды яшчэ пяць паражэння ў правах.
— Вялікаму караблю — вялікае і плаванне, — жартаваў Міхась.
— Вялікіх на распыл пусцілі, такіх, як Чарот, Гартны, Галавач, Зарэцкі…
— А што, іх расстралялі?
— Кажуць, расстралялі. А нам і гэтага хопіць.
Гэта быў вядомы беларускі паэт, якога ведаў кожны чалавек у рэспубліцы. Ён быў членам урада БССР і з’яўляўся кандыдатам у члены ЦК Кампартыі Беларусі. Меў вучонае званне, быў абраны член-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР, узначальваў Інстытут мовы і літаратуры гэтай жа акадэміі, з’яўляўся намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама членам праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. Але гэта ўжо ўсё ў мінулым часе — «быў», «з’яўляўся», «меў». Цяпер ён быў партовым грузчыкам, рабом, меў месца на голых барачных нарах, атрымліваў пайку хлеба і тры разы ў дзень па чарпаку баланды і пры выпрацоўцы нормы — чарпак аўсянай ці магаравай[1] кашы. Быў апрануты і абуты ў адзенне і абутак «сто першага тэрміну» — скрозь у лапіках і дзюрках, замусолены, як помаз. А па яго ж творах у свой час вучыліся дзеці, а маладыя паэты, у тым ліку і Міхась, стараліся пераймаць яго. Адным словам, гэта была фігура!