— Як жа ўсё так здарылася? — пытаўся ён невядома ў каго.
— З такім жа пытаннем, Андрэй Іванавіч, я таксама звяртаўся і да самога сябе, і да іншых, можа, сотні разоў. Але дарэмна. Ніхто і зараз не можа адказаць, — гаварыў Міхась. — Калі і адкажа, дык толькі сама гісторыя. Ды, пэўна, толькі тады, калі нас не будзе. Вось так, даражэнькі Андрэй Іванавіч.
— А я ж у гэтага грузіна верыў, лічыў яго бацькам сваім, маліўся на яго. Удзельнічаў у напісанні вершаванага пісьма яму ад беларускага народа. А ён… аказаўся нягоднікам.
— Затое я не вельмі верыў і не заўсёды давяраў яму. Але і супраць яго ніколі нічога дрэннага не гаварыў і не рабіў. А недавер гэты прайшоў да мяне ў 1930–1933 гадах, як пачаўся прымус і голад у вёсцы. Лічыце, што вёску ён дабіў і тым самым адлучыў селяніна ад зямлі. Той, хто раней любіў зямлю, цяпер стаў яе баяцца.
— Табе гэта больш бачна, ты вырас у вёсцы, а я ж — карэнны мінчанін, а значыць, не ўсё зразумеў, што там тварылася ды і творыцца.
— Як вы думаеце, знойдуцца людзі, якія прымусяць яго прызнаць свае памылкі, у тым ліку і тое, што мы тут пакутуем невядома за што?
— Знойдуцца, браце, знойдуцца. Я веру ў сілу партыі, яна ўсё зробіць для таго, каб і на нашай вуліцы было свята!
— За што я вас хвалю, Андрэй Іванавіч, дык гэта за ваш аптымізм, за вашу жыццястойкасць, хоць вы часам і памыляецеся і на ўсё глядзіце праз ружовыя акуляры. Галоўнае тое, што вы не траціце сілы волі.
— Інакш, дружа, у нашых умовах і не выжывеш.
Так яны прагаварылі тры ночы. То Міхась хадзіў да Александровіча, то Александровіч да Міхася. Гаварылі яны больш на літаратурныя тэмы, а таксама і на тэму свайго лёсу і іх цяперашняга становішча.
— Хто цяпер застаўся з беларускіх пісьменнікаў, як ты думаеш? — спытаў Александровіч у Асцёрскага.
— Купала, Колас, Крапіва, Бядуля, Лынькоў, Броўка, Куляшоў… Я неяк слухаў радыёперадачу з Мінска, дык называлі гэтыя імёны, — сказаў Міхась, — а там, хто іх ведае.
— А няўжо Купала з Коласам уцалелі? Я ж ішоў з імі па адной справе, — задуменна гаварыў Андрэй Іванавіч. — Хоць бы ўжо гэтыя старыя ўцалелі, інакш капут будзе нашай беларускай літаратуры.
— А чулі, што і Дзям’яна Беднага пасадзілі?
— Вось гэтаму я ўжо ніяк не хачу верыць. Бо гэта ж — любімец Леніна.
— Дык Леніна зараз няма, а Сталін, кажуць, не вельмі паважаў яго за розум і прамату.
— Цікавыя, а дакладней — страшэнныя справы робяцца ў наш недарэчны час, — устрывожана гаварыў Александровіч.
Кожную ноч навылёт гаварылі яны паміж сабою, як самыя блізкія сваякі. Так шмат хто і думаў тады, калі назіраў за іх шчырай размовай.
Пасля трэцяй начной размовы Александровіча пагналі разгружаць параходы, а Асцёрскага яшчэ раз выклікалі па спісу і сказалі збірацца з рэчамі і рыхтавацца да выхаду. Ён ледзь паспеў паснедаць. Праз колькі мінут ён ужо стаяў у страі па чатыры. Хутка яны рушылі ў напрамку чыгуначнай станцыі, дзе ўжо стаялі падрыхтаваныя таварныя вагоны вузкакалейнай чыгункі. Калі ўсе вагоны былі запоўнены, цягнік крануўся і паехаў у напрамку Нарыльска. На гэтым і перапыніліся сустрэчы Міхася з Андрэем Александровічам на цэлыя дзесяцігоддзі!..
З хуткасцю чарапахі
На пачатку кастрычніка 41-га года раніцай цягнік Дудзінка — Нарыльск з пасажырамі-«камсамольцамі» «прызыву» 37–38 гадоў пачынаў свой стокіламетровы шлях. Астатнія дваццаць кіламетраў прыпадалі на сам пасёлак Нарыльск і на перагон Валёк — Нарыльск. Ішоў ён вельмі марудна, як чарапаха, з хуткасцю дзесяць кіламетраў у гадзіну.
Калі б у летні час, пасажыры любаваліся б навакольнаю прыродай, а так вось ляжы на голых нарах-палацях ці сядзі і глядзі праз акенца з кратамі на суцэльную цемень. А якраз у гэты час і пачыналася доўгая запалярная ноч, якая доўжылася больш за чатыры месяцы. На пачатку яе (з першых дзён кастрычніка) яшчэ можна было адрозніць дзень ад ночы, а потым знікала ўсякая розніца. Праўда, у кастрычніку яшчэ і снегу было малавата — столькі, колькі ў Забайкаллі ў студзені-лютым, — а пазней, пачынаючы з лістапада, яго намятае цэлыя горы. Тады карлікавыя дрэўцы з галавой хаваюцца ў яго гурбах.
Міхась першы раз у жыцці ўбачыў бяскрайнія прасторы тундры, пра якую ён ведаў да гэтага часу толькі па школьных падручніках па геаграфіі ды па газетах. І ён шкадаваў, што першая сустрэча з ёю супала з запалярнай ноччу. Ён добра ведаў, што не адзін раз яшчэ стрэнецца з ёю, але ж гэта будзе ўжо не першае ўражанне. Бо першае ўражанне, як і першае каханне, бывае самым моцным, трывалым і даўгавечным.
Пасажырам абрыдла такая марудная язда. Некаторыя з іх не вытрымалі і ўголас абураліся, толькі невядома на каго: