— Прападзі ты пропадам, такая язда! На кані і то куды хутчэй даехаў бы да месца.
— Дык дзе ж ты тут коней тых возьмеш?
— Коней няма, затое алені ёсць, сабакі,— не здаваўся сярдзіты.
— Хлопцы, вы на сённяшніх чыгуначнікаў не крыўдуйце, бо яны тут ні пры чым. Вінават той, хто будаваў гэту чыгунку, — сказаў маўклівы пасажыр. — Вінаваты праекціроўшчыкі, інжынеры, тэхнікі, майстры і тыя, хто іх падганяў,— лагерныя начальнікі.
— Адкуль табе ўсё гэта вядома? — спыталі ў яго.
— Адтуль, што я і сам будаваў гэту «магістраль».
— Значыць, і цябе трэба лаяць?
— І мяне. А што ж я, святы, ці што? Лаяць няможна толькі вялікіх дзеячаў і начальнікаў, бо яны недатыкальныя, а значыць, ніколі і нідзе не бываюць вінаватымі.
— Калі ж ты паспеў будаваць гэту дарогу, а сам толькі яшчэ едзеш разам з намі ў гэты бязлюдны край? — спыталі ў яго з процілеглага кутка.
— Калі, пытаеш? У 1935–1936 гадах, вось калі,— пачаў той свой расказ. — Скажу шчыра, што я трапляю сюды другі раз.
— За што ж цябе прывозілі сюды першы раз?
— Сам я шафёр. На машыне збіў жанчыну. Хоць яна і сама была вінаватая, але мне «за халатнасць» далі тры гады і прытарабанілі сюды. А потым «за сумленную і бездакорную працу» я меў скідку і праз два гады вярнуўся дамоў.
— А цяпер за што? — спытаў адзін з суседзяў.
— Цяпер ужо за тое, пра што і ў сне не сніў. Кажуць, што рыхтаваў замах на першага сакратара Заходне-Сібірскага абкома партыі таварыша Эйхе.
— Дык яго ж самога пасадзілі і, кажуць, кокнулі.
— Чуў я і пра гэта. Яго ўжо, у сваю чаргу, абвінавачвалі ў тым, што ён разам з Бухарыным, Рыкавым і Томскім рыхтаваў забойства Сталіна, Молатава, Варашылава, Кагановіча. Як бачыце, і тут на кожнага «забойцу» прыходзілася па адной «ахвяры».
— Якое шкодніцкае вынаходніцтва, — не стрымаўся нехта з пасажыраў-нявольнікаў.— І чаго толькі не навыдумляюць, каб як мага больш людзей загубіць ці загнаць вось у такі ляднік, у які прывезлі нас.
— Жыццё, дружа, не без трагікамедый. Так што не здзіўляйся. У сярэднія вякі нашага тысячагоддзя, кажуць, яшчэ горш было, — адказаў апавядальнік.
— Дык гэта ж было сярэднявечча, а мы жывём у дваццатым веку нашай эры — у век цывілізацыі.
— Каты, гвалтаўнікі, правакатары і прыгнятальнікі заўсёды былі, ёсць і будуць, пакуль будзем мы, паднявольнікі,— заўважыў хтосьці.
— Пры камунізме іх не будзе, — сказаў Міхась.
— Дык дачакайся ж ты гэтага камунізму…
Так ад няма чаго рабіць пасажыры-нявольнікі перамаўляліся, а паравоз тым часам, хоць і крахтаў па-старэчы, а ўжо дацягнуў састаў з новымі рабамі да станцыі Каеркан, дзе, як слупы, узвышаліся капры над вугальнымі штольнямі. У такую цемень запалярнай ночы іх цяжка было прыкмеціць, каб не электрычнае святло маленькага пасёлка.
— Вось бачыце сілуэты? — зноў загаварыў цікавы апавядальнік. — Гэта вугальныя штольні. Колькі чалавечых жыццяў яны з’елі, перш чым стаць імі — штольнямі! Вунь побач з імі тэрыкон — гэта брацкая магіла соцень, а можа, і тысяч нашага брата. Па колькасці ахвяр гэты вугальны комплекс можа саступіць толькі будаўніцтву самой чыгункі. Вы, канечне, не здагадваецеся і не ўяўляеце сабе, што мы едзем па касцях людзей, да нас падобных. Колькі шпал тут, столькі пад імі і чалавек. Людзі мерлі як мухі, а каманда «давай і давай!». Холад, голад, катаржная праца паклалі іх пад гэтыя шпалы. Як у Някрасава: «А по бокам-то всё косточки русские, сколько их, Ванечка, знаешь ли ты?» Тое ж самае было ў час будаўніцтва гэтых штольняў.
— Невясёлы твой расказ, землячок, — заўважыў хтосьці са слухачоў.
— Якое вяселле, такія і песні,— адказаў той.
Так, сапраўды «песні» былі сумныя, але праўдзівыя і шчымлівыя. Бо той, хто ехаў у вагоне, павінен быў ведаць, як будавалася гэта дарога, якую ён праклінаў за марудную язду. Ён павінен быў ведаць і тое, як здабываўся і здабываецца вугаль, які абагравае яго і дае святло, які «корміць» паравоз, каб той не стамляўся і хай сабе з хуткасцю чарапахі, але рушыў наперад. Пры гэтым кожны з слухачоў павінен быў ведаць, што цяжка не толькі яму і яго спадарожнікам, што не лягчэй было і яго папярэднікам, якія пракладвалі сюды першыя дарогі і гінулі бясследна ў лютыя маразы і дзікія завірухі. Ён павінен ведаць пра тых, хто пачынаў тут з нуля ўсё, што ён бачыць сёння сваімі вачыма.
Зона ўзмоцненага рэжыму
Толькі ў канцы другіх сутак цягнік нарэшце прыкалдыбаў на станцыю Нарыльск і зняволеных адразу ж пачалі распіхваць, каго куды, у якую зону і барак. Міхась трапіў у зону, насельнікі якой працавалі на будаўніцтве ЦЭЦ. Зона гэта, абнесеная калючым дротам, складалася з некалькіх баракаў і падсобных памяшканняў. Па вуглах яе стаялі вышкі, на якіх знаходзіліся ўзброеныя ахоўнікі. Побач з зонай — ахоўнае памяшканне і таксама будыніна для службовых сабак. Ніякіх выхадаў і заходаў у зону, апрача дазволеных начальствам, не было. Як пасля стала вядома, гэта была самая рэжымная зона з усіх тых, якія меліся ў Нарыльску. А чаму, дык не цяжка здагадацца. Самыя цяжкія работы, падчас непасільныя для чалавека, якія не кожны мог вынесці, знаходзіліся на гэтым будаўнічым аб’екце.